Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Добранаме́рны ’добранамерны’ (БРС). Калька рус. благонаме́ренный ’тс’. Лексема добранаме́рнасць (БРС) з’яўляецца, як можна меркаваць, калькай рус. благонаме́ренность.

Добрапрысто́йны ’добрапрыстойны’ (БРС). Можна меркаваць, што гэта калька рус. слова благопристо́йный ’тс’. Таксама з’яўляецца калькай добрапрысто́йнасць (рус. благопристо́йность).

Добрасардэ́чны ’добрасардэчны’ (БРС). Здаецца, запазычанне з рус. добросерде́чный ’тс’, якое, паводле Шанскага (1, Д, Е, Ж, 146–147), з’яўляецца пераафармленнем старога добросе́рдый (форма добросерде́чный вядома з XVII–XVIII стст.). Калькай з рус., відаць, з’яўляецца і добрасардэ́чнасць (рус. добросерде́чность).

Добрасумле́нны ’добрасумленны’ (БРС). Відавочная калька з рус. добросо́вестный ’тс’.

Добрасусе́дскі ’добрасуседскі’ (БРС). Рус. добрососе́дский, укр. добросусі́дський, польск. dobrosąsiedzki, балг. добросъсе́дски. Калька з ням. gutnachbarlich. У рус. мове першая фіксацыя ў 1935 г. (слоўнік Ушакова). У бел. і ўкр. мовах, відаць, запазычанне непасрэдна з рус. мовы. Параўн. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 147.

До́бры ’добры’ (БРС). Рус. до́брый, укр. до́брий, польск. dóbry, чэш. dobrý, серб.-харв. до̏бар, ст.-слав. добръ і г. д. Прасл. *dobrъ. У аснове ляжыць і.-е. *dhabhro‑ (ад асновы *dhabh‑): лац. faber ’рамеснік’, арм. darbin ’каваль’, ст.-в.-ням. taphar ’моцны; смелы’. Фасмер, 1, 520–521; Трубачоў, Эт. сл., 5, 45–46; Махэк₂, 122; Бернекер, 1, 205; Слаўскі, 1, 151.

До́вад ’довад, доказ’ (БРС). Рус. до́вод, укр. до́від, польск. dowód, чэш. důvod, балг. до́вод і г. д. Ужо ў ст.-рус. мове доводъ ’тс’. Паводле Слаўскага (1, 158–159), агульнаславянскае ўтварэнне. Гл. яшчэ Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 149 (ад дзеяслова доводити). У Трубачова (Эт. сл., 5) няма (відаць, не лічыцца праславянскім).

Дог ’дог’ (сабака) (БРС). Рус. дог, укр. дог. Запазычанне з англ. мовы (англ. dog ’сабака’) на пачатку XIX ст. Гл. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 150.

До́гма ’догма’ (БРС). Рус. до́гма, укр. до́гма. У рус. мове запазычанне з лац. мовы (лац. dogma < грэч.) у XVII ст. Ст.-бел. догма (вядомае з слоўніка Бярынды, гл. Булыка, Запазыч.), паводле Булыкі (там жа), узята прама з грэч. δόγμα.

До́днік ’світанне’ (Сцяшк.). Утварэнне на базе прыслоўя до́дніка ’на світанні’ (Сцяшк.): < до‑дні‑ка < до дня ’да дня, перад світаннем’ + суфікс ‑ка, які часта ўтварае прыслоўе. Адсюль назоўнік м. р. до́днік (з усячэннем вакалізму суфікса).