Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Лускане́ц ’спелы арэх’ (Юрч., карэліц., Сцяшк. Сл.). Да лузга́н, лузгане́ц (гл.).

Луска́р ’лапата’ (Касп.), рус. тамб. луска́рь ’тс’, арханг. лыскорь, пск. ласка́рь ’рыдлёўка’, ст.-рус. лыскарь ’кірка’, ’рыдлёўка’. Фасмер (2, 541) не згаджаецца з Меліяранскім (ИОРЯС, 10, 4, 124), які выводзіць з цюрк. моў (параўн. казах. lesker, крым.-тат. ülüskär ’матыка’). Куркіна (Этимология–72, 68–73) дадае сюды яшчэ серб.-харв. lizgar, lizgára ’жалязняк’, макед. лизгар ’тс’, якія працягваюць гняздо lyzgati/lyskati ’біць, удараць’ (г. зн. тыпалагічна падобную групу з коранем luzg‑/lyzg‑/lusk‑/lysk‑/lusp‑).

Лу́скат ’трэск, лусканне’ (ТСБМ), укр. лускіт, польск. łuskot, чэш. luskot. Прасл. паўн. luskotъ — nomen actionis (> nomen acti) ад дзеяслова luskati (Слаўскі, 5, 358–359) > лу́скаць. Сюды ж лускатня́ ’трасканіна’ (хойн., Мат. Гом.).

Лу́скаць1, лу́скыць, луска́ць, лу́скатэ ’лушчыць, раскусваць, разгрызаць, есці з хрустам’ (ТСБМ, Растарг., Юрч.; віл., докш., кам., драг., Сл. ПЗБ). Укр. лу́скати, рус. пск., смал., варон., дан. лу́скать, польск. łuskać, в.-луж. łuskać (worjechi), чэш. louskati, luskať, славац. lúskať, славен. lúskati, серб.-харв. љу̏скати (се), luskati (beči), балг. люскам. Прасл. luskati, утворанае ад luska > луска́ (гл.). Слаўскі (5, 353) лічыць малаімаверным вывядзенне прасл. luskati з lup‑skati (першаснага інтэнсіва на ‑sk‑), як мяркуе Махэк (ZfslPh, 29, 353–354).

Лу́скаць2, лу́скыць, лу́скаць ’патрэскваць, ламаючы што-небудзь сухое’, ’хрусцець (аб пальцах)’, ’трэскаць, лопаць’ (ТСБМ; ваўк., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), (перан., іран.) ’забіваць, знішчаць’, ’піць, выпіваць’ (Юрч.), лу́снуць ’лопнуць, трэснуць’ (ТСБМ, Растарг., Сцяшк., ТС). Укр. лу́скати ’лопацца з трэскам’, ’удараць’, біць крыламі’, рус. лу́скать: пск., цвяр. ’біць’, ’шчоўкаць’, пск. ’лапатаць, балбатаць’, лу́снуть: кур. ’лопнуць’, наўг., пск., цвяр., калін. ’ударыць, стукнуць’, лу́снуцца ’ударыцца аб зямлю’; польск. łuskać ’злёгку патрэскваць’, ’шмат піць’, каш. nalëskac są ’налопацца, наесціся’, в.-луж. łuskać ’лопацца, патрэсваючы’, чэш. luskati ’шчоўкаць пальцамі’, louskati ’выдаваць трэск’, łuskač ’біць вошы’, славац. lúskať пстрыкаць, трашчаць’; славен. lúskati ’біць; бразгаць дзвярыма, ляскаць бічом’, серб.-харв. љу̏скати ’лупіць мячом’, ljuskati ’лапатаць, пляткарыць’, балг. люскам ’удараю, пляскаю; жлукчу, п’ю’, пірдопск. лускам ’б’ю, катую’. Прасл. luskati, якое ад lusъ!, luskъ! (Слаўскі, 5, 353–355; гэтак жа і Бязлай, 2, 157). Махэк₂ (344–345) лічыць luskati інтэнсівам, утвораным ад lupati. Аўтары БЕР (3, 581) мяркуюць, што лускаць1 і лускаць2 маюць адно і тое ж паходжанне (да luska).

Лускерка ’рыба гусцяра, Blicca bjoerkna L.’ (Зах. Дзвіна; віц., Нік. Очерки), укр. луски́рь ’рыба’, рус. ласкы́рь, лыска́рь ’рыба Abramis blicca; Abramis vimba’, паводле Фасмера (2, 462), звязаны з лыска́рь (бел. луска́р) ’рыдлёўка’, таму што нос у гэтай рыбы выступае наперад; аналагічна новав.-ням. Näsling, Meernase (дзе Nase ’нос’).

Луснец ’смалёўка, ляскаўка, Silene cucubalus Wib.’ (віц., Кіс.; Бел. зельн.). Славен. lûsnec ’таемнік лускаваты, Lathraea squamaria L.’ Да лу́снуць (< лу́скаць2). Аб суфіксе ‑ец гл. Сцяцко (Афікс. наз., 39–40). Гл. таксама лускавіца.

Лусок ’скура гадзюкі, ліновішча’ (воран., Сл. ПЗБ). Польск. lusk ’лупіна’. Да луска (гл.). Мена роду назоўніка як у прасл. koръkopa, kromъkroma і інш. (Слаўскі, 5, 347).

