Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Жмуха́ ’жамерыны’ (драг., Нар. словатв., 144), жмух, жмуха́, жмы́ха́, жмі́ха ’тс’ (Сл. паўн.-зах.), жмых, жмы́ка ’тс’ (Мат. Гом.), жма́кі ’тс’ (Касп., Абабурка). Рус. жмых, дыял. смал., уладз., калуж., варонеж., кур., арл. жма́ка, кур. жмак, ярасл., разан., уладз. жмы́ки, укр. жма́ки, жмихи ’тс’. Чэш. žmach, žmoch ’гразь, нешта разбітае’. Ад кораня *žьm‑ (гл. жаць2). З рознымі галоснымі і суфіксальнымі ‑х‑ ці ‑к‑ утвараліся дзеясловы тыпу жмыхаць ад žьm‑a‑ti, ад дзеясловаў — бязафіксныя назоўнікі тыпу жмых, жмух і г. д. (Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 295; SP, 1, 76). Нельга, відаць, выключаць і непасрэднага ўтварэння назоўнікаў жмакъ ад жма‑ти, як знакъ ад знати. Параўн. жамерыны, жмаць. Параўн. паўд.-слав. утварэнні з элементам ‑ер‑: балг., макед. жмерки ’шкваркі’, макед. жмер ’асадак пры вытаплены сала’, славен. žmeterina ’адходы воску’.

Жму́ціць ’скупіцца’ (Бялын., Яўс.). Рус. урал. жмути́ться ’тс’. Адсубстантыўны дзеяслоў ад наз. жмут2 з суфіксам ‑і‑ць.

Жмы́хаць ’мыць бялізну’ (расон., Шатал.), жма́хаць ’тс’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. дыял. жмы́хать ’тс’, укр. жминка́ти, жма́кати ’тс’, славац. žmýkať ’тс’, славен. žmikati ’сціскваць (у тым ліку вінаград, сыр, бялізну)’, žmúlja ’пральная дошка’. Ад. прасл. *žьm‑ (гл. жаць2) з суфіксамі ‑уха‑, ‑аха‑ (Слаўскі, SR, 1, 76) ці ‑ука‑ ўтварыліся дзеясловы з абазначэннем дэфарміруючага сцісквання; магчыма, менавіта на гэта ўказваў экспрэсіўны суфікс. Параўн. рус. жмакать ’неахайна сціскваць’, серб.-харв. жми̏кати ’выціскваць’ і інш. У гаворках адбывалася семантычная спецыялізацыя: пераход да ’праць’.

Жмя́каць ’чмякаць’ (Нас.). Рус. дыял. жмякать ’есці з чмяканнем; сціскваць; удараць, кідаць’, укр. жма́кати ’жаваць’, балг. дыял. жми́чка ’выдаваць гук мокрага прадмета, калі на яго націскваюць’. Паколькі рус. значэнні звязваюць з коранем *žьm‑ (жаць2), наўрад ці чыста гукапераймальнае, як указвае наконт балг. слова БЕР, 1, 552. Відаць, тут, з аднаго боку, сувязь з гэтым коранем, а з другога — з гукапераймальнымі тыпу чмякаць, шмякаць.

Жне́ўнік, жніўнік ’іржышча’ (Абабурка, Шатал., Жд. 3, Жыв. сл., 210), рус. бранск. жневник ’тс’. Ад прыметніка жніўны, утворанага ад жніво або ад жнеўны (< жьн‑ѣв‑ьн‑ъ) з суфіксам ‑ік.

Жнец (ТСБМ), жэне́ц (Сл. паўн.-зах.). Рус. жнец, укр. жнець, н.-луж. žnejc, žnic ’жнец’, чэш., славац. žnec, славен. žnjèc. Ст.-рус. жьнецъ (з 1406 г.). Ц.-слав. жьньць (Міклашыч, Lex. palaeosl.). Прасл. žьn‑ьcь (параўн. жаць1), як *borьcь, *lovьcь (гл. Слаўскі, SP, 1, 100). Фасмер, 2, 60; Сцяцко, Афікс. наз., 39.

Жні́вень ’8‑ы месяц года’. Рус. жневень ’іржышча’. Назва месяца, замацаваная ў 10‑х гадах XX ст. (Гіст. мовы, 2, 139) паводле с.-г. работы. Параўн. уст. в.-луж. žnjeńc ’жнівень’, ням. Erntemonat ’тс’. Адсубстантыўнае ўтварэнне з суфіксам ‑ень (Сцяцко, Афікс. наз., 152).

Жніво́ жні́ва ’уборка збожжа; ураджай’ (ТСБМ), жнітво́ (в.-дзвін., Шатал.). Рус. абл. жнива́ ’час уборкі’, дыял. жни́во́ ’жніво’, укр. жни́во, жнива́ ’тс’, польск. żniwo ’тс’, н.-луж. уст. žnivo, чэш., славац. žnivo ’тс’, балг. дыял. жни́во ’зжатае збожжа’. Ст.-рус. жниво (XVI ст.). Ц.-слав. жьниво (Міклашыч, Lex. palaeosl.). Як бел. словаўтварэнне разглядае Сцяцко (Афікс. наз., 41), але слова мае прасл. характар, калі ўлічыць яго агульнаслав. пашырэнне. Ад кораня žьn‑ (жаць1) з суфіксам i‑v‑о (гл. пра суфікс Мейе, Études, 371–373). Шанскі (1, Д, Е, Ж, 295) лічыць, што гэта адсубстантыўнае ўтварэнне, указваючы на вытворнасць ад *žьnь (параўн. чэш. žeň ’жніво’), аднак, магчыма, і аддзеяслоўнае (як ст.-слав. сѣчиво ад сѣк‑ѫ, тѧтива ад тѧт‑и). Параўн. яшчэ. ст.-рус. жнитво, жнитва.

Жні́ўнік ’ліпеньскі баравік’ (мазыр., Жыв. сл., 210). Назва дадзена паводле часу з’яўлення (падчас жніва), магчыма, шляхам кампрэсіі (жніўныбаравік) з суфіксам ‑ік або непасрэдна з суфіксам ‑нік.

Жняя́. Рус. жнея́, укр. жнія (Грынч.), польск. żnieja. Ст.-рус. жнея, 1559 г. Параўн. польск. м. р. żnij, укр. жній (Жэлях.). Суфіксальнае вытворнае ад жаць1, жну, магчыма, яшчэ прасл. або паўн.-слав. характару *žьn‑ě‑j‑a.