Пяко́лак ’прымурак, выступ у печы’ (ТСБМ; паст., смарг., астрав., Сл. ПЗБ; в.-дзв., Шатал.; Мат. Маг.), ’пячурка ў сцяне печы’ (Бяльк.; мядз., Нар. словатв.; круп., Нар. сл.), ’прыпечак; ніша збоку прыпечка, куды зграбаюць вуголле’ (ТСБМ, лаг., трак., Сл. ПЗБ; Мат. Маг.; Ян.; Нас.: “у Магілёўскай і Віцебскай губерніях”), ’камінак’ (Сцяшк.; Нас.: “у Мінскай і Гродненскай губерніях”), пяко́лка ’гзымс, карніз зверху печы’ (Бяльк.), ’ямка для заграбання жару на прыпечку’ (Арх. Федар.). Утворана ад пе́кла разм. ’вельмі моцная гарачыня’, магчыма, пад уплывам польск. piekiełek ’запечак, месца паміж печчу і сцяной’, piekiełko ’прыпечак, прымурак перад уваходам у печ’, паводле Банькоўскага (2, 549), з першаснага *piekłek/*pkiełka, памянш. ад ст.-польск. pkieł ’пекла’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)