Рэ́сціць ’дабіць, даканаць; пакараць’ (слон., Нар. лекс.), дарэ́сьціць ’дакончыць’ (Нар. сл.), ’разбурыць, разбіць’ (зэльв., Жыв. сл.). Рус. рестить ’лаяцца’, изрестити ’выкалаць’. Прасл. *restiti ’калоць, біць; лаяцца, караць’, магчыма, уяўляе сабой дэнамінатыў ад *restъ(ь?), верагодна ў значэнні ’калючка, вастрыё’, як, напрыклад *čьstiti ’шанаваць’ < *čьstь ’гонар’; gostiti ’гасцяваць’ < gostь ’госць’ (Гарачава, Этимология–1980, 105–106). Відаць, сюды ж рэ́сткі, мяркуючы па ілюстрацыі: крычэць на ўвесь свет рэсткім крыкам (Глеб Альгердзіч. Нашчадкі і спадкаемцы // Шыпшына, № 2, 1946. С. 36), са значэннем ’востры, пранізлівы’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)