Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ву́ксус ’воцат’ (Жд., 3). Запазычана з рус. у́ксус.

Вула́н1 ’фальбона’ (Сцяшк.). Вуснае запазычанне з рус. вола́н ’тс’. Гл. валан.

Вула́н2 ’улан’ (Бірыла, Бел. антр., 2). Гл. улан.

Ву́лачка ’вулічка’ (Нас., Бяльк.); ’завулак’ (бых., Янк. Мат.) ’вузкая дарожка, абгароджаная з двух бакоў’ (КЭС, лаг.). Гл. вуліца, вулка.

Вулды́р ’гуз’ (Жд., 2, 3), вулды́рь ’гуз, гузак, пухір’ (Бяльк.), рус. волды́рь ’тс’ (няяснага паходжання, гл. Фасмер, 1, 338). Няма падстаў разглядаць асобна ад булды́р ’пухір, бурбалка, бугор’ (параўн. Гараеў, 53; Праабражэнскі, 1, 91), з метатэзай бурды́ль і асабліва бурду́ль ’пухір’, вытворных ад дзеясловаў з «вобразнай» семантыкай, гл. бурдзе́ць ’пачынаць закісаць’ (З нар. сл.); параўн. інш. семантычныя паралелі: брузды́ль ’пухір на целе’ і брузда́цца ’аблівацца ў час яды’ (Бяльк.), літ. vir̃dulas ’пухір, бурбалка’ ад vìrti, vérda ’кіпець’ (Атрэмбскі, Gramatyka, 125). Фармальная блізкасць утварэнняў з пачатковымі в і б прывяла да перапляцення значэнняў ’пухір’ і ’гуз’; ёсць падставы меркаваць, што зыходным для ўтварэнняў з в было значэнне ’гуз, круглы прадмет’ і аснова вурд‑ (*vr̥d‑), гл. навагр. ву́рда ’вяртушка зробленая з бярцовай косці свінні, буркаўка’ (Жыв. сл.); параўн. балг. върда́лям ’перакульваць’, серб.-харв. вр̏дати ’вярцецца, круціцца’, тады вулды́р < *вурдыль з метатэзай. Адносна суфіксацыі, асабліва чаргавання ‑ыль/‑уль, параўн. Слаўскі, SP, 1, 112.

Ву́лей (БРС, Грыг., Бяльк., Шат., Сцяшк. МГ, Анох.), ву́ляй (чэрв., рагач., З нар. сл.), уле́й (віл., воран., З нар. сл.), вуль, уль (Касп., глыб., віл., слаўг., бялын., З нар. сл., палес., Анох., Нар. лекс.), укр. ву́лій, ву́лень, ву́лік, дыял. вуль (Лысенка, СПГ), ву́лий ’бочка для залення бялізны’, рус. у́лей, польск. ul, чэш. úl, славац. úľ, н.-луж. huľ ’вулей, выдзеўбаная калода’, палаб. väul, славен. úlj ’дуплістае дрэва, борць, вулей’, серб.-харв. уља̀ник ’вулей’, мн. л. у́љеви ’чарва’, макед. улиште ’вулей’, балг. у́лей, дыял. радоп. вулʼ ’дрэва з дуплом, драўляная труба для вады ў млыне, вулей’. Прасл. ulьjь, uljь ’дупло, пустая калода, вулей’; дакладны семантычны і словаўтваральны адпаведнік слав. uljьліт. aulỹs, лат. aũlis; паколькі такая форма ўспрымалася як зборны назоўнік, то для ўзмацнення адзінкавасці атрымала дадатковы фармант ulь‑jь; параўн. салаве́й (*solvь‑jь) (Мартынаў, Деривация, 56 і наст.); характэрна, што нарашчэнне атрымала таксама адпаведная літоўская форма avilỹs (Атрэмбскі, Gramatyka, 122). Іншыя і.-е. адпаведнікі: ст.-прус. aulis ’галёнка’, aulinis ’халява’, грэч. αὐλός ’труба, дудка’, лац. alvus ’поласць жывата, трыбух’, alveus ’поласць, карыта, вулей’, што дазваляе рэканструяваць і.-е. *au‑lo‑s ’труба, падоўжная поласць’ (Фасмер, 4, 159; Брукнер, 593; Младэнаў, 651; Махэк₂, 668; Слаўскі, SP, 1, 80, 83 адносна суфікса ‑jь: «выступае ў функцыі фарманта, які пашырае розныя архаічныя словаўтваральныя катэгорыі, накладваючыся на першасныя ўтварэнні»). Беспадстаўна Булыка (Запазыч., 329) выводзіць ст.-бел. уль з польск. ul.

Ву́лечка ’качаня’ (Мат. Гом.); ’качанятка, часам куранятка’ (Янк. II). Згодна Янкоўскаму (там жа), памянш.-ласк. ад падзыўнога вуль-вуль-вуль (гл.).

Ву́лівок ’яйка з вельмі слабой шкарлупой’ (усх.-палес., З нар. сл., КСТ). Гл. вы́лівак.

Ву́лік ’вулей’ (КСТ), укр. ву́лік ’тс’. Да вуль ’тс’, гл. ву́лей; адносна суфіксацыі параўн. польск. słowik, чэш. slavík, балг. сла́вик (прасл. solvikъ, аб прычынах нарашчэння гл. Мартынаў, Деривация, 56 і наст.).

Ву́ліў ’лівень’ (КСТ). Гл. вы́ліў, адносна фанетыкі гл. ву́зверыцца.

Ву́ліўка ’чарпак для вылівання вады з лодкі’ (КСТ). Гл. вы́ліўка.