Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рэ́сці ’расці’: ні рэслі агуркі, а потым сталі рэсць (навагр., Сл. ПЗБ). Славацк. rasť ’тс’. Да расці (гл.).

Рэ́сціць ’дабіць, даканаць; пакараць’ (слон., Нар. лекс.), дарэ́сьціць ’дакончыць’ (Нар. сл.), ’разбурыць, разбіць’ (зэльв., Жыв. сл.). Рус. рестить ’лаяцца’, изрестити ’выкалаць’. Прасл. *restiti ’калоць, біць; лаяцца, караць’, магчыма, уяўляе сабой дэнамінатыў ад *restъ(ь?), верагодна ў значэнні ’калючка, вастрыё’, як, напрыклад *čьstiti ’шанаваць’ < *čьstь ’гонар’; gostiti ’гасцяваць’ < gostь ’госць’ (Гарачава, Этимология–1980, 105–106). Відаць, сюды ж рэ́сткі, мяркуючы па ілюстрацыі: крычэць на ўвесь свет рэсткім крыкам (Глеб Альгердзіч. Нашчадкі і спадкаемцы // Шыпшына, № 2, 1946. С. 36), са значэннем ’востры, пранізлівы’.

Рэ́сы мн. ’парасткі на клубнях бульбы’ (драг., Жыв. НС). Гл. раса2.

Рэсь, рэс у лічылцы: Эна, бэна, рэсь, Кэнтар, мэнтар, жэсь. Она, дуна, рэс, кіндэр, віндэр, рэс (Дзіцячы фальклор, 422). Няясна. Магчыма, імітацыя іншамоўнай гаворкі (хутчэй за ўсё, ідыш).

Рэ́ся ’дурніца’ (Сцяц., Сцяшк. Сл.). Няясна. Напэўна, можна суаднесці з тураў. ра́ся, ро́ся ’персанаж гульні, падобнай да гульні ў квача’, у час гульні ра́сю цвеляць, дражняць. Таксама нельга выключыць уплыў расама́ха ’неахайная жанчына’ (Сл. рэг. лекс.; гл.). Параўн. яшчэ рус. ресо́ня ’неахайніца’ (перм.).