Бо́льшы, больш, бале́й. Прасл. *bolьjь (м. р.), *botьši (ж. р.), *bolʼe (н. р.) роднаснае ст.-інд. bálīyan ’мацнейшы’, bálam ’сіла’, лац. dē‑bilis ’слабы’ і г. д. Падрабязна гл. Фасмер, 1, 191. Адсюль узнікае самастойны ўсх.-слав. прыметнік са значэннем ’вялікі’; бел. бальшы́, рус. большо́й (гл. Шанскі, 1, Б, 160). Ад гэтага апошняга ўтворана лексема бел. бальша́к (БРС, Сцяшк. МГ, Касп.), рус. больша́к ’дарога’ (спачатку ’вялікая дарога’).
Бом ’глыбокая яма’. Гл. бон.
Бо́ма 1 ’рычаг’ (БРС), ’доўгая жэрдка з тоўстым канцом пры плытах’ (Сцяшк. МГ, Янк. Мат., Бір. Дзярж.). Рус. дыял. (у Літве) бо́мка ’тс’. Параўн. рус. бом ’шлагбаум’, запазычанае з гал. boom ’брус, бэлька’ (Фасмер, 1, 191; Шанскі, 1, Б, 161). Але, магчыма, што бел. слова запазычана з той жа крыніцы, што і літ. búomas. ’рычаг’: з усх.-пруск. bōm ’тс’ (а лат. buõmis ’рычаг’ і г. д. — з с.-н.-ням. bom). Да балт. форм гл. Фрэнкель, 64–65.
Бо́ма 2 ’званочак’. Новае ўтварэнне з бо́мка ’тс’ (гл.), якое, мабыць, успрымалася як памяншальная форма. Гл. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 65.
Бо́мба. Рус. бо́мба, укр. бо́мба. Запазычанне, магчыма, праз польск. bomba або ням. Bombe з італ. bomba, франц. bombe ’тс’ (усё да лац. bombus; першапачатковае значэнне снарад, які гудзе’). Гл. Фасмер, 1, 191; Шанскі, 1, Б, 161; Клюге, 90–91; Вельмі падрабязна (з літ-рай) MESz, 1, 336–337.
Бомк ’насякомае’ (Бесар.). Укр. бомок ’тс’. Запазычанне з польск. bąk (ад гукапераймальнага bąkać, гл. Слаўскі, 1, 29).
Бо́мка ’званочак’. Утварэнне ад дзеяслова бо́мкаць (гл.). Ад бо́мка далей утвараецца новае слова бо́ма ’тс’ (гл.).
Бо́мкаць ’звінець, бразгаць’. Рус. бо́мкаць ’званіць’, укр. бо́мкати. Дзеяслоў, які ўтварыўся на базе выклічніка гукапераймальнага характару бом! (ад такіх выклічнікаў звычайна дзеясловы ўтвараюцца суфіксам ‑к‑). Адсюль вытворнае бо́мка і далей бо́ма ’званочак’ (гл.). Пераносна бо́мкаць ’мармытаць’ (Сцяц., Шат.).
Бон, бом ’выгаралая глыбокая яма ў тарфяным балоце, якая запоўнена вадой, глыбокая яма ў рацэ’ (усх.-палес.; Талстой, Геогр., 202). Талстой (там жа) параўноўвае з укр. (закарп.) бо́ня, бо́нище ’глыбокая яма ў балоце, запоўненая вадой’, укр. (бойк.) бо́ня ’стаячая вада’, кашуб. bonawa, bonawka ’дзёран, трава’, н.-луж. bon, bonk ’вільготны, мокры дзёран; луг, паляна’. Усё гэта, быццам, старое запазычанне з герм. (ням. Bonn ’мокрая лугавая трава’). Але зыходзячы з таго, што бон — гэта і ’месца, дзе рыбакі выцягваюць з вады сетку’ (Яшкін), магчыма, лепш лічыць, што бон, бом як тэрмін рэльефу звязаны з такімі словамі, як рус. бом, бон ’плавучы насціл у гавані’ < герм. (аб гэтых словах гл. Фасмер, 1, 191, 192).
Бо́нда 1 ’бочка’ (Касп., Нас., Гарэц., Др.-Падб.). Наўрад ці ёсць нейкая сувязь з бо́нда 2 (гл.). Хутчэй таго ж паходжання, што і бо́ндар, бо́дня (гл.), бо́нда, мабыць, з бо́дня. Гл. Краўчук, БЛ, 1975 (7), 65.
Бо́нда 2 ’бохан хлеба; круг каўбасы; булка, печаны хлеб; скаціна; скавароднік, перапечак; пасаг; закваска ў дзяжы і г. д.’ (шмат значэнняў, гл. Нас., Чач., Бяльк., Гарэц., Др.-Падб., Інстр. II, Сцяшк., Сцяшк. МГ, Сцяц., Некр.). Падрабязна гл. Крывіч, 1923, 3, 51–52. Укр. бо́нда, польск. bonda. Запазычанне з літ. bandà (таксама шмат значэнняў). Гл. Урбуціс, Baltistica, V (1), 1969, 50–51. Падрабязна Непакупны, Мовознавство, 1969, (3); Сцяц., Нар., 22. У ст.-бел. мове бонда засведчана з XV ст. (Булыка, Запазыч.).
Бо́ндар. Рус. бо́ндарь, укр. бо́ндар, бо́днар, польск. bednarz, чэш. bednář. Утварэнне ад *bъdnʼa, *bъdьnь ’бочка’ (< герм. моў), усх.-слав. бо́дня. Першапачаткова боднарь. Праабражэнскі, 1, 36; Фасмер, 1, 192 (там і іншыя, менш пераканаўчыя версіі). Гл. яшчэ Шанскі, 1, Б, 163.