Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Прына́гліць ’гвалтам, нахабна прымушаць да чаго-небудзь’ (Нас.). Да на́гліць ’нахабна хлусіць; прымушаць’ (гл.), якое ад на́глы (гл.). Хутчэй за ўсё, сюды ж таксама прынагляда́ць ’прымушаць’ (шальч., Сл. ПЗБ), якое, такім чынам, трэба лічыць вынікам кантамінацыі прына́гліць з нагляда́ць.

Прына́да ’тое, чым прывабліваюць птушак, рыб, жывёл; тое, што прыцягвае, прываблівае’ (ТСБМ, Чач., Нас., Мал., Арх. Федар., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб., Шат., Бяльк., Растарг., Сцяшк.; віл., лях., маст., Сл. ПЗБ, ТС), ’настой пахучага зелля (якім крапілі вуллі)’ (віл., З нар. сл.), ’ласунак’ (ваўк., Сл. ПЗБ), пріна́да ’прынада’ (Бяльк.), пріна́дка ’невялікі вулей з кары для прываблівання пчол, які ставяць на дрэве’ (слаўг., Нар. сл.), принадэнка ’прынада’ (Булг.), ст.-бел. прына́да, прына́да пташа (Ст.-бел. лексікон). Аддзеяслоўны назоўнік ад прына́дзіць. Стараж.-рус. принада ’прыбаўленне, далучэнне’, рус. паўд., зах., смал., бранск., дан. прына́да ’тое, чым прынаджваюць розных жывёл’, дан. ’сіло (для лоўлі птушак)’, смал. прина́душка ’прынада’, укр. прина́да ’тс’. Інакш Фасмер (3, 365), які прапануе складаны шлях утварэння: прыстаўкі *при‑, *на‑ + кантынуанты і.-е. каранёў *dō‑ ці *dhē‑, што не пераконвае; гл. таксама Пятлёва, ОЛА, Исследов., 1994–1996, 207.

Прына́дзіць ’прыцягваючы ўвагу чым-небудзь (звычайна кормам), прымусіць наблізіцца (птушку, рыбу, жывёл); прыцягнуць да якой-небудзь справы’ (ТСБМ, Нас., Др.-Падб., Растарг., Шатал., ТС), прына́дыты ’прыцягнуць, завабіць’ (Клім.); сюды ж зваротнае прына́дзіцца ’пайсці на прынаду (пра птушак, рыб, жывёл)’; разм. ’прызвычаіцца быць, бываць дзе-небудзь; панадзіцца, унадзіцца’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр.; маг., Янк. 2, Ян.; пух., Сл. ПЗБ), таксама перан. прыно́дзіцца ’ўладкавацца, прыстасавацца, прыладзіцца’ (палац., Жыв. НС), ст.-бел. принажоный ’прываблены’. Верагодна, да прасл. *prinaditi (), прэфіксальнага ўтварэння ад *naditi (гл. на́дзіць). Стараж.-рус. принадити ’прыбавіць, далучыць; прыцягнуць, прывязаць’, рус. смал., бранск. прина́дить ’прынадзіць жывёлу (звычайна кормам-прынадай)’, дан. ’прывабіць, прыцягнуць да сябе ўвагу’, укр. прина́дити ’прынадзіць, прывабіць’, прина́дитися ’панадзіцца’ прина́дність ’прывабнасць; прыгажосць’, прина́дний ’спакуслівы, прывабны’, прина́дно ’спакусліва, прынадна, прывабна’. Параўн. польск. przynęcić ’тс’ (< *nǫtiti > nęta) ’прынада’, якое можна параўнаць з нуціць ракі ’прынаджваць, лавіць ракаў’ (Ласт., пад словам рак).

Прынаку́чыць ’абрыднуць’ (Некр.). Сцягнутая форма не зафіксаванага, але цалкам магчымага *прынадаку́чыць < надаку́чыць ’надаесці’ (гл.).

Прына́мсі ’ва ўсякім разе’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Байк. і Некр.), прына́мся (Др.-Падб.), пріна́мсі, прына́мсці (Бяльк.), таксама прына́мні, прына́(й)мней (Шпіл., Нас., Гарэц.), прына́мнэ ’тс’ (Булг.). Верагодна, першаснай формай з’яўляецца прына́(й)мней — вынік лексікалізацыі словазлучэння кшталту пры на́йменей. Развіццё іншых форм абумоўлена далейшымі ўнутрыслоўнымі працэсамі (у прыватнасці, прагрэсіўнай дысіміляцыяй назальнай групы ‑мн‑), выкліканымі фармальным разыходжаннем дэрыватаў. Паводле Кюнэ (Poln., 89), формы з ‑мн‑ запазычаны з польск. przynajmniej ’па меншай меры’, што як і ўкр. принаймні ’тс’, калькі ням. am mindesten (ЕСУМ, 4, 574; Банькоўскі, 2, 942–943).

