Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Прыка́н ’паркан, плот, агароджа’ (клім., Бяльк.). Да парка́н (гл.).

Прыканды́чыць ’цягаць за валасы’ (Нас.); параўн. таксама прыкундо́сіць ’пабіць’ (Нас., Рамз.). Да зафіксаванага там жа канды́чыць з той самай семантыкай. Апошняе з’яўляецца фанематычным карэлятам (які, магчыма, разумеўся як “антыэкспрэсіўная” форма) да незафіксаванага *кунды́чыць/*кундо́чыць, чаргаваннем у фіналі асновы звязаным з кундо́сіць ’цягаць за валасы’ (гл.) < у́нды < ку́дла/‑ы ’валасы’ (гл.) < прасл. *kǫdьla/‑o (ЭССЯ, 12, 53–54). Безумоўна, не самым абгрунтаваным месцам з’яўляецца тут сувязь рэканструяванага у́нды з ку́длы, таму ЕСУМ (3, 142) прапануе іншую, даволі арыгінальную і несупярэчлівую ў семантычным плане версію — бачыць ва ўкр. кундо́сити, бел. кундо́сіць “зваротнае запазычанне” з якой-небудзь балтыйскай мовы, што можа быць зведзена да балт. *kundas ’кудзеля; валасы’ (параўн. літ. kuõdas ’чуб’) як адлюстравання прасл. *kǫda (‑у) ’кудзеля’, параўн. ко̀нди, ко̀нда ’кудзеля, ачоскі льну, канапель’. Пачатковае значэнне дзеяслова было, такім чынам, ’трапаць, церці (лён, кудзелю)’.

Прыкара́скацца ’прывязацца, прычапіцца, прыстаць’ (Байк. і Некр., Растарг., Янк. 1, Ян.). Прэфіксальнае ўтварэнне ад кара́скацца ’карабкацца’ (гл.) з развіццём (зменай) семантыкі; параўн. аналагічнае зах.-бранск. прикара́скаться ’прычапіцца да некага дакучліва’. Бяспрэфіксны дзеяслоў надзейнай этымалогіі не мае. Спроба яшчэ Брукнера (219) звязаць з кара́сь, паўтораная таксама ЭСБМ (4, 264), выглядае зараз этымалагічным кур’ёзам. Падаецца, што лагічней бачыць тут рэгрэсіўную дысіміляцыю выбухной групы ‑[пк]‑ у кара́бкацца > ‑[ск]‑ у кара́скацца, абумоўленай, магчыма, экспрэсіўным ужываннем.

Пры́караткі ’караткаваты’ (ТСБМ; брасл., Сл. ПЗБ), сюды ж пры́каратка ’невялікая колькасць’ (Інстр. 3), пры́каратка ’недастакова, мала; караткавата’ (Нас., Шат.), прыкараць ’караткавата’ (Жд.). Вытворныя ад кораня каро́т‑/ко́рат‑ з семантыкай непаўнаты, якая захоўваецца ў прэфіксе. Цвяткоў (Запіскі, 1, 51) бачыць тут паралель да польск. przykrótki ’караткаваты’. Гл. каро́ткі.

Прыкаркну́ць, прыкорну́ты, прыкархну́ць, прыкурхну́ць ’прыладзіцца да сну, заснуць на кароткі час, прыхіліўшыся да чаго-небудзь; задрамаць’ (Нас., Ласт., Сержп., Сцяшк., Клім., ТС, Сл. Брэс., Скарбы), прыкахну́ць ’задрамаць’ (дзятл., Сл. ПЗБ). Прэфіксальнае ўтварэнне ад незафіксаванага *каркну́ць з далейшай рэканструкцыяй семантыкі ’храпянуць’ → ’задрамаць’, якое ў сваю чаргу працягвае прасл. *kъrknǫti ад гукапераймальнага *kъrkati, што, як слушна заўважае Трубачоў (ЭССЯ, 13, 236), “цалкам падыходзіла як экспрэсіўнае абазначэнне дзеянняў ’ударыць’, а таксама ’раптоўна задрамаць, храпянуць”. Варбат (Балто-слав. этнояз. отнош., 7) у формах з ‑у‑ ў аснове бачыць балтыйскі ўплыў ва ўмовах моўных кантактаў.

