Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Жару́шнік ’расліна Rorippa Scop’ (Кіс., 112). Рус. жеру́шник ’тс’. Параўн. рус., укр. жеру́ха, укр. жерлуха, рус. жерлюха ’расліна Nasturtium R. Br. або Lepidium sativum’, польск. żerucha ’Nasturtium’, чэш. řeřicha, ст.-чэш. žeřucha ’Lepidium; Nasturtium’, славац. žerucha ’Lepidium’. Паводле Махэка, чэш. слова ад кораня жэр‑ці (гл.) у сэнсе ’паліць, мець востры смак’. Даль (1, 536), відаць, дапускаў метатэзу жерухарѣжуха. Гэтыя версіі могуць быць дастасаваны і да жару́шнік.

Жа́ры ’цёмна-чырвоны; жоўта-карычневы; рыжы’ (глуск., Янк. II; Сл. паўн.-зах.). Аб масці каня ’краснаваты, руды конь’ (з паясненняў у Сл. паўн.-зах.). Укр. бук. жарий ’рыжы, вогненна-чырвоны’, славен. žȃr ’вогненна-чырвоны’. Параўн. рус. уладз., вяц. жар ’чырвоны колер’, кур. жаровый ’чырвоны, аранжавы’, серб.-харв. жа̑р ’чырвань, румянец’. Відаць, прасл. адгалінаванне імені žarъ у значэнні прыметніка ў выніку канверсіі паводле колеру тленнага вуголля, абазначанага тым жа іменем у функцыі назоўніка. Гл. жар, жар-птушка.

Жа́рыць1 ’смажыць’ (Нас., Сцяшк. МГ), ’моцна прыпякаць’ (ТСБМ). Рус. жа́рить ’смажыць’, ’моцна прыпякаць’, укр. жа́рити ’тс’, польск. żarzyć ’распальваць’, чэш. žářiti ’спальваць’, славац. žiarit ’выпраменьваць цяпло, святло; пячы (на агні)’, балг. жа̀ря, макед. жа́ри, серб.-харв. жа́рити ’грэць (аб сонцы)’, ’жаліць (пра крапіву)’, балг. рэдк. ’пячы (смажыць) на агні’, славен. žaríti ’распальваць’, ’выпраменьваць’, ’пячы на вуголлях’. Ст.-рус. жарити ’смажыць’ (XVII ст.). Ц.-слав. жарити ’frigere’ (Міклашыч, Lex. palaeosl.) энантыясемія?. Дзеяслоў утвораны ў прасл. з суфіксам *‑i‑ti на базе кораня *žar‑ (гл. жар).

Жа́рыць2 ’рабіць што-н. заўзята, з азартам’ (ТСБМ), ’моцна біць’ (Касп.), ’сцёбаць’, ’моцна ісці (пра дождж)’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. жа́рить ’рабіць што-н. заўзята’, укр. жа́рити ’тс’. Развіццё значэння жа́рыць1, верагодна, праз этап ’моцна прыпякаць’ шляхам абагульнення семы ’моцна’ з магчымай канкрэтызацыяй дзеяння ў гаворках.

Жарэ́ць ’гарэць’ (Сцяшк. МГ). Славен. žaréti ’гарэць, тлець’. Таго ж кораня, што жар (гл.), з суфіксам *‑ě‑ti; параўн. ст.-рус. синѣти, цѣлѣти, бел. гарэць (гл.). Утворана, магчыма, яшчэ ў прасл. Гл. яшчэ жу́раць. Р. Казлова (ССл, 1980, 6, 87–92) звязвае з жа́ры (гл.).

Жа́р-пту́шка ’казачная птушка з агністым пер’ем’. Рус. жар‑птица, укр. жар‑птиця, серб.-харв. жар‑пти̏ца, балг. жар‑птица (са спасылкай на рус. казкі) ’тс’. Параўн. у Плетаршніка славен. žâr‑žéna ’міфічная істота, падобная да вілаў’. Слова жар выступае ў спалучэнні ў якасці прыметніка са значэннем ’вогненны’ (гл. жа́ры). Іначай у Шанскага, 1, Ж, 277: складанне слоў жар ’агонь, гарачае вуголле’ і птица. Трэба мець на ўвазе познюю (1825 г.) фіксацыю спалучэння ў слоўніках, што можа ўказаць на пазнейшае штучнае ўтварэнне слова. Але Іваноў і Тапароў (Слав. яз. мод. системы, 141–142) пераканаўча звязваюць жар-птушку (і славац. pták‑ohnivák) са старажытным культам агню.