Прынапу́траны ’расфранчаны, адзеты па-святочнаму’ (рагач., Нар. Гом.). Прэфіксальнае ўтварэнне да незафіксаванага *напу́траны ’напудраны’ з распадабненнем выбухной групы ‑др‑, параўн. аналагічныя ўтварэнні рус. дыял. принапу́трить ’напудрыць’, принапу́дрить ’тс’, принапу́дриться ’напудрыцца’.

Пры́ндзіцца ’надрывацца (з крыку, піску і пад.); паказваць незадаволенасць; капрызіць’ (слонім., Жыв. сл.; Нар. Гом., ТС); сюды ж экспр. пры́ндзіцца ’паміраць’ (гродз., Сл. ПЗБ; тут падаецца яшчэ ў якасці магчымай паралелі літ. pasisprénde ’выцягнуцца’, уплыў якога цалкам верагодны). Таксама сюды ж піры́ндзіць ’вельмі тонка прасці; нагаворваць на каго-небудзь’ (навагр., Жыв. НС) з эпентэтычным ‑i‑ ў гістарычным прэфіксе, які “ўзнаўляе” складовасць, і цікавым семантычным развіццём. Хутчэй за ўсё, звязана з прыну́дзіцца/прыну́дзіць (гл.) са значэннем ’занудзіцца, зажурыцца’ і пад. Размоўны перанос націску на прэфікс абумовіў рэдукцую да нуля націскнога у́, а фармальная аддаленасць асноў — семантычныя змены (параўн. ніжэй аналагічныя працэсы ў рускай і ўкраінскай мовах). Не выключаны толькі ўсходнеславянскі характар дзеясловаў, параўн. рус. дыял. пры́ндик ’сярдзіты, недаступны на выгляд чалавек’, ’надзвычай напышлівы, фанабэрыста чалавек’, пры́нтик ’тс’, укр. при́ндитися ’фанабэрыцца, важнічаць; капрызіць; трымацца малайцом; бадзёрыцца, казырыцца; сердаваць’, при́нда ’пыха, фанабэрыя; напышлівы, фанабэрыста чалавек; капрызы; капрызны чалавек’ (адносна апошняга гл. ЕСУМ, 4, 575: “няясна”). Гл. апры́ндзіцца.

Пры́нік (прі́нік) ’драўляны выступ каля печы замест ляжанкі’ (Мат. Маг.). Бяссуфікснае ўтварэнне ад прыні́кнуць ’прыціснуцца’ з пераносам націску на прэфікс і звужэннем семантыкі. Параўн. аналагічнае рус. пск. прини́ка ’прытулак, прыстанак’, а таксама семантыку дзеясловаў: гом. приника́ть ’межаваць, прылягаць’, укр. приника́ти, прини́кнуты ’шчыльна прытуляцца да каго-, чаго-небудзь’.

Прыні́ка ’чалавек, які дрэнна бачыць’ (Жд.). Як і папярэдняе, да прыні́кнуць, але са значэннем ’прыпасці’ і звужэннем семантыкі. Параўн. аналагічнае ўтварэнне (прыслоўе) у рус. арханг. прини́чиво ’пільна (углядацца і пад.)’.

Прыні́ць (прыні́ці) ’прымацоўваць паплёт паверх саломы’, пры́ні́ца, прані́ца, прыні́цы ’паплёт (у страсе паверх саломы)’ (ТС; лун., столін., ЛА, 4). Падаецца, што можна прапанаваць два шляхі ўтварэння дзеяслова. Найбольш верагодны — вытворны адсубстантыўны: ад назоўнікаў пры́ні́ца, прані́ца, прыні́цы, якія ў сваю чаргу утварыліся як размоўныя другасныя карэляты першасных пры́мі́ца, прамі́ца, параўн. асабліва прімні́ца ’паплёт (у страсе паверх саломы)’, гл. пры́міна. Другая магчымасць — семантычны перанос з адначасовым сцяжэннем ткацкага тэрміна прыні́ціць ’прывязаць кабылку ў ніце’ (брагін., Нар. сл.), прэфіксальнае да ні́ціць (гл.), у гэтым выпадку назоўнікі кшталту пры́ні́ца маюць аддзеяслоўнае паходжанне.