Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Абля́к ’дробная плотка’ (Крыв.). Абляк (антрапонім). Параўн. рус. обляк ’тоўстае дзіця’, польск. oblak ’кавалак дрэва, калода, кругляк’. Тады ўсе гэтыя словы паходзяць ад. прасл. obьlъ, гл. Бірыла БА, 2, 15.

Аблямава́ць, аблямоўка (БРС, КТС). Гл. лямаваць.

Абляпі́ха ’Hippophe L.’ (Кіс., БРС, КТС) ад абляпіць.

Абля́рвіцца ’страціць гонар чэснай жанчыны’ (Бяльк.). Гл. лярва.

Абмага́ць ’перамагаць’, абмагчы ’падужаць, змагчы’ (Сцяц.). На магчымасць калькі з літ. apgalė́ti ’тс’ (да galė́ti ’магчы’) звяртае ўвагу Непакупны Baltistica, VII (1), 1971, 15. Ён бачыць у літ. apgalė́ti і pérgalėti (абсалютныя сінонімы, адпаведныя бел. абмагаць і перамагаць) рэпрэзентантаў дзвюх моўных зон, прычым формы з ap‑ (аб‑) цягнуцца да заходняй (прускай), параўн. ст.-прус. epwarisnan (він. скл.) перамога’ і лат. varet ’магчы’ (там жа, 14).

Абмаро́чацца ’згубіць кірунак у незнаёмай мясціне’ (КЭСФ) да марочыць (гл.).

Абма́х, абмашка ’памылка’ (Нас., Др.-Падб., Гарэц., Бяльк., Юрч., Касп., Яўс.), абмахівацца ’памыляцца’ (Нас.), абмахнуцца ’памыліцца’ (Бяльк.). Параўн. абмахаць, абмахнуць ’аббегчы, хутка абысці’ (Нас., Бяльк.). Параўн. рус. промах, а з словаўтваральна-семантычнага боку бел. абвіхнуцца ’памыліцца’ (гл.). Магчыма, створана на аснове апошняй формы кантамінацыйным шляхам.

Абме́ці ’аўсяная мякіна’ (Янк. I), абмецце ’зерне нізкага гатунку’ (Янк. I), абмёты ’самая дробная салома, якая застаецца пасля малацьбы’ (Выг. дыс.), абмеціца ’мука з пяском, якая абмецена навакол мельнічнага каменя’ (Нас. Доп., КЭС). Гл. амёты.

Абме́шка ’чорныя сарты мукі, якія ідуць на корм жывёле’ (Бір. дыс.) да мяшаць.

Абмё́рці ’epilepsia’ (КЭС) да мерці (гл.)