Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Вясе́льны ’які мае дачыненне да вяселля’ (Нас., КТС, БРС, Мал., віл., З нар. сл.). Утворана пры дапамозе суф. ‑н‑ы (< ьnъ) ад вясе́лле (гл.).

Вя́сельны ’які мае дачыненне да вя́сла, зроблены з вясла’. Утворана ад вя́сла (гл.) і суф. ‑н‑ы (< ьnъ).

Вясе́льца ’вясло лодкі’ (Бяльк., КТС) — памяншальная форма лексемы вясло́ (гл.).

Вя́сельца (КТС) — памяншальная форма лексемы вя́сла (гл.).

Вясе́льшы ’весялейшы’ (Нас., Сцяшк. МГ) — параўнальная ступень прыметніка вясёлы, утвораная пад уплывам польск. weselszy.

Вясе́лячы (газ) ’закіс азоту, які ап’яняе чалавека’ (БРС). Запазычанне (калька) з рус. веселящий (газ).

Вясе́нка, вясенька (КТС) — памяншальна-ласкальная форма, утвораная пры дапамозе суф. ‑к‑a ад вясна́ (гл.).

Вясе́нні ’веснавы’ (БРС, КТС), вясеньній ’тс’ (Бяльк.), укр. весінний, рус. весенний, ст.-рус. весненыи, весньный, польск. wiosenny, чэш. мар. vesní. Утворана пры дапамозе суф. ‑н‑і (< ‑ьnъ). Да вясна́ (гл.).

Вясёланка, вясёлонка ’святліца’ (брасл., Карскі, Труды) — рэгіянальнае ўтварэнне ад вясёлы (гл.) са значэннем ’светлы’, параўн. рус. калуж. весёлая ночь ’светлая, месячная ноч’, вясёлка ’адкрытае месца, якое асвятляецца і саграваецца сонцам’, і памяншальна-ласкальнага суф. ‑он‑к‑а.

Вясёласць ’весялосць’ (КТС), вясёлысьць ’тс’ (Бяльк.), укр. веселість, рус. весёлость ’тс’, польск. wesołość ’вясёлы настрой, пацеха, радасць, добры гумар’; ’вясёлы спосаб правядзення часу’, н.-луж. wjasolosć, в.-луж. wjesołosć ’весялосць, радасць’, чэш. veselost ’весялосць, забава, пацеха’, паўдн.-усх. ’вяселле’, славац. veselosť ’весялосць, забава’, славен. vesẹ̑lost, серб.-харв. ве̏селост, макед., балг. веселост. Прасл. veselostь, утворанае з суф. ‑ostь ад прым. veselъ > вясёлы (гл.). Бел. літаратурная форма мае націск на канчатку.

*Вясёлачка, вясёлычка — памяншальнае ад вясло́ ’вясло ў чаўне’ (Бяльк.). Утворана пры дапамозе суф. ‑ачк‑а. Паводле рэдкасці суфікса н. р. і тэрытарыяльнай абмежаванасці ўжывання, можна меркаваць, што слова было запазычана з рус. гаворак, дзе маецца арханг., алан., валаг., перм. весёлышко ’тс’, суфікс якога быў відазменены на бел. глебе пад уплывам ‑ечк‑а (як лісцечка, гняздзечка).

Вясёлка 1 ’радуга’ (БРС, КТС, Янк. II, Касп., Гарэц., Сцяшк. МГ, Грыг., Мядзв., пух., З нар. сл.), wiesióu̯ka, wiesiúu̯ka (Маш.), укр. весе́лка, а таксама весели́ця, весели́чка, веселі́вка, весі́вка, рус. пск., смал., валаг. весёлка ’тс’. Да вясёлы (гл.). Усх.-слав. арэал пашырэння лексемы можна звязаць з літ. linskmỹnė ’вясёлка’ ⟷ liñksmas ’вясёлы’ (Непакупны, Связи, 64–65) і вепск. ilʼoi‑kalʼoi ’вясёлка’ ⟷ іло ’весялосць, смех’; падобная ж матывацыя ў бел., рус. радуга < radǫga ⟷ radъ ’рады’ (Фасмер, 3, 431). Параўн. таксама весялу́ха 2 (гл.). Сюды ж вясёлкавы. Афанасьеў (Представл., 3) атаясамлівае висялуха з висеть ’якая вісіць у паветры’.

Вясёлка 2 ’таемнік, Lathraea squamaria L.’ (мін., Кіс.) — рэгіянальнае ўтварэнне ад вясёлы (гл.) і суф. ‑к‑a. Названа расліна паводле шматколернасці (бледна-ружова-чырвоная) суквецця. Параўн. тое ж у рус. весёлые глазки ’браткі, Viola tricolor L.’.

Вясёлка 3 ’смаржок, Gyromitra esculenta’ (Інстр. II), гом. вясё́лкі ’смаржкі’ (Працы, 6), узд. ’порхаўка, Phallus impudicus’, укр. весе́лка воню́ча ’тс’, весе́лка чо́ртова ’Phallus caninus Huds.’ Да вясна > *вясеннік < вясенні грыб. Паводле народнай этымалогіі, ад вясёлы ў сувязі з незвычайнасцю формы (выгляду) грыба. Гл. таксама весялуха 5, вяселік 2.

Вясёлка 4 ’бародаўчатая бяроза, Betula verrucosa Ehrh.’ (лёзы., КЭС); ’звычайная дробналістая бяроза’ (паўн.-віц., Нар. лекс.), рус. смал., пск. весёлка ’кучаравая бяроза з гладкімі бліскучымі лістамі’, смал. весёлочка ’тс’. Пад уплывам народнай этымалогіі — да вясёлы. Больш імаверна да вясна (гл.). Параўн. таксама ўкр. назву вясенняга месяца сакавіка бе́резень.