Ты́ко ‘толькі’ (астрав., трак., Сл. ПЗБ). Арэальна і фармальна суадносіцца з літ. tìk ‘тс’, няясным па паходжанні, гл. Смачынскі, 676; заканчэнне, магчыма, пад уплывам польск. tylko ‘тс’ (Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 5, 153), параўн. ты́ко пташе́чого молока́ ныма́ ‘ўсяго ўволю’ (маларыт., Бел. дыял. 1, 93). Параўн., аднак, славен. tik ‘непасрэдна, усутыч’, што да *tykati (Фурлан у Бязлай, 4, 180), гл. тыкаць 1. Параўн. тулько 1, гл.
Тыкоць ‘тыц’ (ТС). Выклічнік для перадачы аднакратнага дзеяння ад ты́каць (гл.); канец слова можа ўзыходзіць да інфінітыўнага суфікса або да ўзмацняльнай часціцы ‑ць (< прасл. *tʼь), параўн. польск. ‑ć: tobieć dam, чэш. ‑ť: toť ‘тут’, ‘нядаўна, надоечы’ (ESSJ SG, 1, 329).
Тыку́н ‘балотны кулік’ (ТС). Ад гукапераймання тыку‑тыку — крыку куліка.
Тыку́я (тыэку́я) ‘струга, шырокі і глыбокі праток вады на балоце’ (івян., мсцісл., ЛА, 5). Няясна; магчыма, утворана як прасл. *češu‑ja ‘луска’ ад прасл. *tekti ‘цячы’, аднак фанетыка незразумелая. Параўн. укр. течея́ ‘плынь, паток, ручэй’ ад укр. дыял. течи́ ‘цячы’.
Тык-мык — пра невыразнае маўленне: тык‑мык — і ні слова ад яе не дабʼешся (навагр., Сл. ПЗБ). Гукапераймальны імітатыў, суадносны з укр. тик‑мик — пра разгубленасць, параўн. пык‑мык, пыкаць, мыкаць, гл.
Тык-тык — пра стук сэрца: Дзидона рюмзала и выла… / А сердце тык, тык‑тык у ей (Энеіда навыварат; гл. Полымя, 1996, 10, 196). Гукапераймальнае, параўн. тых‑тых (гл.), верагодна, набліжанае да тык 1, тыкаць, параўн. укр. тик, ід. tik (Астравух, Ідыш-бел. сл.).