Ляны́, ля́ный, ле́ны, лены́ ’лянівы’ (ТСБМ, Нас., Мікуц., Гарэц., Янк. 1, Шат., Касп., Пятк., Маш., КЭС, лаг., ТС; Сл. ПЗБ), слуц. ле́ны дуб ’адзінокі дуб на лузе, у полі’ (БНТ, Лег. і пад.); зах.-рус. ленный, ленной ’гультаяваты’, ст.-рус. лѣный ’павольны’, ’гультаяваты’, польск. leny, в.-луж. lěni, lěny, lijeni ’тс’, чэш. líný ’слабы, самлелы’, ст.-чэш. léni, léný, славен. lẹ̑n, серб.-харв. lȉjen, чак. ле́нӣ, усх.-серб. ле̂њ, ст.-слав. лѣнъ. Прасл. lěnъ ’гультаяваты, павольны, марудны’ (Слаўскі, 4, 157–159). Да і.-е. lē‑ (Шустар-Шэўц, 826). Генетычна яму адпавядаюць: літ. lė́nas ’спакойны, ціхі’, ’слабы’, лат. lḕns ’тс’, літ. lė̃tas ’павольны, ціхі’, lėtùs ’тс’, лац. lēnis ’мяккі, пяшчотны’ (Фасмер, 2, 482–483). Аткупшчыкоў (Из истории, 246) звязвае гэту лексему з коранем leg‑/log‑ > *leg‑s‑nis > лѣнь (пры ізасемантычным радзе ’ляжаць’ — ’гультай’: leg‑e‑nis > лежень), параўн. таксама паралельнае развіццё раду вытворных асновы лѣн — у рускіх гаворках са значэннем ’ляжаць’, напр. лѣнуха, лѣнивка ’лава ля печы’. Сюды ж лень‑дуб ’від дуба, які позна распускаецца’ (ТС), ляні́вы (ст.-бел. ленивый, лѣнивый) ’непрацалюбівы, марудны ў працы, у рухах, вялы’, ляні́цца, лыны́тысь ’ленавацца’ (КЭС, лаг.; Сл. ПЗБ, ТСБМ, Яруш.; Панюціч, 101). Гл. таксама лень1, лень2, ляна́.

Ля́ны2 ’ільняны’ (Сцяшк., маладз. Жыв. сл.). Ля́ны выхад ’рабочы дзень на ўборцы льну’ (карэліц., Сл. ПЗБ). Да лён, ільняны (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)