Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Жураві́на, журавіны ’ягада Oxycoccus’ (ТСБМ), жураўлі́ны (Сл. паўн.-зах.; гродз., Нар. лекс., 42, 158), журахлэны (камян., Бел. мова і літ. у ВНУ, 1971, с. 203). Рус. дыял. журави́на, журави́ны, журави́ка, журавли́на, укр. журави́на, журавли́на, польск. żurawina, żurachwina, памор. žuraina, žurainə ’тс’, н.-луж. žorawina, žorawa ’журавіна’. Ст.-рус. журавина ’тс’. Лат. dzērvene ’журавіны’. Параўн. англ. cran berry ’тс’, ням. дыял. Kronsbeere, Kranzbeere (пры англ. crane, ням. Kranich ’журавель’). Янкоўскі (Бел. мова₃, 230–231) тлумачыць журавіны як ягады на імшыстых балотах, дзе вадзіліся журавы, жураўліныя ягады, з чым трэба згадзіцца. Фасмер, 2, 67; Брукнер, 666. Слова мае паўн.-слав. характар. Памор. знач. žuraina ’шчаўе’ ўказвае на разуменне слова ў сувязі са смакам і са словам žur ’жур’ і ’шчаўе’. Параўн. яшчэ чэш. žíravina (< žuravina) ’едкі матэрыял’. Аб невыключанасці такой версіі гл. Супрун, Бюлетин за съпост. изследване…, 1976, 5, 78–79.

Журало́ ’ручай’ (Гом., Янк. I). Гл. жарало́.

Жура́ўка1 ’калодка з адтулінай (дзіркай) у верхнім камені жорнаў, у якую ўстаўляецца млён’ (Сл. паўн.-зах.; свісл., Шатал.), ’выемка ў ткацкім станку, куды закладаецца навой’ (петрык., Шатал.). Рус. пск. журавка, журавль ’рукаятка руля, румпель’. Магчыма, перанос назвы птушкі, вядомы для намінацыі прылад у рус. дыялектах: кур. жураве́ль ’дэталь прасніцы — драўляная дошчачка’, ленінгр. жура́в ’верацяно’. Тут, аднак, акцэнтуецца наяўнасць адтуліны, дзіркі, выемкі, што збліжае з назвамі самаробных цацак, зробленых з косці з дзіркай: жужулачкі, журжа1, у той час як перанос назвы журавель хутчэй на доўгі, высокі прадмет. Можа, перанос паводле функцыі часткі прылады для калодзежа, але гэта менш верагодна. Няясна.

Жура́ўка2 ’дзіцячая гульня’ (Бяльк.). Рус. смал. жура́вль ’абрадавая гульня для сустрэчы жураўлёў’, укр. жураве́ль ’від танца’, польск. дыял. żóraw ’гульня’ (Карловіч). У бел. для назвы гульні выкарыстоўваецца форма ж. р. назвы птушкі. Цікава, што і ў балтыйцаў назва жураўля выкарыстоўваецца як назва гульні (Мюленбах-Эндзелін, 1, 548; LKŽ, 3, 272), а ў балт. мовах назва птушкі ж. р.

