Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ляны́к ’перапечка, праснак з дадаткам тоўчанага льнянога семені’ (Клім.). Да ля́ны2 (гл.).

Ляню́х ’гультай’ (вільн., Сл. ПЗБ). Відавочна, запазычанне з польск. мовы, хаця Слаўскі (4, 152) мяркуе, што гэта лексема праславянская, параўн. польск. leniuchlenioch), укр. ліню́х ’тс’, закарп. лінюхи́ ’трутні’; славац. leňúch, чак. lenjȗh, славен. lẹnúh ’гультай’.

Ляня́ха ’міска’ (шчуч., Сцяшк. Сл.). Відаць, да ⁺гліняха (< глі́на). Параўн. гродз. гліня́к ’гліняны гаршчок’ (Сл. ПЗБ).

Ляоды́чыння ’для выгляду’ (Клім.) узнікла з для годы́чыньня — да гадзі́ць, дагаджа́ць (гл.).

Ляп! — у значэнні ’ляпнуць’ (ТСБМ), выклічнік, які перадае ’стук, удар’ (Нас.), ляп‑ляп (зубамі) ’тс’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Укр. ляп! ’шлёп! хлоп!’, рус. смал., цвяр. ляп! — у значэнні ’ўдарыць, ударыцца’, ’трашчаць (аб марозе)’. Ст.-рус. ляпь, ст.-чэш. lap ’хутка, не думаючы’, польск. lapie ’тс’. Гукапераймальнае, як і незалежна ўтвораныя гукапераймальныя: літ. lap(t)! — аб цяжкім ступанні, аб гуку пры падзенні, аб хуткім хватанні, алб. lʼap ’хлябтаць’, арм. lapʼem ’лізаць’, ням. lappen ’тс’, ’хлябтаць’, франц. laper ’тс’ (Бернекер, 1, 690; Праабражэнскі, 1, 499; Фасмер, 2, 552; Махэк₂, 320).

Ля́па1 ’пашча, рот звера, вужа, рыбы, чалавека’, ’шырокі рот’, ’звяглівы чалавек’, ’морда’ (ТСБМ, Гарэц., Шн. 2, Касп., Шат., Бяльк., Растарг., Сл. ПЗБ, КЭС, лаг.; докш., маладз., Янк. Мат.), ля́паўка ’рот’ (смарг., Сл. ПЗБ), ’зяпа’ (слуц., Жыв. сл.). Рус. смал., пск. ля́па ’рот, пашча’. Балтызм. Параўн. літ. lepà, lẽpas ’морда, зяпа’ (Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 2, 719). Сюды ж ляплі́вы ’балбатлівы’ (паст., віл., Сл. ПЗБ).

Ля́па2 ’язва, балячка’ (саліг., Нар. словатв.), люб. ’пухліна’, ганц., пух. ’нарасць на чым-небудзь’ (Сл. ПЗБ). Укр. я́пина ’нарост на дрэве’. Балтызм. Параўн. літ. lẽpis ’соска’, ’казырок шапкі’, lė́pis ’выступ страхі, шырокая страха’ (Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 2, 719).

Ля́па3, ляпані́на ’слата, хлюпата’ (швянч., ганц.), ля́паўка (смарг.) ’тс’, паст. ля́пська ’слотна’ (Сл. ПЗБ), драг. хляпанэ́на ’хлюпата (мокры снег, гразь)’. Укр. валын. ляпани́ця ’тс’, рус. валаг. ляпани́на ’непралазная гразь’. Балтызм. Параўн. літ. šlãpias ’мокры’ (Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 2, 719). Параўн. таксама тураў. лепету́ха ’вадкая гразь’, ле́пець ’слота’ (ТС).

Ля́па4 ’сургуч’ (глус., КЭС). Да ля́паць3 ’кідаць, мазаць густое, ліпкае’ (гл.).

*Ляпа́й, лепа́й ’муляр’ (ТС). Да ляпі́ць (гл.). Аб суфіксе ‑ай гл. Сцяцко, Афікс. наз., 23.

Ляпа́йла ’манюка, той, хто нясе лухту’ (Шат.). Рус. валаг., перм. ля́пало ’пляткар’. Да ля́паць ’гаварыць абы-што’. (Аднак параўн. літ. lẽpas ’балбатун’, lẽpaila ’гультай, вялы чалавек’.) Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 93.

*Ляпа́к1, лепа́к ’цяльпук’ (ТС). Балтызм. Параўн. літ. lapõkas ’такі сабе, не асаблівы’, lėpė̃kas, lepekiùšas ’бесталковы чалавек’.

*Ляпа́к2, лепа́к ’пляскач’ (ТС). Да ля́паць ’біць па чым-небудзь мяккім’ (гл.).

*Ляпа́к3, лепа́к ’муляр’ (ТС). Да ляпі́ць.

Ля́панка ’стрэльба з куркамі’ (стол., ТС). Да ля́паць1 ’біць з шумам, са стукам’.