Жа́р-пту́шка ’казачная птушка з агністым пер’ем’. Рус. жар‑птица, укр. жар‑птиця, серб.-харв. жар‑пти̏ца, балг. жар‑птица (са спасылкай на рус. казкі) ’тс’. Параўн. у Плетаршніка славен. žâr‑žéna ’міфічная істота, падобная да вілаў’. Слова жар выступае ў спалучэнні ў якасці прыметніка са значэннем ’вогненны’ (гл. жа́ры). Іначай у Шанскага, 1, Ж, 277: складанне слоў жар ’агонь, гарачае вуголле’ і птица. Трэба мець на ўвазе познюю (1825 г.) фіксацыю спалучэння ў слоўніках, што можа ўказаць на пазнейшае штучнае ўтварэнне слова. Але Іваноў і Тапароў (Слав. яз. мод. системы, 141–142) пераканаўча звязваюць жар-птушку (і славац. pták‑ohnivák) са старажытным культам агню.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)