Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пры́пахань ’здабытак’ (ТС). Да паха́ць ’разводзіць, атрымліваць’ (ТС). Сюды ж, безумоўна, ст.-бел. (зямля) на пры́паш ’зямля, якую можна дадаць да раллі, што ўжо апрацоўваецца’ (Даўгяла, Наш край, 1927, 1, 26). Рус. дыял. припа́х, при́пашь, припа́шек ’дадатковы (да надзелу) участак зямлі; прыараны да поля ўчастак цаліны’. Дэрываты ад *прыпахаць ’прыараць’ < пахаць (гл.) з рознымі суфіксамі: ‑ань (гл. аб гэтым суф. Карскі 2-3, 27), ‑ь (прыпаш).

Пры́пе́к, прі́пік, пры́пяк, пры́пык ’месца, пляцоўка перад чалеснікамі печы’; ’выступ печы або дашчаны насціл каля печы, на якім можна сядзець або ставіць што-небудзь; прымурак’ (ТСБМ, Касп., Яруш., Бяльк., Дразд., Нік. Очерки, Сл. ПЗБ, ТС, ПСл, Шушк.). Рус. смал. при́пек ’лава каля печы; прыпек’, укр. припек ’прыпек; ляжанка’. Слова ўзнікла ў выніку зваротнай дэрывацыі ад пры́печ, прыпе́чак з узнаўленнем этымалагічнага зычнага ‑к‑, магчыма, не без уплыву слова прыпёк2 (гл.).

Пры́пень ’гульня з манетамі, якімі б’юць аб сцяну’ (Ваўр.). Ад прыпя́ць ’дацягнуцца пядзяй да чужой манеты’, гл. пяць, пну.

Прыпе́таваць ’біць, калаціць да смерці’ (Нас.), пры́петка ’заклёпка’ (Ласт.). Гл. пе́таваць.

Прыпе́ўка ’частушка’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Сцяшк. МГ; швянч., Сл. ПЗБ, ТС), пры́пывка ’тс’ (драг., Сл. ПЗБ), прыпява́йка ’тс’ (Ян.), мн. л. пры́пеўні ’прыпевы’ (Пал., Растарг.); сюды ж перан. мн. л. прыпе́ўкі ’разнастайныя клопаты, выдаткі і іншыя дробязі’ (Нас.), якое разам са смал. припе́вок ’дадатковыя клопаты, выдаткі, работа’ утварае выразна акрэсленую ізаглосу. Рус. припе́вка, припе́вок ’прыпеў, прыпеўка’, польск. przypiewek ’тс’, серб.-харв. прѝпе̑вка ’прыпеўка’. Ад *прыпяваць, параўн. жыць прыпяваючы ’добра жыць, не мець праблем’. Да пець (гл.).

Пры́печ1, прі́печь, пры́печак, пры́пэчэк, пры́пэчка, прэ́пічок, прі́пачак, пры́печча, пры́пяшнік ’прыпек’, ’выемка для вуголля, попелу ў печы’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс., Янк. 1, Янк. 2, Ян., Стан., Растарг., Шат., ЛА, 4). Рус. при́печь, припе́чек, припе́чье ў аналагічных значэннях, укр. припі́чок ’прыпек; ляжанка на печы’, польск. przypiecek ’ляжанка на печы’. Прэфіксальная (пры́печ) і конфіксныя (пры́печак і пад.) дэрываты ад печ (гл.).

Пры́печ2 ’пясчаныя берагі; пляж’ (Жучк., Стан.), ’пясчаны спадзісты бераг’, ’пясчаны нанос каля берага ракі’ (Яшк.); відаць, сюды ж прыпічак ’тоня (участак вадаёма)’ (віл., Сл. ПЗБ), пры́печок ’абрыў’ (ТС), ’выступ (не абавязкова каля печы)’ (Ян.). Рус. пск. при́печь ’пясчаны бераг ракі (без расліннасці)’, ’пясчаны нанос’, волжск. ’уступ, прыпечак на дне ракі ўздоўж берага’. Этымалагічна тое ж, што і прыпеч1, першапачаткова ’абрыў, спадзісты бераг у выглядзе прыпечка’. Інакш Куркіна (Этимология–1985, 15), якая лічыць, што ў падобных утварэннях, параўн. яшчэ рус. опе́чь ’пясчаная мель у рацэ’, опе́чек ’вал пяску, каменняў, намыты вадой’, захоўваецца першапачатковае значэнне *pektь ’скала, камень’ (гл. печ, пячына), бо прымітыўная печ мела форму ачага, складзенага з каменняў.

Прыпё́к1 ’прыбаўка вагі хлеба пасля выпечкі ў параўнанні з вагой затрачанай на яго мукі’ (ТСБМ, Стан.). Рус. припёк ’тс’. Нулявы дэрыват ад дзеяслова прыпякаць < пячы (гл.), дзе пры‑ мае значэнне прыбаўлення, параўн. з адваротным значэннем рус. припека́ть ’патраціць усю муку на выпечку’, гл. Чарныш, Слов. лексика, 49.

Прыпё́к2 ’моцная спёка, гарачыня ад сонца’ (ТСБМ). Рус. припёк ’тс’, польск. przypiek, серб.-харв. при̏пека ’тс’, балг. при́пек ’месца, дзе моцна пячэ сонца’, макед. припек ’тс’, припека ’сонцапёк, гарачыня’. Гл. папярэдняе слова.

Прыпё́ка ’рэдкі тварог са смятанай’; ’тоўчаная бульба са смятанай, з маслам, з салам, з яйкамі’; ’чыстая смятана’; ’тоўчаны мак, каноплі, намазаныя тонкім слоем на сачэнь’ (Нік. Очерки), таксама прыпека́нікі ’дранікі’ (шуміл., Сл. ПЗБ). Рус. дыял. припёк, припёка ’праснак, дранік, булачка, якую выпякаюць на велікодным тыдні’; ’дробныя ячныя крупы ці мак, яйкі, якімі пасыпаюць печыва, аладкі, блінцы’. Нулявы дэрыват ад дзеяслова прыпякаць (гл. пячы) з тэматычным ‑а‑. Паводле Чарныш (Слов. лексика, 88), арэальнае руска-беларускае ўтварэнне для абазначэння розных начынак, пасылак і г. д.

Прыпё́лак ’прыпечак’ (пух., Жд. 2). Няясна. Магчыма, вынік кантамінацыі прыпечак і пяко́лак (гл.) (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.).

Прыпіва́ць ’перад тым, як выпіць чарку, жадаць здароўя суседу, які будзе піць наступным’ (астрав., Сл. ПЗБ). Укр. припива́ти ’пры частаванні чаркай крыху адпіваць з яе’, польск. przypijać ’чокацца з кім-небудзь’, чэш. připitek ’тост’. Незак. тр. да прыпі́ць < піць (гл.); магчыма, семантычнае запазычанне з польскай мовы.