Салаве́й ’маленькая пеўчая птушка атрада вераб’іных, якая вылучаецца прыгожым спевам’. Агульнаславянскае; укр. солові́й, солове́й, рус. солове́й, ст.-рус. соловии, руск.-ц.-слав. славии, польск. słowik. Прасл. *solvьjь, якое потым у некаторых славянскіх мовах было пашырана рознымі суф. Большасць даследчыкаў (Младэнаў, 588; Брукнер, 501; Махэк₂, 556; Фасмер, 3, 711) лічаць дэрыватам ад прасл. *solvъ ’жаўтавата-шэры’ (параўн. рус. солово́й ’тс’) з суф. ‑ьjь (SP, 1, 84). Назва птушкі па колеру апярэння. Паралель у ст.-прус. salowis ’салавей’. Параўноўвалі таксама з літ. šalvas, šalvis ’харыус’, гл. Зубаты, AfslPh, 16, 413; Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 7, 110, і інш.; і са ст.-в.-ням. swolawa ’ластаўка’, ст.-ісл. svola ’тс’, гл. напрыклад Сольмсен, AfslPh, 24, 575; Шустар-Шэўц, 2, 1332; Борысь, 559; супраць Фасмер, там жа. Мартынаў (Этимология–1982, 9) не аддзяляе салавей ад слава і першасным значэннем лічыць ’той, хто пяе славу’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)