Жасмін ’язмін’ (Кіс.). Гл. язмін.

Жасцёр ’куст або дрэва сямейства крушынавых, Rhamnus L.’ (ТСБМ), жасты́рь ’расліна, якая ’ўжываецца, калі баляць зубы або жывот’ (Нас.), жыстор, жысцёр(ына), жыстар, жысцяр(ына), засцір (Кіс.). Рус. жо́стер, же́стер, жесть, же́рест, укр. жо́стир, жестер, жосціл, ст.-польск. rzeszecina, rzeszenica, trzęsiecina, польск. szakłak, sakłak, szelestena, szestelena, н.-луж. rašeśin, raśešyna ’тс’, балг. дыял. жѐщель ’Acer tataricus’, шѐстил ’Acer platanoides’, серб.-харв. же́шља, жѐстика, же̏ст, же̑ст, жѐстила ’Acer tataricus’, славен. žestílj, žestika ’Acer monspessulanum’. Паводле Петарсана (Lunds Univ. Arsskr. NF., Bd. 19, № 6, c 41 і наст.), роднаснае англа.-сакс. gorst ’дзікі цёран’, ст.-інд. ghr̥stis̥ ’дзікі кабан’, рус. жерех, але найстаражытная форма няясная (Фасмер, 2, 49). Скок (3, 677) суадносіць з же̏сток ’жорсткі’, што патрабуе семантычнага ўдакладнення. Гл. яшчэ Махэк, Jména rostl., 145. Улічваючы, што жасцёр мае калючкі, ці не трэба параўнаць з і.-е. сям’ёй назваў раслін, да якой належаць ням. Gerste ’ячмень’, магчыма, грэч. ἄ‑χερδος ’дзікая груша, глог’, *g̑herzd(h) ’калючае’ (гл. Покарны, 1, 446), аб чым між іншым можа сведчыць і тое, што назва жэстэлина выкарыстоўваецца і для назвы калючай слівы ’Prunus spinosa L.’ (стол., Лексика Пол., 420) побач з назвай для жасцёра (жыстылы́на, стол., Нар. лекс., 124). Гл. жарства.

Жаўква́ ’жоўты пясок, пясчаная зямля пад глебай’ (глуск., Янк. III), жо́лква ’жоўты пясок’ (Лексіка Пал., 100), жаўкле́ц ’жоўты пясок, пясчаная зямля’ (слаўг., Яшкін, 64). Паводле Брукнера (665), польск. тапонім żółkiew (параўн. укр. уласнае імя Жо́вква) да жо́ўкнуць (гл.). Як і ў жо́ўкнуць, жо́ўклы, тут адбылася семантычная кантамінацыя з жо́ўты (гл.). Параўн. жаўкры́нец, жаўтапёс, жаўця́к1.

Жаўкля́к ’жоўты гурок’ (гом., лун., Шатал.; глуск., Янк. III; брагін., Нар. словатв., 127), жаўтля́к (гом., хойн., Шатал.; брагін., Нар. словатв., 127), жаўцяк ’тс’, жаўкля́к перан. ’хворы чалавек’ (Янк 111). Рус. желтя́к, укр. жовтяк, дыял. жовкляк, жовтляк ’жоўты агурок’. Ад жо́ўклы з дапамогай суфікса ‑як‑, як і іншыя назвы раслін (бяля́к ’шампіньён’, пазня́к ’грыб’ і да т. п.). Жаўцяк, паводле той самай мадэлі, ад жоўты, жоўць2 (гл.). У форме жаўтляк адлюстроўваецца кантамінацыя першага і другога названых шляхоў утварэння слова.

Жаўкрыне́ц ’неўрадлівая глеба’ (лун., Шатал.), жоўкрэнец ’пясчаны грунт, пясок’ (пін., Яшкін, 65), жо́вэнец ’жоўтая зямля’ (пін., Нар. лекс., 101), жоўклінец, жоўцінец, жоўрэне́ц (палес., Выг. дыс.). Сувязь з жоўты можа быць другаснай. Варыянтнасць форм на невялікім (зах.-палес.) арэале сведчыць, магчыма, аб пошуку народна-этымалагічнага тлумачэння няяснага слова. Параўн. жаўква, жаўклець з некалькі шырэйшым распаўсюджаннем. Ці не звязана з жоўклы ’сапсаваны, кепскі’; гл. жоўкнуць. Далейшая кантамінацыя вяла да змен у значэнні, звязаных з ’жоўты’ > ’пясок’.