Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ашо́сцік ’пярэдняя пляцоўка перад вусцем печы’ (Касп.), рус. пск. ашосток (Тр. прибалт. диал. конф. 1968 г., Тарту, 1970, 182). З а‑шосцік месца, якое знаходзіцца каля шастка (стаяка на прыпечку, які падтрымлівае казырок печы)’.

Ашпа́рыць ’апарыць, абварыць парай ці варам’ (Яруш., Касп., Шат., Бяльк.), укр. ошпарити, рус. ошпарить. Да шпарыць ’абварваць’.

Ашпэ́ціць, ашпэ́чываць ’зганіць, збрыдзіць’ (Нас.), ошпэтаты ’пераўзыйсці, абставіць’ (Клім.), ст.-бел. ошпетити ’зганіць’ з 1690 г. (Нас. гіст.), укр. ошпетити. Запазычана з польск. oszpecić ’зрабіць брыдкім, зганіць; забрудзіць’ ці cамастойна ўтворана ад шпэціць ’ганіць, псаваць, брыдзіць’.

Аштыга́ць ’біць, муштраваць’ (Сцяц.). Ад штых ’вастрыё, завостраная палка’, параўн. выштыхаць ’пабіць’ (КСТ), з азванчэннем х у інтэрвакальным становішчы.

Ашты́рыцца ’апынуцца’ (Шат.). Ад штырыць ’штурхнуць’ (Шат.), семантычна як апынуцца, параўн. пыняць ’паганяць’, шпыняць ’падганяць, штурхаць уперад’.

Ашу́га ’галавакружэнне, павышаны ціск’ (гродз., Цыхун, вусн. паведамл.). Хутчэй за ўсё ад шугаць ’гойдаць, калыхаць’, што адлюстроўвае стан хворага чалавека; не звязана з балг. шу́га, серб.-харв. шӳга ’кароста’ (з тур. šuga, гл. Младэнаў, 695).

Ашугну́ць ’абступіць, абкружыць, агарнуць’ (КЭС, лаг.). Ад шугаць, шугнуць ’паляцець з шумам’, сюды ж, магчыма, шунуць ’наляцець, наскочыць’ (Жд.).

*Ашу́драны, ошу́драны ’многа, але дрэнна апрануты’ (лельч., Цыхун, вусн. паведамл.), укр. жытом. о̂шу́драні ’вылінялы’ (пра птушак) (Ніканчук, Бел.-укр. ізал., 61). Відаць, звязана з шудравы ’не гладкі, шурпаты’.

Ашука́ць ’абмануць, абдурыць’ (Нас., Яруш., Грыг., Шпіл., Бесар., Нік. Очерки, Касп., Шат., КЭС, лаг.), ’пакрыўдзіць у якой-небудзь справе; незаўважальна для іншага карыстацца яго сродкамі’ (Мядзв.), ашока́ць ’ашукаць, узяць верх над кім-небудзь’ (Ян.), абшукаць ’абшукаць вакол; абмануць’ (Шат.), ашукацца ’памыліцца’ (Грыг., Яруш., КЭС, лаг.), ашуканец ’махляр, манюка’ (Яруш., КЭС, лаг.), ст.-бел. ошукати, ошуковати ’абмануць’ (1599 г., Нас. гіст.), укр. ошукати, польск. oszukać ’свядома ўвесці ў зман каго-небудзь для ўласнай карысці’ (у такім значэнні з XIV ст., Крупянка, Formacje, 130). Ад шукаць (гл.), з першапачатковай семантыкай як у ашустаць ’абмануць, абхітрыць’, пры шустаць ’дзейнічаць хутка і з шумам; шастаць; напіраць’, інакш Мікуцкі, ИОРЯС, 4, 1855, 411: з гіпатэтычнага ошудкаць, якое звязвае з славац. šudiť ’абманваць’ (прасл. šuditi, Махэк₂, 607), параўн. Фасмер, 3, 180; Кюнэ, Poln., 82; Гіст. мовы, 2, 69 (з польск., дзе калька з ням. versuchen); ашука ’падман; памылка’ (Нас., Касп.) — другаснае ўтварэнне ад ашукаць, параўн. таксама абшукацца ’агледзецца, уладкавацца, упарадкавацца’ (Ян.).

Ашу́рак, ашу́ркі ’старыя, нягодныя рэчы’ (Бяльк.), рус. смал. ошурки ’рвань, анучы’, ошурок ’засохлы кусок хлеба’. Ад шураць ’кідаць, шпурляць’.