Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Абшчапі́ць ’абхапіць рукамі, нарабіць прышчэпак (сад.)’ (Янк. I), абшчэпкі ’абдымкі’ (Яўс.) да шчапіць (гл.).

Абшчо́тавацца ’зрабіць памылку пры падліках’ (Нас.) < рус. обсчитаться.

Абшчына (БРС, Яруш.) < рус. община, запазычанне новае (XX ст.). Гэта паняцце ў народнай і старабеларускай мове называецца грамада. Гл. Крукоўскі, Уплыў, 21–22.

Абшчэ́пліваць ’абдымаць моцна’ (Нас. Доп.). Гл. абшчапіць.

Абшывалі́ць ’абабраць, абакрасці, зрабіць хутка справу’, параўн. абшамыць (Бяльк.) да аб‑шавяліць. Параўн. другое значэнне дзеяслова шаволіць ’шукаць, рыскаць’. Гл. шаволіць, абшаволіць.

Абшэ́ўка ’манжэта’ (БРС, Бір. дыс.) да шыць.

Абы́ < а + бы. Гл. бы (< быць), укр. аби, ст.-рус. абы, рус. абы, польск. aby, кашуб. aboe, н.-луж. abo, aby, в.-луж. abo, славен. aboj (параўн. каб(ы), дабы, польск. żeby і г. д.), параўн. Махэк₂, 15; Шанскі, 1, А, 23; Саднік-Айцэтмюлер, 2.

Абыва́цель (БРС) < рус. обыватель. Нядаўняе і эфемернае запазычанне (Мартынаў, SlW, 69). Польскі ўплыў выключаны па семантычных прычынах. Польск. obywatel ’грамадзянін’ дало ст.-бел. обыватель (XVI ст.) — Крыўчык, Межресп. конф., 14.

Абыго́нь (араць у абыгонь) ’калі ворыва пачынаецца з сярэдзіны загона; калі ворыва робіцца ў сярэдзіне загона’ (Выг. дыс.) < аб гонь ’на ўсю даўжыню гоняў’ да гонь, гоні (гл.). Параўн. абугоня.

Абыдзе́ннік ’сувой палатна з нітак ільну, якія былі спрадзеныя за дзень’ (у адпаведнасці з ахвяраваннем цэлых вёсак у час засухі) да аб дзень.