Пе́на ’лёгкая пузырыстая маса на паверхні вадкасцей; маса, утвораная растворам мыла’ (ТСБМ, Шат., ТС, Сл. ПЗБ), ’пена на мыльнай вадзе’ (паўн.-усх., ЛА, 3), ’пот у каня’ (Сл. ПЗБ), ’плесня’ (арш., ЛА, 4). Сюды ж пе́нка ’пенка на малацэ’ (там жа), пе́нкі ’прыгаркі (бульба); ’лупіны (ад бульбы)’ (там жа), пе́няць ’пеніцца, пакрывацца пенай’ (Сл. ПЗБ). Укр. пі́на, рус. пе́на ’пена, сліна’, польск. piana, н.-луж. pěnki ’пена’, в.-луж. pěna ’накіп’; ’сліна ля рота’, чэш. pěna ’пена, накіп’, славац. pena ’тс’, славен. pẹ́na, ст.-славен. pejna, серб.-харв. пје̏на, харв. spjȅna, макед. пена, балг. пя́на, ст.-слав. пѣны ’пена, пена ля рота’. Прасл. *pěna, роднаснымі да якога будуць літ. spáinė ’смуга пены’, ст.-прус. spoayno ’пена піва, якое бродзіць’, лац. spūma ’пена, пырскі’, pūmex ’пемза’, ст.-в.-ням. veim, ст.-інд. phḗnas (м. р.), асец. fink ’пена, накіп’ < і.-е. *(s)poi̯ + *‑mn‑o/*‑mn‑ā (Фасмер, 3, 231. з літ-рай; Аткупшчыкоў, Из истории, 233 і 235).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)