Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ты́ждзень ‘тыдзень’ (ТС, ПСл, Нар. Гом., Арх. Вяр.), ты́ждень ‘тс’ (Растарг.), ты́ждэнь ‘тс’ (Бес., Сл. Брэс.; лельч., Нар. лекс.), ты́ждэн ‘тс’ (кам., Сл. ПЗБ), ты́ждань ‘тыдзень’ (калінк., Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), ты́ждынь ‘тс’ (зах.-пал., Бел. дыял. 3), ты́жджэнь ‘тс’ (кам., Сл. ПЗБ, ТС, Альп.), тэ́ждынь ‘тс’ (драг., Сл. Брэс.), ты́джань і ты́жань ‘тс’ (Ян., ПСл), ст.-бел. тыждень, тыйжьдень ‘тс’ (ГСБМ). Параўн. укр. ти́ждень, ст.-чэш. týždeň, славац. týždeň. Гл. тыдзень. Пра мажлівасць другаснага спалучэння жд у палескіх гаворках сведчаць прыклады прыежда́ць ‘прыязджаць’, адʼежда́ць ‘ад’язджаць’ і інш. (ТС). Сюды ж тыжднёўка ‘тыдзень’, тыжнёваць ‘знаходзіцца тыдзень у пэўным месцы’ (ТС).

Ты́жыць1 экспр. ‘прымушаць рабіць’ (шальч., Сл. ПЗБ). Магчыма, балтызм, параўн. літ. tū́žti ‘лютаваць, даводзіць да шаленства’, як і аманімічнае ты́жыць ‘хлусіць, гаварыць абы-што’ (там жа), параўн. літ. taũzyti ‘балбатаць, несці лухту’, што няпэўна.

Ты́зы ‘насціл у ганчароў для сушкі вырабаў’, тызо́ўкі ‘тс’ (беласт., SFPS, 14, 196; БЛ, 18, 62), сюды ж, відаць, тызі ‘апоўзіны (у стозе)’ (зах.-палес., Бел. дыял. 2). Гл. тэзы.

Тый ‘той’ (Гарэц., Бяльк.), ст.-бел. тый, тий ‘тс’ (1529 г., ГСБМ): тъи конь, тый товаръ (1300 г., Карскі 2-3, 53). Параўн. польск. дыял. tyj ‘тс’. З прасл. *tъ і *jь > тъjь, у якім ‑ъj‑ > ый, як у прыметніку малады (< *moldъjь) і займенніку чый (< *čьjь), што з’яўляецца новаўтварэннем, гл. Станкевіч, Arche, 2001, 1, 172; Бузук, Спроба, 74. Форма тыи бытавала ў жывой старажытнарускай мове. Пад уплывам займеннікаў свой, твой, мой на заканамерны займеннік тыи апошні замацаваўся ў нарматыўнай форме той (гл.), а ў дыялектных формах — тый, тэй; апошнія, на думку Векслера (Гіст., 167), звязаны з тым, што *jь далучыўся да *tъ да таго, як адбыўся пераход ъ > о. Гл. таксама тэй.

Ты́йдзень ‘тыдзень’ (Жд. 3). Гл. тыдзень.

Тык1 — аддзеяслоўная часціца, перадае раптоўнае або нечаканае дзеянне (мсцісл., Нар. лекс., Нас.). Ад тыкаць (гл.).

Тык2 — злучнік або часціца: тык багдайбы мяне (В. Дунін-Марцінкевіч), укр. дыял. тик ‘тс’. Паводле Копечнага (Этимология–1967, 27; ESSJ SG, 2, 77), вынік дэсанарызацыі дык (гл. ды).

Тыка1 — узмацняльная часціца (энклітыка) з фамільярным адценнем ‘ну, ану’: пойдзем тыка ‘пайшлі хутчэй’, еж тыка ‘давай хутчэй еш’ (Нас.). Варыянт -тка (гл.) з вакалізацыяй узмацняльнай часціцы *‑t‑ (параўн. тыкі, гл.) і часціц з *‑k‑, што ўзыходзяць да *‑ka/*‑ko/*‑ky/*‑kъ (ESSJ SG, 1, 330–331).

Тыка2, ст.-бел. тыка ‘тычка’ (1590 г., ГСБМ). Як сцвярджае Булыка (Лекс. запазыч., 103), запазычана са ст.-польск. tyka ‘тс’, што неабавязкова. Гл. таксама тыч, ты́чка, тычына.

