Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вясня́к1 ’вясковы жыхар, селянін’ (Нас.). Запазычана з польск. wieśniak ’тс’. Аналагічна весняцкі ’сялянскі’ < польск. wieśniacki, веснячка ’сялянка’ < польск. wieśniaczka.

Вясня́к2 ’сад, пасаджаны або перасаджаны вясною’ (слаўг., Яшк.), рус. весняк ’малады лясны зараснік, які вырастае вясной’. Да вясна́ (гл.). Утворана пры дапамозе суф. Nomen collectivum ‑няк.

Вясня́к3 ’цёплы паўднёвы вецер’ (слаўг., Яшк.), рус. арханг., разак, ’вясенні паўдн.-усх. вецер’. Да вясна́ (гл.). Утворана пры дапамозе суф. ‑як.

Вясня́нка1 ’вяснушка на твары’ (ветк., Мат. Гом.), укр. весня́нки, рус. кастр., пск. веснянки ’тс’. Усходнеславянскае ўтварэнне, ад вясняны (гл.) < vesnьnъ і суф. ‑к‑а.

Вясня́нка2 ’вясенняя песня’ (БРС), вяснянкі ’благавешчанскія вясеннія песні’ (Шн., 1), укр. веснянка ’вяснянка’, рус. веснянки ’вясеннія песні, якія спяваюцца ў карагодах ад благавешчання да ўзнясення’. Польск. wiośnianka. Новае запазычанне. Усх.-слав. лексема, утвораная ў выніку семантычнай кандэнсацыі выражэння вясенняя песня, як, напрыклад, чыгунка (< чыгуначная дарога).

*Вяснянка3, весня́нка ’яравая пшаніца’ (Выг.). Да вясна́ (гл.). Утварэнне, аналагічнае да папярэдняга слова.

Вясня́нка4 ’насякомае з сям’і Plecoptera’ (БРС). Запазычана, відаць, з рус. мовы. Названа так таму, што выхад з вады і вылет даспелых насякомых пачынаецца ранняй вясною.

Вяснянка5 ’апенька’ (б.-каш., Мат. Гом.), відавочна, ’летняя апенька, Pholiota mutabilis’. Да вясна́ (гл.). У дадзеным выпадку вясна азначала ’вясна і лета’, таксама як у балт. мовах. І наадварот, у некаторых слав. гаворках (напр., сілезскіх) lato ’перыяд вясны і лета’. Утварылася шляхам семантычнай кандэнсацыі з вясняная апенька. Сюды ж вясьнянкі ’вясеннія апенькі’ (Інстр. II).

Вясня́ны ’вясенні’ (Сцяшк., МГ, КТС), драг. высне́ны ’тс’ (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), вясня́на воўна ’воўна адстрыжаных увесну авец’, вясня́ны дзень ’абрадавы вясенні дзень’ (Сцяшк. МГ), укр. весняний, рус. дан. весняный. Да вясна (гл.). Утворана пры дапамозе суф. ‑ян‑ы.

Вясня́чка ’яравая пшаніца’ (слонім., Сцяшк. МГ) — вузка-рэгіянальнае ўтварэнне ад вясна́ (гл.) і суф. ‑ячк‑а (Сцяцко, Афікс. наз., 182).

Вясталка ’жрыца старажытнарымскай багіні Весты — захавальніцы дамашняга агню’ (БРС, КТС), укр., рус. весталка, польск. westalka і г. д. Запазычана з польск. ці з рус. мовы; у якой < з франц. vestale (Фасмер, 1, 304) або непасрэдна з лац. (у канцы XVIII ст.) паводле Шанскага, 1, В, 74.

Вястун ’веснік, прадвеснік’ (БРС, КТС), рус. пск. вестуно́к ’веснік’, польск. zwiastun ’прадвеснік, вястун’. Бел. лексема — пранікненне польск. zwiastun (без прэфікса z‑, які, аднак, захаваўся ў слове звестка (гл.)). Да ведаць, весць (гл.). Сюды ж вясту́нка (БРС, КТС).

Вясціна ’вестка’ (КТС). Утворана пры дапамозе сінгулятыўнага суф. ‑іна ад весць (гл.).

Вясы1 ’вага, вагі’ (Бяльк., Інстр. III, Сцяшк. МГ) запазычана з рус. весы ’тс’ (Шанскі, 1, В, 77; КЭСРЯ, 77).

Вясы2 ’вага ў студні з жураўлём’ (б.-каш., ДАБМ) магло ўзнікнуць як перанос вясы1 або як пераклад бел. вага ’вага ў студні з жураўлём’ пад уплывам рус. весы ’вага’.

Вясьці ’весці, цягнуць’ (КТС, Бяльк., Касп., міёр., З нар. сл.), вясьці́сь ’весціся, быць, паводзіцца, устанавіцца звычаю’ (Бяльк.). Да ве́сці (гл.).

Вя́тка ’натоўп, гурт людзей, арцель, чарада’ (Гарэц., КСП, КТС, Нар. сл., Садоўскі, вусн. паведамл.). Рус. вятка ’тс’ (смал., Даль, пск., СРНГ); ’вячоркі’ (смал., Садкова, вусн. паведамл.). Слова з даволі вузкім арэалам распаўсюджання. Параўн., напрыклад, заўвагу Козырева: «Вятка… — специфически смоленская лексика» (Бел.-рус. ізал., 59). Недахоп даных прымушае выказаць толькі здагадку. Можна дапусціць, што гэта рэпрэзентацыя старой асновы jat‑ (‑iti) (параўн. серб.-харв. jȁtiti (se) ’збірацца’). Па форме (далучэнне пратэзы) гэта, у такім разе, утварэнне тыпу вячай, вятроўка (гл.). Да семантыкі параўн. паўднёваславянскую лексіку: серб.-харв. jȁto ’чарада, абшчына, брацтва’, славен. jȃta ’чарада, статак’, балг. ято ’чарада’ і да т. п., аб якіх гл. Скок, 1, 761. Вятка, такім чынам, дэмінутыў ад jat‑a або іначай суфіксальнае ўтварэнне ад дзеяслоўнай асновы jat‑. Усю праблематыку апошняга гл. пад ятка2.