Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Прыплута́цца, прыплу́тацца ’прыблукацца; прыплесціся’ (Нас., Байк. і Некр.). Гл. плута́ць.

Пры́плыў ’смецце, якое вада прыбівае да берага’ (чэрв., Нар. лекс.), пры́плаўка, пры́плаўнік ’смецце, якое засталося на беразе пасля паводкі’ (ТС), пріпла́ўнік ’тое, што вада прыбівае да берагоў у час паводкі’ (жыт., Нар. словатв.), пры́плаўнік перан. ’перасяленец’ (ТС). Да прыплыва́ць. Аналагічныя назоўнікі ёсць і ў іншых славянскіх мовах, параўн. рус. приплы́в ’нешта прыбітае да берага, выгнутае вадой’, укр. припли́в ’прыліў’.

Пры́плюх, прыплю́х ’пакатая (пахілая) страха’ (Нар. сл.; лях., івац., ЛА, 4). Да прыплю́снуць, *прыплю́хнуць (гл. плю́снуць).

Прыплянта́цца ’прыстаць; прыблукаць’ (пух., Сл. ПЗБ). Гл. плёнтацца ’блытацца, цягацца’.

Прыпо́ведзь ’прымаўка’ (трак., Сл. ПЗБ). Прымаючы пад увагу націск, магчыма, з польск. przypowiedź ’тс’; аднак параўн. чэш. připoveď ’абяцанне’, серб.-харв. при̏повед ’аповесць, аповед’, славен. pripọ̑ved ’тс’, якія ўзыходзяць да *povědati ’расказаць’ (Сной₂, 578), што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *pripovědь, *pripovědъ. Гл. ве́даць.

Прыпо́й ’ільдзіна, якая прыбілася да берага’ (навагр., Сл. ПЗБ). Рус. дыял. припо́й ’лядовы прыпай’, укр. припа́й ’крыга, якая моцна прымерзла да берагоў’. Нулявы дэрыват ад прыпаяць < паяць (гл.) з чаргаваннем галосных у корані.

Прыпо́л ’ніжні пярэдні край сукенкі, кашулі’ (ТСБМ, Мік., Мядзв., Шн. 2, Нас., Байк. і Некр., Др.-Падб., Бяльк., Растарг.; чэрв., Сл. ПЗБ; ТС), перан. ’калені’ (віл., іўеў., чэрв., Сл. ПЗБ), прыпо́лле ’прыпол’ (Гарэц., Байк. і Некр.; Мат. Гом.), пры́пал ’тс’ (Сл. ПЗБ), сюды ж лексемы, якія працягваюць адзначаную семантыку: прыпо́л, прыпо́лле ’аб’ём таго, што можна пакласці ў прыпол ці фартух’ (Нас.), ’мера пры куплі-продажы’ (Інстр. 3). Рус. при́по́л ’крысо адзення; падол’, ’крысо адзення, падол, у які што-небудзь пакладзена’, припо́л ’колькасць чаго-небудзь, якая змяшчаецца ў падоле’, укр. припі́л ’полка ці крысо адзення, згорнутая такім чынам, каб у іх можна было пакласці што-небудзь’, польск. przypole ’фартух’. Ад пры‑ і пала́, гл. Першапачаткова прыпо́л, магчыма, абазначаў пярэдняе палотнішча спадніцы, калі яе рабілі з чатырох нашытых частак, накшталт панёвы; гл., напрыклад, Малчанава, Мат. культ., 140 і наст. Гэта была частка, якая знаходзілася пры по́лах і выкарыстоўвалася, калі ў яе трэба было пакласці што-небудзь; адсюль і пазнейшыя пераносныя значэнні.

Прыпо́л2 ’частка сахі, перакладная паліца’ (Др.-Падб., Гарэц.), прыпо́лак ’паліца ў сасе’ (Бяльк.; вільн., узд., Сл. ПЗБ), пріпо́лок ’тс’ (петрык., ельск., Маш., Выг.). Рус. смал. припо́лок ’невялікая паліца; палічка ў сасе для лепшага адвалу зямлі’. Утварэнне ад паліца (гл.) з адсячэннем суф. ‑іца.

Прыпо́лак ’дошка гарбыль’ (Шат.). Укр. припо́лок ’дошка-аснова каля печы, на якой ляжаць дошкі падлогі’. Параўн. апо́лак.

Прыпо́н ’вяроўка, папруга для прывязвання жывёлы’ (ТСБМ, ТС), ’канавязь’ (Байк. і Некр.), прыпуо́н ’кол ці металічны стрыжань, да якога прывязваюць жывёлін’ (беласт., Сл. ПЗБ), прыпо́н ’кароткі раменьчык на поясе, на якім вісіць нож’ (Маш.), ’забарона’ (ТС), прыпу́на ’мера стрымлівання’ (кам., Жыв. сл.). Рус. дыял. припо́н ’торба з аўсом, якую надзяваюць на храпу каня’, укр. припі́н, припо́на ’вяроўка, якой прывязваюць жывёлу на пашы’; ’перашкода’, польск. przypon ’павадок’, серб.-харв. при́пон ’доўгая вяроўка, на якую навязваюць каня для пасьбы’, балг. при́пун ’доўгая вяроўка для прывязвання снапоў або сена на возе; папруга для прывязвання жывёлы, якую падкоўваюць’. Прасл. *priponъ, аддзеяслоўнае ўтварэнне ад *pripęti з чаргаваннем галосных (БЕР, 5, 731), гл. прыпінаць, да пяць, пну. Параўн. запан (гл.). Гл. таксама Мяркулава, Этимология–1963, 16.

Прыпо́рацца ’справіцца, управіцца з гаспадаркай’ (Мат. Гом., Ян.), прыпо́равацца ’тс’ (рэч., Нар. сл.). Рус. дан. припо́раться ’прыбрацца’. Гл. по́рацца.