Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Расты́рка ’звадка, сварка’ (Нас.), ст.-бел. ростырка, ростыркъ ’нязгода, нелады, спрэчка, сварка, рознагалоссе’ (Ст.-бел. лексікон). Запазычана з ст.-польск. roztyrk, польск. rozterka ’душэўны разлад, няўпэўненасць’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 55; Булыка, Лекс. запазыч., 38).

Расфуфы́ра ’краля, модная, модніца’ (ТСБМ; міёр., З нар. сл.). Да фуфырыцца ’надувацца’, магчыма, запазычанага з рус. фуфыриться ’тс’, паводле Фасмера (3, 212), анаматапеічнага паходжання, якое перакладаецца як надыма́цца (Ласт.).

Расхаля́піць ’шырока расчыніць (дзверы, вароты, акно)’ (Варл.). Вакалізаваны варыянт да хля́паць (гл.), параўн. гукаперайманне хляп (пра рэзкае расчыненне ці закрыццё дзвярэй, варот і інш.).

*Расхара́таць, росхора́таты ’разбурыць, раскідаць’ (бяроз., Шатал.). Ад харатаць (гл.).

*Расхе́ўрыс, росхе́ўрыс ’разыходжанне’ (ТС). Іранічнае ўтварэнне на базе хе́ўра ’кампанія’ (гл. хэўра) або хаўру́с ’супольнасць, суполка’ (гл.).

Расхі́станы (рісхістаный) ’расшпілены, расхрыстаны’ (Бяльк.). Да хістаць (гл.), параўн. з іншай асновай укр. хисти́ти ’прыкрываць, захінаць, абараняць’ (< *xystati, гл. ЭССЯ, 8, 159), прадстаўленага ў хі́сьць ’прыхільнасць’ (Нас., Бяльк.), гл.

Расхіхла́ць ’зняць з маладой захіхланне і надзець жаночы чапец, пасля чаго маладая пераходзіць з дзявочага стану ў жаночы’ (Некр.). Да хіхол (гл.).

Расхлебяста́цца экспр. ’расхістацца’ (дзятл., Сл. ПЗБ). Паводле аўтараў слоўніка, адпавядае літ. išsi‑klebetúoti ’тс’, што неабавязкова, бо выводзіцца з st‑інтэнсіва хлебястаць (< *xlębati ’хістацца’, гл. ЭССЯ, 8, 32).

Расхле́йдацца ’расшпіліцца’ (іўеў., LKK, 16, 187). Грынавяцкене і інш. (там жа) параўноўваюць з літ. (išsi)skleĩsti ’разгортвацца, распускацца’. Сюды ж расхле́йстаны ’расхрыстаны’, расхіле́йстрыць ’шырока раскрыць’ (Сцяшк. Сл.).

Расхлі́стацца ’расшпіліцца; расхрыстацца’ (Сл. ПЗБ). Відаць, вытворнае ад хлыстаць ’сцябаць’ (< *xlystati, гл. ЭССЯ, 8, 42), параўн. гукаперайманне хлісь ’хуткі ўдар’ (Нас.), гл.