Жу́раць ’прыгараць, абвуглівацца’ (Шат.), журэ́ць ’тлець, слаба гарэць’ (Сл. паўн.-зах.). Чэш. žírati ’распальвацца’, žířeti, žířiti ’напальвацца, гарэць’, балг. жу̀равам, жу̀рна ’моцна запякаць’, дыял. журя ’пячы, жарыць, парыць’, журѐя вянуць, сохнуць’, жу̀ре ’моцна паліць’. БЕР (1, 561) этымалагізуе журя без уліку іншаслав. паралелей як кантамінацыю жа̀ря і горя̀. Махэк₂ (722) тлумачыць žířeti як форму з чаргаваннем галоснага да žár. Супрун (Бюлетин за съпоставително изследване на български език с други езици, 1976, 5, 74–76) звязвае жураць з укр. жевріти ’тлець, слаба гарэць’, якое Бузук (Записки іст.-філол. відділу ВУАН, 7–8, 1929) тлумачыў як перастаноўку з *жеравіти (параўн. ст.-слав. жеравиѥ ’вуголле’), а Ільінскі (там жа, 21–22, 1930–1931) звязваў з і.-е. *gʼeu̯er‑ ’палаць’. Па фанетычных прычынах апошняе дало б з‑, а не ж-. Для прасл. žur‑ ’тлець’ і.-е. адпаведнік можа быць толькі *geur‑. У Покарнага (1, 399) ёсць корань *g(e)u‑lo‑ ’жар; тлеючае вуголле’, адкуль герм. словы для вуголля (ням. Kohle, англ. coal), ірл. gúal ’вугаль’. Паводле Покарнага, арм. krak ’агонь, тлеючае вуголле’ адлюстроўвае суфікс ‑r‑ замест ‑l‑ (пра функцыянальную адпаведнасць l — r Бенвяніст, Индоевр., 65) : *geu‑r‑ ’жар’ (гл. іншыя супастаўленні, Ачаран, 2, 678). Да гэтага *geur‑ узыходзіць і слав. žur‑, прадстаўленае ў жураць. Гл. жуляць, журыцца, жэўрэць.

Журба́1 ’смутак’. Рус. дыял. паўд., дан., сарат., амур. журба́ ’смутак, клопат’, укр., журба́, жур, жура́ ’смутак’, славен. žûrba ’паспешнасць, руплівасць’, серб.-харв. жу̀рба ’паспешнасць’. Ст.-рус. журба ’дакаранне’ (у Бярынды, 1627). Утворана з суфіксам ‑ьba ад дзеяслова журыць, журыцца (гл.), відаць, яшчэ ў ст.-рус. мове, паколькі ў паўд.-слав. слоў іншыя значэнні.

Журба́2 ’гнаявая жыжка’ (Сл. паўн.-зах.). Кантамінацыя жур, журка (гл.) з жабурынне (гл.), жабура.

Жу́ржа1 ’дзіцячая цацка: косць з парасячай ці авечай нагі, у якой пракручваецца дзірка, у дзірку зацягваецца нітка. Нітку накручваюць і расцягваюць; расцягваючыся, нітка раскручваецца і прыводзіць у рух костачку. Костачка круціцца і вурчыць, «журжыць»’ (Бяльк.). Параўн. рус. раст. журже́лка ’дзіцячая цацка з косці’, ’бабка для гульні’. Параўн. жужу́лачкі ’цацкі з касцей’, жураўка ’калодка з дзіркай у прыладах’. Тлумачэнне рэаліі вядзе да сувязі з дзеясловам *журжаць (параўн. рус. варонеж., кур. журжать ’гусці’), але ці не народная гэта этымалогія, асабліва калі ўлічыць словы жураўка, жужулачкі? Ці няма тут адлюстравання і.-е. *geu‑ ’згінаць, скручваць’ з пашырэннем ‑r‑ (Покарны, 1, 393–397)? Параўн. літ. gauras, лат. gauri ’валасы на целе’, літ. ’ільняное валакно’, с.-іран. gūaire ’кучары’, нарв. kaure ’тс’. Няясна. Гл. яшчэ жу́ржа2.

