Знушча́цца ’здзекавацца’ (Жд. 2; Мат. Гом.; ЭШ), змушча́цца ’тс’ (Жд. 2). Рус. зах. бранск. знущаться ’тс’, паўд. змущаться ’тс’, вяцк., смал. змуща́ть ’схіляць, спакушаць, падбухторваць, нацкаваць’, укр. знуща́тися ’здзекавацца’. Булахоўскі (Питання, 65; Вибр., 2, 71) выводзіў укр. знуща́тися з *згнущатися. Трубачоў (Проспект, 83–84) рэканструюе прасл. дыял. sъn‑uščati () і, параўноўваючы з польск. poduszczać ’падбухторваць’, выводзіць бяспрэфіксны дзеяслоў uščati < ustjati ад usta (гл. вусны) і дае для дзеяслова балт. паралелі: літ. дыял. áuščioti ’балбатаць, гаварыць’, лат. aūšât ’балбатаць’. Параўн. і Трубачоў, Слав. языкозн., V, 179. Мартынаў (Бел. укр. ізал., 48; Лекс. Палесся, 13–14) далучае да гэтых паралелей мін.-маладз. ушчуваць ’лаяць’, ушчувацца ’крыўдзіцца’, а таксама ст.-рус. наустити (параўн. і рус. наущать), рэканструюе ўсх.-балт. *san‑austjati і лічыць, што яно пранікла ў бел., укр. Трэба, аднак, улічыць, што наустити не ст.-рус., а ст.-слав. факт, прадстаўлены ў Зогр. і Мар. евангеллях, таму тут больш верогодна не пранікненне, а генетычная роднаснасць (як мяркуе Трубачоў). У бел., відаць, адбываецца ўзаемадзеянне знушчацца і змушчацца (параўн. рус. смущаться да смутить, гл. муціць), якое першасна мела значэнне ’выклікаць непакой’. Ці не трэба ўлічыць пры тлумачэнні польск. уст. znękać ’засмучаць, знясільваць’, в.-луж. znućić ’прымусіць’? Параўн. таксама бел. зні́шчыць, укр. знищити ’спыніць існаванне’ і ст.-рус. изнищити ’зрабіць жабраком’. Семантычны бок цікавай гіпотэзы Трубачова патрабуе ўдакладненняў, сярод якіх магчыма і ўздзеянне ўказаных слоў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)