*Прыкарэ́нкаваты (прыкорэ́нковатый) ’нізкі, каранасты’ (стол., Нар. лекс.). Утварэнне ад ко́рань (гл.) з развіццём семантыкі. Параўн. рус. дыял. прикорёнок ’тоўсты і маларослы чалавек’, укр. при́корень ’частка ствала каля кораня, пень; невялікі калок, убіты ў зямлю’.

Прыкарэ́ць ’прысохнуць у выглядзе коркі; прыліпнуць і засохнуць’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Др.-Падб., Бяльк.), перан. экспр. ’прычапіцца’ (астрав., Сл. ПЗБ). Прэфіксальнае ўтварэнне ад карэ́ць (гл.), параўн. рус. смал. прикоре́ть ’прысохнуць; пакрыцца коркай’, укр. чарніг. прикорі́ти ’засохнуць у выглядзе коркі’.

*Прыкасці́ць, прыкосці́ць ’зрабіць дрэнным, слабым, нікчэмным’ (ТС). Прэфіксальнае ўтварэнне ад касці́ць ’смяціць (на падлогу); псаваць’ (гл.), сюды ж касці́цца ’мучыцца, перабівацца’ з далейшым пашырэннем значэння. Беспрэфіксальныя дзеясловы ўзыходзяць да прасл. *kastiti (sę).

Прыке́міць ’прыкмеціць’ (Байк. і Некр.). Прэфіксальнае ўтварэнне ад ке́міць ’разумець, разбірацца, цяміць’ (гл.), якое не мае пэўнай этымалогіі.

Прыкіда́цца ’прыставаць (пра хваробу); прыключацца, прыставаць (няшчасцю); наскокваць, накідвацца; прыкідвацца, прытварацца’ (Нас., Мядзв., Гарэц., Байк. і Некр., Касп., Нар. Гом.), прыкі́давацца ’прыставаць (пра хваробу)’ (віл., Сл. ПЗБ), прыкі́дывыцца ’прыкідвацца, прытварацца’ (Бяльк.), прыкі́нуцца ’прыставаць (няшчасцю, хваробе)’ (Бяльк.), таксама зак. тр. прыкі́нуцца ’прыняць пэўны выгляд з мэтай падману; прытварыцца; раптоўна наступіць, прыстаць (пра хваробу, штосьці нядобрае)’; перан. ’прывязацца, прыхіліцца’ (ТСБМ, ТС). Сюды ж амонімы з іншай семантыкай: прыкіда́цца ’трапляцца, пападацца; прызнаваць сваяцкія сувязі, роднасць; спрыяць, ставіцца з прыхільнасцю; прыставаць’ (Ян., ТС), прікіда́цца ’пападацца’ (Бяльк.). Да кіда́ць/‑ца (гл.). Таксама сюды ж аддзеяслоўныя назоўнікі, якія працягваюць семантыку ’прыстаць (пра хваробу)’: пры́кідзь, пры́кісь ’запаленне; дзіцячая хвароба, вогнік’ (чэрв., Нар. лекс.; Сл. ПЗБ), пры́кісь ’ускладненне хваробы’ (ашм., Стан.), прыкі́дка, прыкі́тка ’запаленне’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), і прыметнікі з далейшым семантычным развіццём: прыкі́дны́ ’ветлівы, ласкавы, прыхільны’ (навагр., Нар. сл.; ст.-дар., Сл. ПЗБ; ТС), прыкі́длівы, прыкі́дчывы ’той, хто лёгка ўваходзіць у кантакт з людзьмі; кампанейскі’ (слаўг., лельч., нараўл., ЛА, 3), прыкі́дліву ’прыветлівы’ (ТС).