Жу́ржа2 ’распусніца’ (Бяльк.), ’непаседлівая жанчына’ (Юрч., Нар. вытв. сл.). Рус. валаг., перм., сарат. журжа ’распусніца, каханка’, без месца ’буркун’, калуж. журжавый ’бурклівы’. Значэнне ’непаседлівасці’, а таксама пашыранасць там жа, дзе журжа1 ’цацка, што круціцца’, вядзе да сцвярджэння аб сувязі гэтых амонімаў паводле «паводзін». Аднак рус. значэнне ’бурклівы’ вядзе да магчымай сувязі з «гукавым» бокам цацкі, а пашырэнне на далёкіх рус. арэалах, дзе не зафіксавана адпаведная цацка, дазваляе нават меркаваць аб самастойным развіцці там слова журжа на базе дзеяслова тыпу журить з экспрэсіўным падваеннем зычнай: *журжить ’бурчаць’, а магчыма, і ’многа гаварыць’. Параўн. кубан. журба ’журлівы чалавек’. Калі ж журжа2 — агульнае ўсх.-слав. слова, сувязь з журжа1, відаць, другасная, а першаснае значэнне журжа2, магчыма, ’каханка’ (’тая, пра якую журбота, клопат, туга’), адкуль ’распусніца’. Фіналь ‑жа можна разглядаць і як суфікс (параўн. любжа ’зёлкі для любві’, Гарэц.; Сцяцко, Афікс. наз., 79).

Жу́рка ’пэўныя гатункі негустой стравы’ (Сл. паўн.-зах., Шатал.), ’гнаявая жыжка’ (Сл. паўн.-зах.). Памянш. ад жура, жур. Для другога значэння параўн. чэш. žur ’гразь у вадаёме, асадак’ (Малько, Географическая терминология чешского и словацкого языков, 1974, с. 94).

Журма́н ’хітрун’ (Сл. паўн.-зах.). Фіналь ‑ман фіксуецца яшчэ ў некаторых бел. прастамоўных і дыялектных словах: брэ́хман, ’брахун’, чу́хман ’хто чухаецца’, лысма́н ’лысы’, глушма́н ’глухі’, рыжма́н рыжы’, рэчма́н ’плытагон’ (Сцяцко, Афікс. наз., 54, 116, 160). Першы кампанент, магчыма, жур‑ (гл. журба1) прадстаўлены і ў такіх значэннях, як журлівы ’сумны’ і ’сварлівы’, журыць ’дакараць’. Не выключана і ўспрыняцце хітрай, не сапраўднай журбы ў таго, каго называюць журманам. Але найбольш верагодна сувязь з рус. калуж. журава́ть ’гуляць, гарэзаваць (пра хлопца з дзяўчынай)’, фанетычным варыянтам рус. дыял. жировать ’тс’ (параўн. жыр, жыраваць1; дзеяслоў фіксуецца ў Сл. паўн.-зах. у варыянце журува́ць, хоць і ў агульным значэнні ’харчавацца’), журавли́вый ’такі, што любіць пагуляць з дзяўчатамі’, жураво́й ’законнанароджаны’.

Журна́л ’кніга запісаў’, у пачатку XX ст. таксама ’часопіс’ (Гіст. лекс., 264). Рус. журна́л першапачаткова (пачатак XVIII ст.) ’дзённік, кніга дзённых запісаў’, потым (сярэдзіна XVIII ст.) ’літаратурнае выданне’ (Біржакова, Очерки, 167). Франц. journal ’дзённы запіс’, з XVII ст. ’выданне’, Блох-Вартбург, 347). Слова пашыралася ў большасці еўрап., у тым ліку слав. моў. У бел. з рус.

Журча́ць, журчэць ’цурчаць’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. журча́ть, укр. журча́ти (параўн. дзюрча́ти ’тс’), в.-луж. žurčeć ’тс’, славац. žurčať ’тс’. Утворана ад гукапераймальнай асновы *geu‑, якая суадносіцца з *gō̆u̯‑ (гл. гук, гаварыць, гутарыць) з пашырэннем ‑r‑ і суфіксальным ‑k‑ (як гук) > ‑č‑ перад ‑ě‑ti. Гл. жук, жужэць. Паводле Шанскага (1, Д, Е, Ж, 300), гукапераймальнае журчь + ати (параўн. гурк, урчать, ворчать). Праабражэнскі (1, 238–239), Фасмер (2, 68) указваюць на гукапераймальны характар слова.