Бурга́н ’узгорак, курган’ (Нас.). Нейкая кантамінаваная форма (буго́р + курга́н?). Але не выключаецца вывядзенне з *бугра́н (буго́р + суф. ‑ан?). Параўн. бургу́н.
Бургану́ць ’кінуць’. Мабыць, дыялектная форма (азванчэнне ‑к‑ > ‑г‑ па суседству з ‑р‑) ад *буркану́ць, *бу́рка́ць ’кідаць’ (параўн. рус. бу́рка́ть ’кідаць’, укр. бу́ркати ’трасці’; да этымалогіі гл. Фасмер, 1, 245).
Бургу́н ’курган, узгорак; купіна, грудок’ (Юрч. Сін.). Магчыма, метатэза з *бугру́н (утварэнне ад буго́р; да суфіксацыі параўн. рус. дыял. бугру́нь ’горка, узгорак’, калуж.). Параўн. бурган.
Бурда́ 1 ’бурда, нясмачная яда’ (БРС, Бяльк., Нас., Шат., Касп.). Рус. бурда́, укр. бурда́. Лічыцца запазычаннем з цюрк. моў: тат. burda ’мутны напітак’. Міклашыч, Türk. El., Nachtr., 1, 18; Праабражэнскі, 1, 53; Фасмер, 1, 244; Рудніцкі, 259. Старая версія (ад народнага бурда́ ’чырвонае віно’ < франц. Bordeaux) не пераконвае (гл. Фасмер, 1, 244; Рудніцкі, 259). Шанскі (1, Б, 230) памылкова адносіць да гэтай групы слоў і польск., чэш. burda ’скандал, сварка’ (гэтыя словы зусім іншага паходжання, гл. Махэк₂, 77; Рудніцкі, 258).
Бурда́ 2 ’грыжа, пухліна’ (Нас.). Слова не вельмі яснага паходжання. Магчыма, трэба параўноўваць з рус. дыял. (кур., арл., разан.) бу́рды ’мясісты нарост у птушак пад ніжняй чэлюсцю; хахалкі ў курэй; другі падбародак’. Усё, магчыма, звязана з асновай бурд‑ (гл. бурды́ль). Першапачаткова ’пухір, бурбалка’?
Бу́рдавы ’цёмна-чырвоны’ (Касп.). Гл. бурдо́вы. Націск у форме бу́рдавы не вельмі зразумелы. Няма ніякай роднаснай формы ці слова, якія б маглі вытлумачыць яго ўзнікненне (зыходнае толькі бурда́). Застаецца меркаваць, што ў бу́рдавы — націск «экспрэсіўнага» паходжання.
Бурдзі́ла ’высокі тоўсты чалавек’ (Бяльк.). Відавочна, утварэнне з суфіксам ‑(і)ла (< *‑(i)dlo) ад дзеяслова тыпу бурдзе́ць (параўн. рус. бурде́ть ’бурчаць’), гукапераймальнага паходжання, аснова якога бурд‑ дала шмат вытворных. Гл. бурды́к!, бурды́ц!, бурды́хнуцца, бурды́ль і г. д. Не выключаецца, аднак, і сувязь з бу́рды (рус. дыял.) ’другі падбародак’ (гл. бурда 2).
Бурдзю́к. Рус. бурдю́к, укр. бордю́г, бурдю́г, бурдю́к, бордю́х, польск. burdziuk і г. д. Лічыцца запазычаннем з цюрк. моў. Параўн. азерб. burduk ’тс’. Для ўкр. мовы магло быць некалькі крыніц (у тым ліку і рум.). Гл. Праабражэнскі, 1, 53; Стацкі, AfslPh, 35, 350; Фасмер, 1, 244; Рудніцкі, 259–260; Вінцэнц, Éléments, 10. Супраць рум. крыніцы Губшмід, Schläuche, 111.
Бурдо́вы ’бардовы’ (Жд.), цёмна-чырвоны’ (Арх. Бяльк., слонім.), бу́рдавы (гл.) ’цёмна-чырвоны’ (Касп.). Рус. дыял. бурдо́вый ’тс’. Вытворнае ад бурда́ ’чырвонае віно’ (вядомае ў рус. гаворках) < бордо́ ’тс’ < франц. Bordeaux. Фасмер, 1, 244.
Бурду́ль ’бурбалка’. Гл. бурды́ль. Калі ‑ыль па паходжанню суфікс (слав. *‑ylь?), то варыянт бурду́ль можна тлумачыць і чыста фанетычна (асіміляцыяй бурды́ль > бурду́ль).
Бурды́к! ’бух, шась’, бурды́хнуцца ’ўпасці’ (Бяльк.). Параўн. рус. бурды́чить ’дабрадушна бурчаць’, бурдыха́ться ’борацца, дужацца’, бурде́ть ’быць незадаволеным; бурчаць’; ’шумець (пра камароў)’. Параўн. яшчэ бел. бурды́ль, бурды́ц! Можна вылучыць гукапераймальную аснову бурд‑, якая дала шмат утварэнняў з рознымі суфіксамі. Параўн. з іншых моў: чэш. burda ’чалавек, што вельмі шуміць’, brduc! ’бух!’, польск. дыял. brduc! (гл. Махэк₂, 66, 77).