Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пентэ́лька ’пятля для зашпільвання’ (астрав., Сл. ПЗБ). У выніку кантамінацыі польск. piątla ’пятля’ і бел. пяце́лька. Да пятля́ (гл.).

Пе́нцік, пе́ньцік ’божая кароўка’ (ТС). Параўн. пе́ндарка (гл.).

Пенцюха́йла, пенцяле́й ’непаваротлівы, тоўсты’, ’цюхцяй, неразвіты’ (Нас.). Можна супаставіць з рус. пе́ндюх ’цяльпук, мяла’, ’пуза’, ’нехлямяжы, нязграбны, няспрытны чалавек’, якое звязваюць з пень (Мацэнаўэр, LF, 12, 331; Праабражэнскі, 2, 36); збліжаюць з укр. бендюх, бендюг ’бруха, унутранасці’ (Фасмер, 3, 232), альбо выводзяць з уласнага імя Пенцеле́й, рус. Пе́нтелей з Пантелеймон < грэч. Παντέλειος < παντλήμων < παντάλας ’самы няшчасны’ (Нас., 397; Папоў, Из истории, 35). Параўн. таксама пянцю́х ’абрубак дрэва’, ’таўстун’ (гл.). Суфікс ‑айла ў адпрыметнікавых утварэннях, параўн.: даўгайла ’высокі’, дыга́йла ’цыбаты’.

Пе́нчык ’хвосцік у яблыку, грушы’ (ТС). Памяншальная форма пянёк < пень (гл.). Перанос значэння паводле падабенства: ’дрэва ля кораня’ > ’корань яблыка’. Параўн. таксама пенчу́к ’адростак пяра пасля лінькі’.

Пень, пэнь ’ніжняя частка ствала спілаванага або зламанага дрэва’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Яруш., Сл. ПЗБ, Ян., ТС), ’бервяно’ (віл., воран., Сл. ПЗБ), ’дрэва наогул’ (чэрв., барыс., Сл. ПЗБ), ’куча галля, ламачча’ (брасл., Сл. ПЗБ), ’смаляны пень на падпал; хлыст дрэва’, ’пень с карэннем; шышак’: пень, апенак, ’цвёрдая частка пяра; адросткі пер’яў’, пе́нне, пення ’адросткі пер’яў’ (Сл. ПЗБ), пень ’вулей, калода’ (Скарбы), ’калодачны вулей’ (Нікан., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.), ’ляжачы вулей’ (ЛА, 1), ’частка снапа ад перавясла да зрэзу’ (мін., лаг., Шатал.), сюды ж пеньчужо́к ’аб’едзенае жукамі сцябло бульбы’ (Сл. ПЗБ), ’някемлівы, нездагадлівы’ (міёр., З нар. сл.; барыс., Сл. ПЗБ; Мат. Маг.; Нас.): параўн. укр. пень, рус. пень, польск. pień, н.- і в.-луж. pjeńk, чэш., славац. peň, славен. pẹ̑nj, pȃnj, серб.-харв. па̑њ, макед. пен, балг. пън. Прасл. *pьnʼь, роднаснае з літ. pínas ’галіна’, ст.-інд. pínāka‑ ’кій’, ст.-грэч. πίνας ’бервяно, дошка’, ст.-в.-ням. witu‑vîna, ст.-н.-ням. vîne ’куча дроў’ (Фасмер, 3, 233; Бязлай, 3, 7–8; Махэк₂, 443; Покарны, 830).

Пе́ня1 ’гарачы, запальчывы чалавек’ (ТС), пеня́цца ’крыўдзіцца’ (чач., Мат. Гом.), пеня́ць ’скардзіцца’ (лудз., Сл. ПЗБ). Укр. пеня́ ’напасць, бяда; прыдзірлівы чалавек’, пеня́ти ’наракаць’; рус. пе́ня, пеня́ ’дакор, нараканне’, пеня́ться ’крыўдзіцца, наракаць’; ст.-рус. пеня ’вымова, дакор, папрок’, пеняти ’скардзіцца’; польск. pienia, pieniacz, pieniaka ’суцяга, зваднік’, pieniąc się ’зваднічаць’, чэш. pěnivý ’ўзбуджальны’, pěniti ’кіпець (пра кроў, жоўць)’, ’шалець, лютаваць’, в.-луж. pěnić so ’тс’, славен. pẹ́niti se ’злавацца на каго-небудзь’. Да прасл. *pěna, гл. пе́на. Утварылася пры дапамозе суф. *‑ja, які наслаіўся на асноўнае *‑n‑a > *nʼa, параўн. *tonʼa (< topnʼa) — tonǫti, соня < sopnʼasъpati. Семантыка лексемы стаіць бліжэй да зах.-слав. (уключаючы і славен.), а пеня́ць — да рус. моўнай тэрыторыі, хаце ў ст.-рус. мове пеня — ’спрэчка, судовая справа’, таму можна меркаваць, што гэтае значэнне — адно са старажытных, з якога пазней развілася сема ’пакаранне, штраф’. Фасмер (3, 233) мяркуе, што апошняе прыйшло з польск. мовы. Булыка (Лекс. запазыч., 84) таксама мяркуе, што ст.-бел. пеня ’пеня’ (1392 г.) паходзіць са ст.-польск. pena (якое з XVI ст.) < лац. poena ’пакаранне; штраф; пакуты’. Можна, аднак. дапусціць, што гэтае падабенства лац. і слав. лексем — вынік больш ранніх генетычных сувязей.

Пе́ня2, пе́на ’штраф’ (ТСБМ, Гарэц., Шат.), пе́нія ’пеня’ (Юрч. СНЛ). Да пе́ня1 (гл.).

Пенязі (гіст.), ст.-бел. пенези ’грошы’ (Жыв. НС), пе́нязь ’дробная манета ў Польшчы ў XI–XIII стст.’ (Гарб.), укр. пе́нязь ’шэлег, паўгроша’, польск. pieniądz, н.-луж. péńez, в.-луж. pjenjez(e), чэш. peníz, славац. peniaz ’манета’, славен. pẹ̑nez ’тс’, серб.-харв. pjȅnez, pȉnezi ’грошы’, балг. пе́нез ’манета для маніста’, ст.-слав. пѣнѧѕь ’дынарый’. Прасл. *pěnędzь — запазычанне (пасля VIII ст. н. э.) са ст.-в.-ням. pfenni(n)g, pfending ’(сярэбраная) манета’ < лац. pannus ’кавалак, штука тавару’ < і.-е. *pan‑ ’кавалак палатна’, *(s)pen‑ ’прасці’. Наяўнасць ‑ě‑ замест ‑e‑ Мее (Études, 184) тлумачыць як падаўжэнне — кампенсацыя nn‑ > n. Іншыя версіі гл. Фасмер (233–234), Бязлай (3, 24), Махэк₂ (443).

Пе́нязь ’скура ад падпяткаў ботаў ці чаравікаў’ (Нас.). Няясна. Гл. пяня́га ’кавалак скуры’.