Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ры́гер ’кроква’ (бяроз., Нар. сл.). Няясна, магчыма, праз польск. ryg звязана з ням. Riegel ’засаўка’.

Ры́глі ’вілы для гною’ (Сл. Брэс.). Ад ры́длі (гл.).

Рыда́ць ’голасна, сутаргава плакаць’ (ТСБМ), ст.-бел. рыдати, рыдание, рус. рыда́ть, укр. рида́ти, чэш. rydati, славац. rydať, серб.-харв. ри̏дати, ’стагнаць’, балг. рида́я, ст.-слав. рыдати. Чаргаваннем галосных звязана са ст.-чэш. ruditi ’засмучаць, азмрочваць’, в.-луж. wurudzić, zrudzič ’пакрыўдзіць’, zrudny ’сумны’, н.-луж. zruźiś ’засмучаць, азмрочваць’. Прасл. *rydati ’стагнаць’, ’крычаць’, ’плакаць’, ’лямантаваць’, корань *ryd (ад *ruditi, дзе u > ў). Корань *ru‑ знаходзім у *rukati (> бел. ры́каць). Далей звязана з прасл. *revati (> бел. раўсці). Ва ўсіх трох выпадках гаворка ідзе аб і.-е. гукапераймальным корані *reu: *ru, які пашыраны фармантам ‑d‑ у *rydati, у іншых выпадках ‑qo‑ (*rykati), або без фармантаў у *rjuti, *ruti (Покарны, 1, 867; Махэк₂, 526; Скок, 3, 138; БЕР, 6, 251; Чарных, 2, 130). Роднаснае да літ. raudà ’плач, аплакванне’, raudóti ’плакаць, наракаць’, лат. raûda ’стогы, плач’, raûdât ’плакаць’ (Фасмер, 3, 526–527 з літ-рай). Прасл. *rydati ’плакаць’ не трэба блытаць з аманімічным *rytati ’чырванець’, які ўзыходзіць да і.-е. *reudh‑ ’чырвоны’ (Горячева, Этимология 1971, 206–207).

Ры́даць ’пра пачатак дзеяння’: авёс тут і ня рыдаў расьці (Шат.). Ужываецца толькі з адмоўем. Можна супастаўляць са славац. дыял. rydať sa, серб.-харв. ridati ’рухаць’, ’цягнуць, падымаць’, балг. ри́да се ’разблытвацца, распаўзацца’ і лічыць працягам прасл. *ridati ’рухацца’, роднаснага да лат. raidit ’гнаць’, raiditiês ’варушыцца’, ням. reiten ’ездзіць верхам’, герм. *ridan (і.-е. *reidh: *ridh ’рухацца’) (Махэк₁, 430; БЕР, 6, 250–251). Сюды ж можна дадаць яшчэ і славац. ’рухацца, непакоіцца’. Сюды, ж, магчыма, адносіцца і серб.-харв. ridati ’рухаць, цягнуць, падсоўваць’, ridati se ’рухацца’. Скок лічыць слова няясным (Скок, 2, 138). Фіксуецца балгарскі прыметнік риды́й: рида вода, поройна вода ’бурная, ліўневая вада’. Падаецца магчымым мяркаваць сувязь гэтага прыметніка з прасл. *ridati ’рухацца’. Аднак балг. риды́й указвае на зыходнае і.-е. *erei‑, reiə, ri ’цячы’, параўн. прасл. *izroj; ст.-слав. выринѫти, ринѫтисѧ. Гэта супярэчнасць магла б быць ліквідавана, калі прыняць пад увагу пункт гледжання Вальдэ, які лічыў, што і.-е. *reidh ’ехаць’, ’быць у руху’ з’яўляецца, магчыма, расшырэннем і.-е. *erei‑, *eroi, параўн. польск. rzewnić ’рабіць рухомым’, якое ўзыходзіць да гэтай і.-е. праформы (Покарны, 1, 330–331; Горячева, Этимология–19861987, 157).

Рыдва́н ’вялікая дарожная карэта’ (ТСБМ), ’дужы чалавек’ (Сцяц., Сцяшк. Сл.), ридва́нъ, ридва́нчикъ ’адкрытая лёгкая каляска’ (Нас.), ст.-бел. рыдванъ ’крыты воз’ (1582), рус. дыял. рыдва́н ’воз для снапоў’, ’калымага’, укр. ридв́ан. Слова прыйшло праз польскую мову, параўн. польск. rydwan ’карэта’, ’воз, калёсы’, з с.-в.-ням. reitwagen, нова-в.-ням. Reitwagen ’калёсы, воз’ (Булыка, Запаз., 290; Фасмер, 3, 527; Брукнер, 471).

Ры́дзель, рыдзіль, рыдзяль ’драўляная лапата, акутая металам’ (слонім, віл., шуміл., брасл., докш., Сл. ПЗБ; вілейск., маладз., шчуч., ЛА, 2), ’здаровы, крэпкі чалавек’ (віл., брасл., Сл. ПЗБ), ры́даль, ры́дзель ’рыдлёўка’ (Сцяшк.; маладз., Янк. Мат.; Цых., ТС; маст., ЛА 2; Выг.), ры́дель, ры́дэль ’рыдлёўка’ (Сл. Брэс.; бяроз., кобр., ЛА 2), рыдзе́ль ’рыдлёўка (акц.)’, ры́длі ’рыдлёўка’ (ашм., ЛА 2), ст.-бел. рыдель: рыдель купили до резаня дерну (1685), рыдль ’жалезная лапата’ (1507). Запазычана са ст.-польск. rydl, rydel ’лапата’ (Булыка, Запаз., 290), якое ў сваю чаргу лічыцца ўтварэннем ад рыць (польск. ryć) ’капаць’ (Брукнер, 471). Што да значэння ’здаровы, крэпкі чалавек’, то тут адбылася метафарызацыя на аснове пераносу назвы прадмета на чалавека паводле пэўнай унутранай уласцівасці.

Ры́дка ’мурашка’ (калінк.). Няясна. Магчыма, ад рыць (гл.), паколькі мурашкі капошацца, “рыюцца” ў зямлі, або, калі прыняць, што ў аснову намінацыі быў пакладзены колер, ад руды > *рыды > рыдка.

Рыдлёўка, рыдля́ўка ’лапата’ (ТСБМ, ТС, Сцяшк.; смарг., лід., маст., вільн., нараўл., шчуч., дзятл., Сл. ПЗБ; Бяльк., Сцяц.), ’заступ’ (Гарэц.), рыдлёўнік ’дзяржанне ў лапаце’ (паст., Сл. ПЗБ), ры́для ’рыдлёўка’ (Сл. Гродз.). Сюды ж рыллёўка ’лапата’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Ад рыць, ры́ла (гл.).

Ры́длі ’вілы з двума рагамі для гною’ (Сл. Гродз.). Да папярэдняга слова.

Ры́для ’драўляны каркас (дыяганальна перакрыжаваныя бярвенні) у цаглянай сцяне’ (брэсц., Нар. сл.). Гэта лексема этымалагічна звязваецца з ням. Riegelbau ’фахверк’, якой даўней, у XV–XVII стст., на Беларусі называлі “прускі мур” (Лучыц-Федарэц, Бел. лінг., 17, 65–66).

Рыдлява́ць ’счышчаць бруд з паверхні чаго-небудзь’ (глыб., Сл. ПЗБ), рыдлава́ць ’капаць зямлю рыдлёўкай’ (Сл. Гродз.). Да рыдлёўка (гл.).