Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мелі́са, малі́са ’травяністая расліна Melissa offісіпаlis L.’ (гродз., Кіс.). З польск. melisa, malisa ’тс’.

Ме́ліць ’малоць’ (Яруш.). Другасная форма, утвораная ад асновы цяперашняга часу мелʼ‑ю (< прасл. melʼjo) пры дапамозе суфікса ‑іць, як ле́іць (гл.).

Меліяра́цыя ’паляпшэнне зямель шляхам асушэння і да таго пад.’ (ТСБМ). Праз польск. ці рус. мову з лац. meliōrācio ’паляпшэннe’ < meliorāre < melior ’лепшы’.

Ме́лкі, ме́лкій, ме́ленькі, віл. мялкі́ ’які мае невялікую глыбіню’, ’невысокі, з нізкімі краямі’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш., ТС, Сл. ПЗБ), ст.-бел. мѣлкий ’дробны’, ’неглыбокі’, ’неістотны, малазначны’ (Булахаў, Гіст., 128); укр. мілки́й, рус. ме́лкий, ст.-рус. мѣлкий ’невялікі’, ’неглыбокі’, ’нязначны паводле колькасці’, ’бедны’, ’дробны’, польск. miałki, н.-луж. mjałki, měłki, в.-луж. niłki, чэш. mělký, славац. melký ’неглыбокі’, славен. mȋwka, mȋlka ’дробны рачны пясок’, ст.-серб.-харв. миоки ’плыткі’ (Бернекер, 2, 48). Прасл. mělъkъ. Далей няясна. Магчыма, ад melti ’малоць’ з падаўжэннем вакалізму асновы (Бернекер, там жа; Брандт, РФВ, 22, 356) і з дадаваннем фарманта і.-е. *‑qo‑, параўн. ст.-ісл. melr ’мель’ < mala ’малоць’. Буга (Rinkt, 1, 464; 2, 405), Мацэнаўэр (LF, 11, 169), Траўтман (165) і іншыя параўноўваюць прасл. mělъkъ з літ. maíla, maĩlius ’маляўкі’, лат. maĩle ’рыба ялец, Alburnus lucidus’, mailens ’сетка для малькоў’, ст.-ісл. mjór ’тонкі, дробны, вузкі, цесны’ і з прасл. mьnʼjь ’меншы’, — у чым Фасмер (2, 596) і Махэк₂ (359) сумняваюцца. Сюды ж віл. мелкаводзь ’мелкаводдзе’ (Сл. ПЗБ), мелкаслоіна, мелкаслойка ’драўніна з павівастым слоем’ (Мат. Гом.).

Мелодыя ’напеў, матыў’, ’музыкальнасць, меладычнасць’ (ТСБМ), ст.-бел. мелодийный (XVII ст.) ’меладычны’, меледия ’мелодыя’ (XVII ст.) запазычаны са ст.-польск. melodyja, якое з с.-лац. melōdia < ст.-грэч. μελῳδία ’спосаб спявання’ < μέλος ’песня’ + ᾠδή ’спяванне’ (Булыка, Лекс. запазыч., 165; Фасмер, 2, 596). Памылкова Крукоўскі (Уплыў, 77) выводзіць бел. лексему з рус. мелодия ’тс’, якое запазычана са ст.-бел. ці ст.-польск. мовы (Мольнар, SSlav., 6, 1966, 208).

Мель, ме́ліна, меліна́, мелізна́, нясв. мяліня́, слаўг. мялы́нь ’неглыбокае месца ў рацэ, возеры ці моры’ (ТСБМ, БРС, Нар. Гом., Яшк.; докш., Сл. ПЗБ). Укр. міль, мілина́, рус. мель, польск. miel, melizna ’тс’, чэш. валаш. měľ ’дробная мука ці соль’, ст.-чэш. měl ’прыбярэжны пясок’, ’дробная мука’, славац. meľ ’задняя мука’. Паўн.-слав. mělь, утворанае ад melti, melʼjǫ ’малоць’ пры дапамозе суфікса ‑ь, як соль (гл.). Гл. таксама ме́лкі. Сюды ж ме́лісты ’які мае мелі’ (ТСБМ).

Мельдава́ць ’дакладваць’ (Чартко, Бел. лінгв. зб.), беласт. мэльдова́ті ’паведамляць’ (Сл. ПЗБ) — з польск. meldować, якое з ням. melden ’здраджваць’ (Грынавяцкене, там жа, 3, 95).

Ме́лькам, мялько́м ’нядоўга, імгненна, у адзін момант’, ’няўважліва, бегла, мімаходзь’ (ТСБМ, Нас.; калінк., З нар. сл.). Аддзеяслоўнае ўтварэнне з суф. ‑ам (‑ом). Да мялька́цца, мялька́ць (гл.). Не выключана запазычанне з рус. мовы.

*Ме́лькацень, мэлькотэ́нь ’балбатлівы чалавек’ (брэсц., Нар. лекс.). Утворана з польск. bełkotać ’мармытаць, балбатаць’, ’булькаць’ (< прасл. bъlk‑ot‑a‑ti — гукапераймальнае ад bъlkʼ, параўн. польск. bełk ’водная бездань’, ням. bulken, bullern ’ракатаць’ — Слаўскі, 1, 30). Аб суфіксе ‑ень (‑энь) гл. Сцяцко, Афікс. наз., 38.

Мелькену́ць ’мільгануць’, ’хутка есці’ (ТС). З укр. мелькну́ти, якое з мелька́ти ’мільгаць’. Гл. мялька́цца.