Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Прыкме́ціць ’убачыць, звярнуць увагу; заўважыць; запомніць; намеціць’ (ТСБМ, Яруш., ТС), таксама з семантычным зрухам прикміэтилося ’здалося, падалося’ (Бес.). Сюды ж аддзеяслоўныя назоўнікі: прыкме́та ’адметная рыса, па якой можна пазнаць, вызначыць; у забабонных уяўленнях — рыса, з’ява, што прадвяшчае што-небудзь’ (ТСБМ, Янк. 2), прыкаме́та ’прыкмета’ (Мат. Гом.). Прэфіксальнае ўтварэнне ад кме́ціць ’заўважаць, разумець, цяміць’ (гл.), якое ў сваю чаргу працягвае прасл. *kъmětiti < kь‑ + дзеяслоў *mětiti (ЭССЯ, 13, 198; толькі з укр. адпаведнікамі).

Прыкме́ць ’набыць’ (Мат. Гом.). Верагодна, кантамінацыя дзеясловаў прыкме́ціць і (зай)ме́ць/прыйма́ць (гл.).

Прыко́зелкі (прыко́зэлкі) ’злучаныя парамі накрыж кароткія жэрдкі, якімі прыціскаюць салому ці кастрыцу на вільчыку’ (іван., пін., стол., Нар. сл.). Да ко́зелкі, памянш. ад казёл3 ’умацаванне саламянай страхі’ (гл.) < прасл. *kozьlь са значэннем ’прыстасаванне (драўлянае) паводле падабенства да (рагоў) жывёлы’ (ЭССЯ, 12, 32–33).

Прыко́л ’паля, кол, убітыя ў зямлю (для прычалу, для прывязвання жывёлы і пад.)’ (ТСБМ, ТС), прыка́л ’тс’ (Ян.). Няясна. У якасці дэрывацыйнай крыніцы прапануецца прыкало́ць, гл. калоць (ССБМ, 281), што наўрад ці адпавядае семантычнаму развіццю. Магчыма, да кол (гл.) ці ад калаці́ць (гл.). Параўн. ст.-рус. приколъкъ ’калы, убітыя ў дно для ўмацавання рыбалоўных сетак, закол, забой’ (Сразн.), рус. дыял. прико́л ’калок, убіты ў дно ракі для затрымання сеткі ў неабходным становішчы падчас рыбнай лоўлі’; ’рыбалоўны закол’, укр. при́кол ’невялікі калок, убіты ў зямлю’, при́кі́лок ’калок’.

Прыко́мкаць экспр. ’пазабіваць’ (брасл., Сл. ПЗБ). Да ко́мкаць ’камячыць’, якое ад ко́м (гл.) з экспрэсіўным пераносам значэння ’збіць у камяк’. Параўн. рус. смал. прико́мкать ’завалодаць чужым, прысвоіць’.

Прыко́нец (прыко́нэц) ’сплеценая з конскага воласу вяровачка, якая прывязваецца да арапніка (пры ўмелым размаху гучна ляскае)’ (пін., Нар. лекс.), прыконе́чнік ’тонкі раменны кончык пугі’ (ТС); сюды ж фалькл. прыку́ньчик: прыкуньчика прыточу (Доўн.-Зап., Пін.). Лексікалізацыя словазлучэння пры канцы́. Параўн. аналагічнае укр. приконе́чник ’канец (пугі, бізуна)’.

Прыко́пак ’малая ўкладка сена на сенажаці’ (нясвіж., ЛА, 2), пріко́пык ’невялікая капа, складзеная асобна або каля вялікай капы ці стога’ (Юрч., Мат. Маг.). Да капа́ (гл.).

Прыко́снік ’клінок для замацавання касы’, прыко́сься ’лучок, прылада да касы, калі косяць збожжа, каб скошанае зграбалася і клалася касой у адну кучу’ (Бяльк.). Да каса́2 (гл.), параўн. рус. варонеж. при́кос ’клінок для замацавання ляза касы на касільне’, при́косок ’тс’.

Прыко́цаць ’забіць’ (віл., Сл. ПЗБ). Няясна. Фіксацыя слова дазваляе суаднесці з літ. kùcas ’дубіна, палена’. Не выключана і кантамінацыя з незафіксаваным гукапераймальным о́цаць < ко́каць/ко́кнуць (гл.).

Прыкра́сіць ’аздобіць, упрыгожыць’; перан. ’упрыгожыць выдумкай, перабольшаннем апавяданне, пераказ’; ’дадаць у ежу што-небудзь для каларыйнасці або смаку; закрасіць’ (Нас., ТСБМ); сюды ж сінанімічныя аддзеяслоўныя назоўнікі: прыкра́са, часцей мн. л. прыкра́сы ’аздоба, упрыгожанні; перабольшанне, выдумка’ (ТСБМ), прікра́са ’аздоба’ (Бяльк.), прыкра́са ’тое, што дабаўляецца ў ежу для каларыйнасці або смаку (мяса, тлушч, пахучыя прыправы і пад.; закраса)’ (Нас., ТСБМ). Параўн. з антанімічнымі значэннямі, што надаюцца семантыкай прыстаўкі, якое ў дадзеным выпадку з’яўляецца сінанімічным значэнню прыстаўкі пера- ’давядзенне дзеяння да адмоўнага выніку’: прыкрасі́цца ’паблякнуць’: краса прыкрасіцца, а розум прыгадзіцца (шуміл., Сл. ПЗБ), прыкра́са, перэкра́са ’непрыгожая дзяўчына’ (Растарг.). Да слаба адлюстраванага — і толькі на ўсходзе — мглін., зах.-бранск. кра́сіць ’упрыгожваць’ (Кос., Растарг.), якое яшчэ ў прасл. *krasiti набыло значэнне ’дадаць у ежу’ (ЭССЯ, 12, 99–100). Параўн. рус. дыял. прикра́сить ’прыправіць, закрасіць (пра страву)’, ’пахваліць некага’, укр. прикра́сити ’ўпрыгожыць, зрабіць прыгажэйшым’.