Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Торф ’рэшткі перагніўшых балотных раслін’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., Сл. ПЗБ), торп ’тс’ (Бяльк., Сцяшк., Сл. ПЗБ), то́рпа ’тс’ (Некр. і Байк., Сцяшк.), торх ’тс’ (віл., Сл. ПЗБ), торх, торшо́к ’тс’ (Юрч., Растарг.), тор ’тс’ (Мат. Гом.). Запазычана (з наступнай фанетычнай адаптацыяй у народнай мове) праз польскую ці рускую мовы з ням. Torf (н.-ням., в.-ням. zurba, zurf, англа-сакс., англ. turf ’дзірван’, ст.-сканд. torf ’пук’), роднасным якому з’яўляецца ст.-інд. darbhás ’пучок травы’ (Васэрцыер, 233; Фасмер, 4, 87; Чарных, 2, 253; ЕСУМ, 5, 609). Аднак Міхельсон (Рус. мысль, 671) выводзіць лексему з араб. turab ’зямля’.

Торч ’сабраныя разам няструганыя доўгія дошкі’ (Нас.). Як і ўкр. торч ’агароджа з вертыкальна прымацаваных кіёў’, торчи́на ’адна палка ў агароджы’, адносіцца да прасл. *tъr̥četi/*stъr̥četi ’вытыркацца, тырчаць’, параўн. тарчма́, то́рчма, гл. Менш верагодны зваротны дэрыват ад тарчыца ’дошка’ (гл.) з фармальным пераўтварэннем (о < а пад націскам) і набыццём значэння зборнасці.

То́рчма ’стрымгалоў, як мага’ (Нас.), ’уніз галавой’ (Шымк. Собр.), ’старчма’ (Мат. Маг.), то́ршма ’тарчма’ (Бяльк.): торшма галавою (Гарэц.), тарчмако́м ’уніз галавой’ (Нас.) — прыслоўі ад дзеяслова тарчаць, тырчаць (гл.), без ‑ма параўн.: валасы на галаве сталі торч (Сержп. Казкі). Гл. таксама тарчма, старчма, старчак.

То́ршы ’больш торны (пра дарогу)’ (Нас.) — незвычайная простая форма вышэйшай ступені прыметніка торны (гл.), утвораная пры дапамозе суф. ‑ш‑ (па тыпу прыметнікаў з суплетыўнай асновай: горшы, меншы).

То́рыць ’хадзьбой, яздой пракладваць дарогу’ (ТСБМ, Ласт.), ’ісці, накіроўвацца’ (Сцяшк. Сл.). Укр. тори́ти, торува́ти ’утоптваць, пракладваць дарогу’, рус. тори́ть ’пракладваць баразну, сцежку, дарогу частай хадзьбой’, польск. torować ’тс’, utorować ’пракласці дарогу’, чэш. валаш. tořiť, ляш. torovať se, славац. torovať ’пакідаць след пасля сябе’, харв. чак. tòriti ’загнойваць’, ’выпаражняцца (пра скаціну)’. Прасл. *toriti ’пракладваць дарогу, сцежку’, з якім Буга (Rinkt., 2, 630) звязвае ўсх.-літ. tarýti ’вымаўляць, гаварыць’, літаральна — ’церці языком’; гл. таксама Фасмер, 4, 83. Разглядаецца як ітэратыў ад *terti ’церці’, мажліва, і прасл. *tariti, гл. тары́ць (Варбат, Этимология–1970, 58).