По́рацца, по́рыцца ’працаваць у хаце, па гаспадарцы’ (нараўл., Арх. ГУ; Сл. Брэс., Ян., ТС; брагін., Нар. словатв.), ’корпацца’ (Мат. Гом.), по́ранне ’работа на гаспадарцы’ (Ян.). Прасл. *porati sę ’знаходзіцца ў руху’, параўн. укр. по́ратися ’працаваць, гаспадарыць, прыбіраць’, польск. porać się ’клапаціцца, круціцца ў працы, рабіць старанна і доўга’, чэш. párati se ’рабіць чорную, брудную работу’, чэш. дыял. párat se ’капашыцца, працаваць павольна’. Казлова (Регионализмы, 11) выводзіць з прасл. дыял. *porati ’дзейнічаць, рабіць’, рэканструяванага на базе н.-луж. poraś ’прывесці ў рух’ (Трубачоў, Серболуж. сб., 168); параўноўваюць з рус. отпо́р ’адпор, супраціў’, порно́й ’моцны, здаровы’, што ўзыходзіць да *perti (гл. перці), гл. Шустар-Шэўц, 2, 1134. Куркіна (Этимология–1994–1996, 53) выводзіць з *porati, ітэратыў да *porti ’пароць’ з далейшым развіццём ’нешта рабіць, займацца, корпацца’, што падаецца больш верагодным. Банькоўскі (2, 703–704) польск. porać się ’працаваць па дому’ лічыць запазычаннем з усх.-слав. Гл. таксама поркацца, поркаць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)