Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ашамёлак ’нерухавае дзіця, адзетае ў рыззё не свайго памеру’ (КЭС, лаг.). Утворана па прадуктыўнай мадэлі ад дзеяслова з коранем шам‑ (шамял‑), параўн. выкл. шамялях!, шамяля́хнуць ’перакуліць, паваліць’. Гл. ашамётак.

Ашамётак ’нерухавае дзіця, адзетае ў рыззё не свайго памеру’ (КЭС, лаг.). Ад шамятаць ’выдаваць ’прыглушаныя гукі; ціха есці; рваць што-небудзь на дробныя кавалачкі і інш.’, параўн. рус. шеметать ’праводзіць час без справы’.

Ашамо́так ’мяккі качан капусты’ (Жд.). Ад шаматаць ’шалясцець’, што ўзыходзіць да гукапераймальнага шам! (пра невыразны глухі гук).

Ашара́шыць ’здзівіць; ударыць; перан. выпіць’ (Яўс.), рус. ошарашить ’моцна спалохаць; здзівіць; моцна з размаху ўдарыць’. Ад шарахаць, шарахнуць ’біць, цяць’, выкл. шарах!і, сюды, магчыма, і асіп. шарэш ’страх, дрыжыкі’ (Буз.).

*Ашарэ́ніць, ошэрэ́ніць ’абступіць кругом, акружыць натоўпам’ (КСТ). Ад шарэн, чарэн ’шэраг, мноства (звычайна пра грыбы)’; магчыма, звязваецца ў свядомасці з шар ’рад’, шарэнак шарэнга’. Параўн. ачарануць.

Ашахавацца ’?’, параўн. з нар. песні «ашахуюцца да рахуюцца: которому святому напярод быць?» (барыс., Шн., 1, 138). Хутчэй за ўсё скажонае шыкавацца ’станавіцца ў парадак па чынах’, параўн. «яны шикуюцца, да рахуюцца: которому святу напередъ пойци» (Нас. Бел. песни, 82).

Ашашке́рыцца ’стаяць (сядзець) у стане нерухомасці, абыякавасці і безжыццёвасці, нагадваючы хворую на гняздзе курыцу’ (карэліц., Янк. II). Хутчэй за ўсё звязана з шашэрыцца ’натапырвацца’, шушэрыцца ’настаўляць поўсць, пер’е; насцярожвацца’ (КСП), да апошняга параўн. рус. ошушурить ’ашчацініцца, ускалмаціцца, надуцца’; маючы на ўвазе тлумачэнне слова, можна дапускаць сувязь (другасную) з шашок, шашко ’тхор’, параўн. сведчанне Пяткевіча аб тым, што тхор ачмурае курэй такім паганым духам, што ўсе куры, пачадзеўшы, падаюць да долу (Пятк., 2, 74).

Ашва́к ’вушак, шула ў сцяне’, ашванык (палес., Лучыц-Федарэц., Бел.-укр. ізал., 44), ошвак ’шула ў сцяне’ (Тарнацкі, Studia), ’бакавы слуп, да якога прымацоўваецца рама акна’ (Шушк.). Няясна; магчыма, з аўшак (оўшак) ’вушак’ (гл.), збліжанае з шыць, параўн. ст.-бел. ошва ’абшыўка, аблямоўка’ (Нас. гіст., 1494); гл. таксама палес. ошва (ošφa) ’брус, які ляжыць на бэльках столі пад кроквамі’ (Тарнацкі, Studia), што нагадвае літ. ašvà ’кабыла’, параўн. шматлікія другасныя значэнні слав. kobyla (тэхнічныя прыстасаванні, будаўнічыя дэталі і інш.): Слаўскі, 2, 305–306, а таксама Яшкін, Рэгіян. асабл., 84–85.

Ашва́ліна ’кусок сала’ (навагр., Балто-слав. сб., 385). Няясна. Грынавецкене і інш. (там жа) збліжаюць з літ. švalái ’?’, параўн. чэш.-мар. svalina ’вялікі кусок’, якое разам з валаш. švalek ’камяк, галушка’. Махэк₂, (630) лічыць утвораным ад valiti, што мае шэраг экспрэсіўных значэнняў, у тым ліку ’рэзаць’, параўн. «адваліць лусту». Магчыма, збліжана з шваля ’брус, калода’ (ням. Schwelle ’брус, парог’).

*Ашву́рак, ошву́рок ’кароткая вяровачка’ (КСТ). Відаць, ад шворка ’абрывак вяроўкі’ з пераходам о > у пад націскам у выніку лабіялізацыі; не выключана таксама магчымасць з *о‑швырок (ад швыраць ’кідаць’, параўн. рус. ошвырок ’асколак, кусок палена’) і тыповым для гэтай зоны пераходам ы > у пасля зубных пад націскам (кобула, ву вы’ і інш.).