Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Прыблу́да, прыблу́д, прыблу́дак ’чужы, нетутэйшы чалавек; прыблудная жывёліна’ (Нас., Ласт., Растарг., ТСБМ; брасл., мін., Сл. ПЗБ; ТС), прыблу́днік ’той, хто далучыўся да каго-небудзь, прыстаў, прыблудзіўся да якога-небудзь месца’ (ТСБМ), прыблу́дыш ’беспрытульны, немаведама чый’ (Бяльк.). Назоўнікі, утвораныя ад дзеяслова прыблудзіць (‑цца) < блудзіць (гл).

Прыблюсці́ (пріблю́сьць) ’ашчадзіць, захаваць на будучы час’ (Бяльк.). Да блюсці́, блюсьць ’берагчы’ (гл.), параўн. у суседніх гаворках рус. смал., наўг. приблюда́ть, приблю́сти ’захоўваць, зберагаць, прыхоўваць’.

Прыбо́ец ’шомпал’ (Ласт.). Улічыўшы адзінкавасць фіксацыі, вельмі верагодна аўтарскае ўтварэнне ад дзеяслова прыбі́ць ’утрамбаваць’, гл. біць.

Прыбо́іна ’папярочная жэрдка ў плоце’ (петрык., Шатал.), толькі мн. л. прыбо́і ’папярочныя перакладзіны ў кроснах’ (Сл. ПЗБ). Да прыбі́ць, біць (гл.).

Прыбо́й ’прабой (у дзвярах)’ (паст., Сл. ПЗБ), прыбо́ј, прыбо́јник ’металічная дужка, убітая ў дзверы, якая служыць для навешвання замка’ (Шушк.), прыбуой ’тое, на чым вешаюць замок’ (беласт., Ніва, 1979, 30 вер.). Да прабой (гл.), але, як і тут, цалкам верагодны ўплыў семантыкі дзеяслова прыбі́ць ’прымацаваць’, да біць (гл.); аналагічнае рус. дыял. прибо́й ’дзвярны запор, засаўка’, укр. при́бо́й, прибо́єц ’прабой’, параўн. балг. дыял. прибо̀й ’калок для прывязвання жывёлы’.

Прыбо́ліць ’прыбавіць’ (Нас., Байк. і Некр.), прыбо́ліць ’павялічыцца’ (астрав., Сл. ПЗБ). Прыставачна-суфіксальнае ўтварэнне ад бо́лей, гл. бо́льшы, параўн. рус. смал. прибо́леть ’колькасна павялічыцца’.

Прыбо́р1 ’камплект, набор прадметаў для карыстання; прыстасаванне, апарат’ (Нас., Ласт., ТСБМ), ’вупраж’ (Сл. ПЗБ), ’ткацкая прылада’ (Сл. Брэс.). Запазычана з рус. прибо́р — аддзеяслоўнага назоўніка ад прибира́ть з рэалізацыяй гістарычнага чаргавання и/о ў корані. Гл. браць.

Прыбо́р2, прыбо́ры ’ўбор, убранне; адзенне; форма’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Др.-Падб., Яруш., Касп., Растарг., Жд.; в.-дзв., бярэз., Сл. ПЗБ; Ян., Нар. Гом.), прыбо́ры ’прыбраны, адзенне’, прібо́ры ’прыборы, уборы’ (Бяльк.). Сюды ж прыбо́р ’зборы ў дарогу; падрыхтоўка да падарожжа’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб.). Да прыбіра́ць, браць (гл.). Параўн. рус. паўдн. прибо́р ’адзенне, убор, убранне; набор прыгожых рэчаў’, ’галаўны ўбор’, ’аздабленне на адзенні ці на галаве’, укр. прибі́р ’адзенне, убор; апрананне, прыбіранне; узорная вышыўка каляровымі ніткамі па лацкане кажушка’.

*Прыбо́ркаць, прыбо́ркаты ’прыручыць (пра хатнюю жывёлу)’ (кобр., Нар. лекс.). Да незафіксаванага о́ркаць ’падрэзваць крылы (хатняй) птушцы’, параўн. укр. бо́ркаты ’тс’, якія працягваюць прасл. *bъrkati (se), дзеясл. на ‑ati ад асновы гукапераймальнага паходжання з надзвычай разнастайнай семантычнай разгалінаванасцю ў слав. мовах (гл. ЭССЯ, 3, 125–127). У значэнні ’прыручыць; прыстасаваць’, відаць, усходнеславянскае, параўн. рус. разан. приборка́ться, приборкну́ться, прибурка́ться ’прыстасавацца, прызвычаіцца да нечага’, укр. прибо́ркати, прибо́ркувати ’падрэзаць крылы птушцы; прыбіраць, прыбраць да рук; уціхамірыць, скарыць, падпарадкаваць’, што суадносяцца з буркова́ць, боркова́ць, бу́ркаць ’назначаць, памячаць’, бурко́ваны ’падрэзаны (пра пер’е на крылах), надрэзаны (пра перапонкі на лапах)’ (ТС).

*Прыбо́рніца, прыбы́рныця ’прыбіральшчыца’ (Клім.). Да прыбіра́ць, браць (гл.). Параўн. укр. прибірни́ця ’тая, якая прыбірае’, рус. дыял. прибо́рно ’чыста; прыбрана’.

*Прыбро́дка, прыбрю́тка ’прыблудная жанчына (прыйшла з другога сяла)’ (Сіг.). Сюды ж, відаць, зафіксаванае Ластоўскім прыбрэдка з рэканструяваным, магчыма, пераносным значэннем ’падхалім, падхалімка’ (Ласт.). Да прыбрысці́, брысці (гл.), параўн. наброд (гл.).