Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Лі́ска1 ’іголкі сасны, кастрыца’ (шчуч., Сцяшк., Сцяшк. Сл.). Відавочна, запісана ‑і‑ замест ‑ê‑, якое з ‑ě‑. Закрытае е, а таксама іэ характэрны гродз. гаворкам. Да ле́ска (гл.).

Лі́ска2 ’плеценая подсцілка з лазы, якая кладзецца на дно саней’ (пін., Масл.). Да ле́ска (гл.).

Ліскату́ха ’званок’ (чач., Мат. Гом.). Да лёскат (гл.).

Ліслі́вы ’ласкавы, пяшчотны’ (ТСБМ; слуц., Шн. 2; слуц., брасл., Сл. ПЗБ), ’падліза, ліслівы, хітры’ (Бяльк., ТСБМ, Касп., Шат.; брасл., воран., бар., Сл. ПЗБ). Рус. пск., цвяр. лисли́вый ’хітры’. Адназоўнікавае ўтварэнне з суфіксам ‑лів‑. Да ліс (гл.). Сюды ж ліслі́віць ’крывадушна хваліць, дагаджаць каму-небудзь з карыслівай мэтай’, ліслі́вец ’той, хто ліслівіць, лашчыцца’ (ТСБМ).

Ліснік ’паслён чорны, Solanum nigrum L.’ (брэсц., маг., Кіс.; шчуч., Сл. ПЗБ), драг. лэ́снык ’піжма, Tanacetum vulgare L.’ (Нар. словатв.) звычайна атаясамліваецца з гліснік (< глістнік < гліста — у народнай медыцыне, напрыклад, піжмай выганяюць глістоў), параўн. віц. глі́снік ’паслён салодка-горкі, Solanum dulcamara L.’ (Кіс.), укр. гли́стник ’цытварны палын, Artemisia Sieberi Bess’, ’паслён салодка-горкі’, глист́як, рус. цвяр. гли́стник, валаг. глистовник ’тс’, наўг. ’піжма’, славен. glístnik ’жыцік ап’яняючы, Lolium temulentum L.’, ’куколь звычайны, Agrostemma githago L.’, ’цвінтарэй, Centaurium Hill.’ Рус. назвы розных раслін і траў: листник, листняг, листняк, відаць, адносяцца да ліст.

Лісні́ць ’блішчаць, адсвечваць’ (ТС). Да ільсні́цца (гл.).

Лісоха ’асака лясная, Carex silvatica Huds.’ (Бес.). Можна меркаваць, што гэта — кантамініраваная назва: осо́ка + ліс ’лес’ > лісо́ка > лісоха.

Ліссі ў выразе лі́сьі хлеб ’зайчыкаў хлеб; падарожны гасцінец’ (ТС), смарг. ліссі ’лісіны’ (Сл. ПЗБ). Прыметнік ад ліс (гл.).

Ліст1 ’орган расліны’, ’лісце’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Бяльк., Касп., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), лісць ’лісце’ (Нар. Гом., Яруш.), лі́сце ’тс’ (ТСБМ, Кл., Бес., Бяльк., Сцяшк.), лісцейко, лісціка, лістейка ’тс’ (Нас., Кл., Растарг.), лацінка, лісціна ’асобны ліст’ (Бяльк., Нас., ТС; полац., Нар. лекс.), ’ліст капусты’ (Жд. I; в.-дзв., Шатал.), лісток, лісцік (Яруш., Бяльк., Нас., Шат., ТСБМ); лістам слаць ’дагаджаць, красамоўна гаварыць’ (Ян.). Укр., рус. лист, польск., н.- і в.-луж., чэш., славац. list, палаб. lai̯st, славен. lȋst, серб.-харв. ли̑ст, макед. лист, listu, балг. лист, листът, ст.-слав. листъ. Прасл. listъ ’ліст расліны’. Блізкія і.-е. адпаведнікі: літ. laĩškas ’ліст дрэва, капусты’, лат. laiska ’лісток ільну’, laikse ’гарлачык белы, Nymphaea alba L.’, ст.-прус. lāiskas ’кніга’ — усе да праформы *laiska‑ (< і.-е. *lisk‑to, гл. Скок, 2, 307), якая фанетычна разыходзіцца з прасл. праформай *leistu‑. Такое чаргаванне зычных у слав. і балт. словах, аднак, з’яўляецца рэгулярным, параўн. прасл. bṛzъ/bṛzdъ ∼ балт. brzgъ ’хуткі’, літ. burzdùs/burzgùs ’жвавы’. Мартынаў (Слав. акком., 68) адрозненне ў суфіксацыі слав. (‑to‑) і балт. (‑ko) тлумачыць змешваннем і на карысць . Педэрсэн (IF, 5, 79) прабалт. лексему спрабуе рэканструяваць як *laištkas. Іншыя індаеўрапейскія адпаведнікі не знойдзены. Больш падрабязна гл. Слаўскі, 4, 282; Фасмер, 2, 500–501; Скок, 2, 307–308; Бязлай, 2, 144. Махэк 2 (335) звязвае балт. і слав. лексемы праз зборнае слав. listvьje < lisk ‑tvьje. Сюды ж ліст ’бляхі, на якіх пякуць піражкі, мяса’ < ліст ’ліст капусты, дуба, на якім пякуць хлеб’; ліставы, лісцвянны, лісцёвы, лісцясты, лісцвячы, лісцявы (Сл. ПЗБ, ТСБМ, Сцяшк., ветк., Мат. Гом.).

Ліст2 ’тонкі пласт матэрыялу (паперы, металу, фанеры)’, ’допіс’, ’афіцыйная папера, дакумент’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Гарэц., Мал., Касп., Шат., Бяльк.; Сл. ПЗБ), ст.-бел. листъ ’грамата’. Запазычана са ст.-польск. list ’тс’, якое да ліст1 (гл.).

Лістабой ’восеньскі вецер’ (маст., Сцяшк. Сл.). Да ліст1 і біць (гл.). Аналагічна рус. наўг. листобой ’моцны асенні паўн.-усх. вецер’.

Лістава́ць ’перагортваць’ (Нас.), смал. листованье ’перагортванне’, рус. листовать, чэш. listovati. Да ліста́ць (гл.).