Ты́кавец ‘той, хто спіхвае клопат на другога’ (Рам.). Да ты ці ты́каць1, 2 (паказваючы на іншага), гл.

Ты́каўка, ты́кавка ‘верашчака, мачанне’ (Шат.; малар., Сл. Брэс.), ‘кавалачкі сала і мяса, прыгатаваныя з мукой у выглядзе калатушы’ (Інстр. 1). Да ты́каць1 (гл.), бо бліны мачаліся («тыкаліся») у верашчаку.

Ты́каць1 ‘торкаць, тыцкаць’, ‘паказваць’, ‘даваць, падсоўваць што-небудзь каму-небудзь’, ‘рабіць папрок, упікаць’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Мат. Гом.): не тыкай на сонцэ, бо рука отсохне (Сержп. Прык.), ‘уторкваць, утыкаць’ (ТСБМ, Нас., Федар. 6, ТС), ‘закладаць снапы ў азярод, запраўляць, запіхваць’ (калінк., люб., Сл. ПЗБ), ‘соваць’: языча, языча, куды цябе тыча (пух., З нар. сл.), тыкаць, утыкаць (нос) ‘умешвацца не ў сваю справу’ (Юрч. Фраз.), тыкаць у нос ‘рэзка ўказваць’, тыкаць пальцамі ‘адкрыта асуджаць’ (там жа), ты́кнуць ‘ткнуць, сунуць’ (Нас., ТСБМ, Некр. і Байк., ТС), тыко́ць ‘тыц’ (ТС), ст.-бел. тыкати ‘ўтыкаць; закранаць, датычыць’ (ГСБМ), ‘натыкаць’: дѣти на колье тыкахоу (XV ст., Карскі 2-3, 456). Параўн. укр. ти́кати, рус. ты́кать, стараж.-рус. тыкати ‘штурхаць’, ц.-слав. тыкати ‘калоць’; польск. tykać ‘дакранацца’, ‘кранаць’, ‘адносіцца, належаць’, ‘убіваць у зямлю’, славін. takac ‘датыкацца’, палаб. tåicě ‘тыкае’; н.-луж. tykaś ‘кранаць, датыкацца, штурхаць, тыкаць’, ‘падаваць’, в.-луж. tykać ‘соваць, тыкаць, утыкаць, набіваць (люльку)’, славен. tikati ‘належаць, адносіцца’, харв. tȉcati, серб. ти́цати ‘датыкацца’, ‘закранаць’, ‘датычыць’, балг. ти́кам ‘тыкаць, штурхаць’. Прасл. *tykati ‘датыкацца’ < ‘калоць, басці’, ‘злёгку таўчы, закрануць’ суадносіцца з прасл. *tъknǫti ‘дакрануцца’ (Сной₂, 764), гл. ткаць, ткнуць; роднаснае лат. tūkaȃt, tūcît ‘мясіць, ціснуць, мяць, запіхваць, біць, грукаць’, літ. tuksė́ti ‘стукаць, грукаць, біцца (аб сэрцы)’, ст.-в.-ням. dûchen ‘ціснуць’, ст.-грэч. τύκος ‘малаток’, ‘сякера’, асец. tuǧd ‘біцца, змагацца’, ťyst, ťunst ‘запіхваць, саваць’, ‘калоць’ < і.-е. *(s)teu̯‑ ‘таўчы, біць’ і *tēu̯‑ (Каруліс, 2, 435; Фасмер, 4, 130; ЕСУМ, 5, 566; Арол, 4, 124).

Ты́каць2 разм. ‘гаварыць камусьці «ты», называць імем’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС), ты́кацца ‘звяртацца на «ты»’ (ТС): ni tykajsie za mnojy, ja z taboju świniej ni paświŭ (Федар. 4). Параўн. укр. ти́кати ‘звяртацца на «ты»’, рус. ты́кать ‘тс’, польск. tykać ‘тс’, н.-луж. tykáš se ‘тс’, в.-луж. tykać ‘тс’, чэш. tykat ‘тс’, славац. tykať si ‘тс’, серб. ти́кати ‘тс’, харв. tíkati ‘тс’, славен. tikati ‘тс’. Утвораны ад займенніка 2 ас. адз. л. ты (< прасл. *ty) накшталт ням. duzen (< du ‘ты’), франц. tutuer (< tu ‘ты’) (Сной₂, 764; Фасмер, 4, 130; ЕСУМ, 5, 563; Арол, 4, 125).