Ашчэ́пак ’асколак’ (КТС), рус. ощепок ’рэшткі палена для лучыны’, харв. oštepak ’стружка’, славен. ščépək ’асколак’. Да прасл. ščepъ, параўн. шчапаць ’калоць, расшчапляць’.
Ашчэ́рыць ’выскаліць зубы’ (Касп., Бяльк.), ашчэрыцца (Яруш., Гарэц.), ашчыра́цца ’шчэрыць зубы; злавацца (пра чалавека)’ (Нас.), рус. дыял. ощерить(ся) ’моцна зазлаваць’, польск. oszczerzyć się ’вышчарыцца’, ст.-польск. oszczerzać się насміхацца’; сюды ж, нягледзячы на цяжкасці пры тлумачэнні пачатку слова, Фасмер (4, 504) услед за Міклашычам, 299, адносіць балг. оце́ря (зъби), оца́рвам. Да прасл. ščeriti, параўн. без змякчэння оске́рвацца ’нашатырвацца (пра сабаку)’ (Куч.), гл. шчэрыць ’выстаўляць, вышчараць’.
Ашыба́ць 1 ’уводзіць у зман, прымушаць памыліцца’ (Нас.), ашыб ’удар ненарокам’ (Нас.), ашыбнуцца ’памыліцца’ (Юрч.), рус. ошибаться памыляцца’, славац. ošibať (někoho) ’увесці ў зман, падмануць (каго-небудзь)’. Ад шыбаць (прасл. šibati) ’кідаць, піхаць’, першапачаткова ’не пацэліць, збіць з мэты’, гл. Брукнер, KZ, 43, 326; Праабражэнскі, 1, 674; Махэк₂, 607; Фасмер, 3, 179 (выказвае сумненні адносна магчымай сувязі з польск. chyba ’памылка’, чэш. chyba, параўн. польск. дыял. ochyba).
*Ашыба́ць 2, ошыба́ць, ошыбну́ць ’ахапіць, акрапіць?’ параўн. «А ўпадзі мацёнцы на белыя ножкі // Ошыбнуць цебе дробныя слёзкі» (з вясельнай песні, запісанай Федароўскім на ўсход ад Пружан), укр. ошибати: «страх ошибае» ’робіцца страшна’, славац. ošinulo ho ’яго хапіў удар, разбіў параліч’ (з ošibnulo, гл. Махэк₂, 607). Да шыбаць (прасл. šibati) ’біць, піхаць’.
Ашы́йна ’не вельмі, неабавязкова’ (Шат.). Няясна; параўн. блізкае па семантыцы чэш. ošivati se ’адмахвацца’, ц.-слав. ошити сѧ ’abstinere, адказвацца’ (якія Махэк₂, 607, узводзіць да праслав. šibati) і серб.-харв. ошѝјати ’перавярнуць, завярнуць’.
Ая́ выклічнік, у іран. значэнні ’баюся я цябе’ (Крывіцкі, вусн. паведамл.), параўн. укр. ая ’так’, адносна якога Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 120, 124: з а як жа.