Перака́за ’перашкода, замінка, цяжкасць’ (Гарб., Нас.), перака́зіць ’сапсаваць; перашкодзіць’ (Нас.). Да ка́зіць ’псаваць, шкодзіць’ (гл.), магчыма, пад уплывам польск. przekaza ’перашкода’, przekazić ’перашкодзіць; перапыніць (пры размове)’.
Пераказа́ць ’перадаць у спадчыну’ (ТС). З польск. przekazać ’перапісаць, пакінуць у спадчыну’.
Пераказі́цца (перэ́казіцца) ’вельмі змяніцца тварам пад уплывам чагосьці дужа непрыемнага’ (Растарг.), смал. перекази́ть ’сапсаваць’. Да пера- і казі́ць (гл.).
Перака́зы ’плёткі’ (Нас.). Ад пераказа́ць, перака́зваць ’перадаваць пачутае’, рус. перека́зывать ’наказаць, перадаваць вестку, просьбу’, укр. перека́зувати ’апавядаць; перадаваць на словах’, польск. przekaz ’паведамленне’, przekazać ’перадаць’. Усх.-слав.-польск. ізалекса. Да пера- і каза́ць (гл.).
Перакаламсоліваць (пірікыламсолівыць) ’перамешваць’ (Юрч. СНЛ). Да пера- (гл.) і ⁺каламсоліваць, якое — ў выніку кантамінацыі з каламуціць і масоліць ’цухмоліць’, параўн. з пірімасолівыньня ’перажоўванне’.
Перакалаці́ць (пэрэколоты́ты) ’шмат разоў узараць (пра поле)’ (Выг.). Фармальна ўзыходзіць да пера- і калаці́ць (гл.), аднак у апошнім значэнне ’араць’ адсутнічае. Магчыма, збліжанае з мяшаць ’пераворваць’ (гл.).
Перакалгі́каць (пірікалгі́кыць) ’перайсці кульгаючы; пражыць так-сяк, як-небудзь’ (Юрч. СНЛ). Да пера- (гл.) і кільгаць ’кульгаць на адну нагу’ (гл.), збліжанае з кільгіка ’чалавек без нагі’ (гл.).
Перакаля́каць (пірыкыля́кыць) ’перажыць, перамадзець’. Нагадвае польск. przekołatać ’перамучыцца’, якое магло быць фанетычна відазменена пад уплывам семантычна блізкай лексемы каля́каць ’размаўляць; доўга і прыніжала прасіць, канькаць’, пашыранай у суседніх рус. гаворках, аднак геаграфія, магчыма, пярэчыць такому пазычанню. Параўн., аднак, калата́ць ’біць, грукаць’, гл. калаты́рыць, а таксама перабі́цца ’пражыць як-небудзь’ (прасл. *koltiti і *kъltati, гл. Бернекер, 550; Брукнер, 247; Слаўскі, 2, 364–365).
Перакамара́цца (пэрэкомара́тіся) ’жартаваць, пацвельваць, падражніваць’ (Бес.). З польск. przekomarzać się ’чапляцца, жартаваць’, якое выводзяць з przeko‑ і marzać < marzyć < mara (Варш. сл., 5), гл. мара́.
Перакана́каць ’шмат, залішне накласці’ (Шпіл.). Няясна.