Лопухі ’нераўнамерна адцягнутае ў час кляпання вастрыё касы’ (лун., Мат. ЛАБНГ). Да лопух (гл.). Гэта лексема пацвярджае меркаванне аб паходжанні лапату́ха, лопаўка, лопацень (гл.).
Лопуцень ’лопух павуціністы, Arctium (L.) tomentosum Mill.’ (брэсц., Кіс.). Утворана пры дапамозе суф. ‑ень ад ⁺лопут‑, якое, магчыма, генетычна суадносіцца з літ. lapúotas ’ліставы’, ’пакрыты лістамі’ — менавіта так выглядаюць учэпістыя калючкі лопуху.
Лопян ’лопух павуціністы, Arctium (L.) tomentosum Mill.’ (брэсц., Кіс.). Запазычана з польск. łopian ’лопух вялікі, Arctium lappa’, якое з прасл. lopěnъ < і.-е. *lō̆p‑/*lē̆p‑ ’аб нечым шырокім і плоскім’ (Слаўскі, 5, 199–201).