Луст, лу́ста, лу́стка, лу́стачка, лу́стычка ’плоскі вялікі кавалак хлеба, сала і інш.’ (Нас., Чач., Мядзв., Гарэц., Яруш., Дразд., Шат., Бяльк., Растарг., Сцяшк., Клім., Вешт. дыс.; гродз., віц., Шн. 3; КЭС, лаг.; докш., Янк. Мат.; ТСБМ, ТС, Сл. ПЗБ), ’ежа, якую бралі з сабой у поле’ (Сл. ПЗБ), ’харч у дарогу’ (навагр., Жыв. сл.). Укр. лу́ста ’луста’, ’кавалак’, ’тонкі пласт’, рус. луст, лу́ста́, лу́стка ’луста’, ’шалупінне’; польск. łusta (крэсовае, Віленшчына); серб.-харв. старое lustra ’луска’, серб. лу̏стра ’перхаць’, чак. ’луска рыбы’, дуброўн. љу̏штра ’тс’. Прасл. lusta ’луска, плява, шалупіна’, ’адрэзаная скібка’, ’кавалак’ (Слаўскі, 5, 363), якое да і.-е. *leu‑ ’аддзяляць, адрываць, адразаць’ > louskā ’тое, што аддзелена’ (параўн. літ. lùstas ’луста хлеба’ і lùkstas ’лупіна, лушпайка’, лат. lauskas ’перхаць’ (гэтак жа Буга, Rinkt., 1, 286–287, 413, 460; Бернекер, 748; Фасмер, 2, 536; Скок, 2, 340). Зубаты (ASlPh, 16, 397), бачыў генетычную роднасць луста з літ. láužti ’ламаць’, ст.-інд. loṣṭáh ’абломак, грудка зямлі, скіба’ (як і Петэрсан, ASlPh, 34, 370–384), rujáti ’ломіць’, ст.-грэч. ἀλυκτοπέδη ’неразрыўныя сувязі’. Параўн. таксама і асец. lux ’адрэзаны’, luxtä ’тс’ (мн.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)