Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Ку́блык ’від жаночай прычоскі’. Магчыма, ад клуб ’скрутак’ пад другасным уплывам кубло 1 (гл.).

Кубра́к 1 ’чалавек, які просіць міластыню на царкоўныя патрэбы’ (Нас., Нар. сл.). Укр. кубрак ’тс’, польск. kubrak ’тс’. Да кубрак 2, не выключана кантамінацыя з жабрак (гл.).

Кубра́к 2 ’мужчынскае суконнае верхняе адзенне (кароткае, вышэй калена)’ (Нар. сл., З нар. сл.). Польск. kubrak ’куртка, халат з простага сукна’. Калі лічыць, што кубрак узыходзіць да *кубур‑ак, можна меркаваць аб запазычанні з тур. kubur ’пакрывала, футляр’. На карысць гэтай гіпотэзы сведчаць такія турцызмы, як рум. cubur ’род адзення’ і інш. (Слаўскі, 3, 299).

Ку́брык ’жыллёвае памяшканне на караблі для каманды’ (ТСБМ). Запазычанне праз рус. кубрик з гал. koebrug ’ніжняя палуба’ (Фасмер, 2, 396–397).

Кубырко́м ’кулём’ (ТС). Да рус. кувырком ’тс’.