Луст, лу́ста, лу́стка, лу́стачка, лу́стычка ’плоскі вялікі кавалак хлеба, сала і інш.’ (Нас., Чач., Мядзв., Гарэц., Яруш., Дразд., Шат., Бяльк., Растарг., Сцяшк., Клім., Вешт. дыс.; гродз., віц., Шн. 3; КЭС, лаг.; докш., Янк. Мат.; ТСБМ, ТС, Сл. ПЗБ), ’ежа, якую бралі з сабой у поле’ (Сл. ПЗБ), ’харч у дарогу’ (навагр., Жыв. сл.). Укр. лу́ста ’луста’, ’кавалак’, ’тонкі пласт’, рус. луст, лу́ста́, лу́стка ’луста’, ’шалупінне’; польск. łusta (крэсовае, Віленшчына); серб.-харв. старое lustra ’луска’, серб. лу̏стра ’перхаць’, чак. ’луска рыбы’, дуброўн. љу̏штра ’тс’. Прасл. lusta ’луска, плява, шалупіна’, ’адрэзаная скібка’, ’кавалак’ (Слаўскі, 5, 363), якое да і.-е. *leu‑ ’аддзяляць, адрываць, адразаць’ > louskā ’тое, што аддзелена’ (параўн. літ. lùstas ’луста хлеба’ і lùkstas ’лупіна, лушпайка’, лат. lauskas ’перхаць’ (гэтак жа Буга, Rinkt., 1, 286–287, 413, 460; Бернекер, 748; Фасмер, 2, 536; Скок, 2, 340). Зубаты (ASlPh, 16, 397), бачыў генетычную роднасць луста з літ. láužti ’ламаць’, ст.-інд. loṣṭáh ’абломак, грудка зямлі, скіба’ (як і Петэрсан, ASlPh, 34, 370–384), rujáti ’ломіць’, ст.-грэч. ἀλυκτοπέδη ’неразрыўныя сувязі’. Параўн. таксама і асец. lux ’адрэзаны’, luxtä ’тс’ (мн.).

Лусь! — гук пры расколванні, ламанні чаго-небудзь (Нас., Растарг.; мсцісл., Нар. лекс.), паст. лоп! (Сл. ПЗБ), ’пра хруст яйка, пра біццё па галаве, па лбе’ (полац., Нар. лекс.). Гукапераймальнае. Прасл. lusъ! (Слаўскі, 5, 354–355; Смаль-Стоцкі, Приміт., 164). Аўтары БЕР (3, 523) дапускаюць другаснасць узнікнення выклічніка з прасл. luskati > лу́скаць2 (гл.).

Лут1, луток ’маладая ліпа, сук з ліпы, парастак, лазовы дубец, з якіх можна зняць кару на лыкі’, лу́цік, лу́цце ’скрутак лыка’, ’маладыя тонкія ліпы’, ’кара ліпы’ (Сержп. Грам., Нас., Нік. Очерки, Мікуц., Мядзв., Маш., Янк. БП, Шат., Шн. 1, Шн. 2, Дразд., Гарэц., Бяльк., Касп., Сцяшк. Сл., Шатал., Дэмб. 2, Янк. 1, ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Ян.; КЭС, лаг.; рэч., Нар. сл.; маз., З нар. сл.), тураў. лут і «гіперправільнае» лыт (у гэтых гаворках звычайна ы > у: мы́ла > му́ло) ’тс’ (ТС), луце́ц ’закручаны лут’ (КЭС, лаг.), лях. луток, лу́цік, віл. луце́ц ’ручка ў касе’ (Сл. ПЗБ). Укр. лут, лу́ття́ ’луцце’, закарп. лути́на ’дубец’, рус. лут, луть ’лыка, кара ліпы’, лута́ ’ліпа’, лутьё ’маладыя ліпкі’, польск. łęt ’дубец’, łęty, каш. łęta, łątë ’бульбоўнік’, славін. łąt ’кій’, мар. lut ’лыка’, loutka, серб.-харв. lȕtka ’лялька’. Прасл. паўн. lǫtъ, lǫta ’лыка’, ’маладая ліпа’ (Слаўскі, 5, 116–117; Фасмер, 2, 536; Урбуціс, Etiudai, 15), роднаснымі да якіх з’яўляюцца літ. lánta ’венік для лазні’, lentà ’дошка (спачатку ліпавая)’, ст.-в.-ням. linta, linda ’ліпа’, новав.-ням. lind ’лыка’, лац. lentus ’гнуткі, павольны’, алб. landë, lëndë ’лес — будаўнічы матэрыял’. Сюды ж лутовы ’лыкавы’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Гл. яшчэ луці́ца.

Лут2, лу́цік, лу́тка, лу́ткі ’вушак, бакавы стаяк асады дзвярэй і акон’ (Касп., Бяльк., Растарг., Мядзв., Нар. Гом., Юрч. Вытв., Мат. Гом., Мат. Маг.; рас., талач., Шатал.), ’шырокая дошка ў ніжняй частцы аконнага праёма’ (Яшкін, Бел. лекс., 166). Укр. лу́тка, рус. бран., смал., кур., калуж. лу́тка ’вяршнік’, ’бакавая частка шуфляды акна’. Да лут1. Утварылася ў выніку пераносу значэння ’лут’ > ’друк’ > ’дошка’ > ’стаяк асады, вяршнік’ (параўн. паморск. łąt ’кій, друк’, літ. lentà ’дошка’. Гл. таксама луці́ца.

Лут3 ’укормлены, але не тлусты чалавек’ (полац., Нар. лекс.), як лу́т ’тоўсты, укормлены’ (пух., Сл. ПЗБ; Ян.), ’гультай, лежань’ (Дразд., Гарэц., ТС), луця́ро ’тс’ (ТС), мазыр. лу́цік ’добра дагледжанае парася’, лу́тковуй ’тлусты’ (З нар. сл.); укр. харк. луца́к, луца́н ’таўстатвары чалавек’. Балтызм. Параўн. літ. lùtis ’тоўсты, на кароткіх нагах’, ’няўклюда’, паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 2, 690), яшчэ і ’ўкормлены’.