Жабуры́нне ’жабіна ікра’ (ТСБМ), ’раска’ (Шатал.), ’водарасці’ (Яшкін), жабе́рнік ’тс’ (Шатал., Жыв. сл., 23), жабе́р ’раска; стаячая, пакрытая плесенню вада з сапрэўшымі водарасцямі; студзяністыя водарасці’ (Яшкін; Нар. словатв., 97). Рус. дыял. паўд. (дан., краснадарск.) жабури́нье ’зялёныя водарасці ў стаячай вадзе’, жабури́нья, жабуре́нья ’ўнутранасць дыні, гарбуза і некаторай іншай агародніны, пладоў’, укр. жабури́ння ’жабіна ікра, водарасці, унутранасць дыні; слізкая маса, што ўтвараецца на стаячай вадзе’, дыял. жабу́р ’водарасці, балота’, зах.-балг., макед. жабарник, жабурник, жабурнак ’жабурынне, месца, дзе водзяцца жабы’, чэш. žabinec ’раска, месца, дзе жывуць жабы’, славац. žaburina ’жабіна ікра, раска, стаячая вада, балота’, žabinec ’раска, розныя водарасці, стаячая вада, балота’. Значэнне месца вядома і бел. мове. Яно, відаць, і абумоўлівае суфіксацыю ‑нік у жабе́рнік. Не выклікае цяжкасцей і суфікс ‑нне. Элемент ‑р‑ прадстаўлены яшчэ ў балг., макед. жабор ’жаба-самец’, жубу́ря се, жабу́ркам ’трымае ваду ў роце’, в.-луж. žabr ’нарыў на небе’. Параўн. таксама жа́бры. ‑р‑ можна лічыць яшчэ праславянскім, дзе яно можа быць з балта-слав., і.-е. (параўн. шэраг балтыйскіх гідронімаў з gabr, якія не атрымалі пакуль што дастатковага тлумачэння, Тапароў, E–H, 127; параўн. літ. žúobris ’лемех’, Траўтман, 364). Фасмер рус. дан. жебуриньи ’выжымкі, жамерыны’ лічыць запазычаным з цюрк. (тат. чупрǝ ’закваска’ і інш.). Хутчэй тут кантамінацыя жабуринье ’жабіна ікра, слізкая вада’ і жемиринье ’жамерыны’ (дан.), звязанага з коранем жаць2. Семантычна неверагодна запазычанне з літ. žabarýnas ’малады лес’ (Лаўчутэ, Сл. балт., 45).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)