Прызнія́ць ’прыгарэць’ (Касп.). Прэфіксальнае ўтварэнне ад незафіксаванага *знія́ць ’гарэць’ з коранем зн(і/о)‑ < прасл. znʼ‑, які рэалізуецца ў назоўніку *znoj і дзеяслове *zněti (< *znoįti) ’гарэць’ (гл. зніч, зно́іць), параўн. чэш. zněť, zňat ’тлець; паліць’, рус. знеть, зне́ять ’тлець, распаляцца’. Відаць, у сувязі з наяўнасцю пры‑знія́ць можна прапанаваць магчымы карэлят для *zněti, а менавіта *zniti/*znijati. Аб сувязях з прасл. *gnětiti ’распальваць, запальваць, паліць’ гл. Анікін, Этимология, 431–433.
Прызнусці́ць, прізнусці́ць, прізнушча́ць ’прымусіць падманам, угаворамі; падмануць; прывабіць’ (жлоб., слаўг., Нар. словатв.), прызнушча́ць ’прымушаць’ (Ян.). Да знусці́ць/знушча́ць, гл. зваротнае знушча́цца, якое не мае агульнапрынятай этымалогіі. Спроба звязаць укр. з(г)нуща́тися з прасл. *gnusъ, якую прапануе ЕСУМ (2, 272), таксама не пераконвае.
Прызо́рніца ’сядзелка’ (Ласт.). Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад незафіксаванага *прызо́рваць ’даглядаць’, гл. зо́рыць. Відаць, сюды ж прызо́р ’кампанія’ (ашм., Сл. ПЗБ: “Як вып’я, то шукая прызо́ру”) — метафарычны перанос зневажальнага характару размоўнага значэння прызо́р ’нагляд’.
Прызы́каць экспр.’прыбегчы (толькі пра кароў)’ (шуміл., Сл. ПЗБ). Да зы́каць, зы́кацца ’бегаць з ровам; гаворыцца пра кароў, бегаючых ў час летняй спякоты ад укусаў насякомых, якіх называюць зы́каўкамі’ (Нас.).
Прызы́рыць ’прыпячы’ (ТС). Прыставачна-суфіксальнае ўтварэнне ад зафіксаванага там жа зыр ’гарачыня, спёка, жар’ (гл.). Верагодна, сюды ж трэба аднесці прызы́рыць ’прымусіць; прыструніць’ (Шат., Хрэст. дыял., ТС) з далейшым развіццём семантыкі ’пячы’ → ’біць’. Гл. таксама Антропаў, Супр. чыт. III, 14.
Прызы́ў ’дзеянне і людзі, адначасова прызваныя ў армію’ (ТСБМ), пры́зыў ’тс’ (Растарг.), пры́заў ’прызыў (у войска)’ (Ян.), толькі мн. л. пры́звы ’служба ў арміі’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Запазычана з рус. призы́в, дыял. при́зо́в ’тс’.
Прызьмо́, прызмо́ (pryzmó), пры́змо, пры́зма ’прывязка, якою прымацоўваецца біч да цапільна; вяроўка, скручаная з лазы, для замацавання дэталяў сахі; лазовы калач, (вяровачная) прывязка, якою прывязваюць ярмо да рагача (аглабель); прут, які засоўваюць у ярмо’ (Байк. і Некр.; парыц., Некр.; Маш.; смаляв., бялын., Янк. 1; ДАБМ, ПСл, Скарбы; бераст., ЛА, 2). Аддзеяслоўны назоўнік ад прывяза́ць са стратай пачатковага складу кораня: прывяза́ць > пры(вя)зьмо́ > прызьмо́.
Прызя́бнуць ’прыхапіць лядком’: быстры речки призябнули, ручаёчки ни цекуць (Дзмітр.). Да зя́бнуць ’мерзнуць’ (гл.) < прасл. *zęb(nǫ)ti з пашырэннем семантыкі.
Прызяле́нны (прызеле́нны) ’няспелы’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Прыставачна-суфіксальнае ўтварэнне ад зе́лень, гл. зялёны з відавочным семантычным зрухам ’зялёны’ → ’няспелы’.
Пры́зямлянка (пры́землянка) ’жаваранак’ (ПСл; верагоднае маецца на ўвазе жаваранак чубаты, Galerida cristata L.). Лексікалізацыя словаспалучэння пры зямлі́, якое паказвае на звычайны біятоп гэтай птушкі. Параўн. зямля́нка і пад. для назваў берагавой ластаўкі, сітаўкі жоўтай і жаваранка чубатага (падрабязна гл. Антропаў, Назв. птиц, 259).