Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Прадрака́ць ’наперад прадказываць тое, што будзе’ (ТСБМ), прадрачэ́ння ’прадраканне’ (Бяльк.). Праз рус. предрекать (Крукоўскі, Уплыў, 56) з ц.-слав. прѣдъречи, предречи ’прадракці’ да прасл. *rekti, rekǫ ’гаварыць’.

Прадстаўні́к ’асоба, якая прадстаўляе чые-небудзь інтарэсы, пэўную групу людзей’ (ТСБМ). Неалагізм пачатку XX ст. (Гіст. лекс., 240). Калька рус. представи́тель ’тс’, першапачаткова предста́витель як пераклад франц. représentant ’тс’ (Вінаградар, Этимология–1963, 104), зыходнае ст.-слав. прѣдъставити ’прапанаваць’.

Прадсяда́цель ’старшыня калгаса’ (Сцяшк. Сл.). Сучаснае запазычанне з рус. председатель (колхоза). У літаратурную мову ўпершыню было запазычана ў пач. XX ст., але потым выйшла з ужытку (Гіст. мовы, 2, 258). Ад прадсядацель утвораны прадсяда́целіха, прадсяда́целька ’жонка старшыні калгаса’ (Сцяшк. Сл.).

Прадузя́ты ’заснаваны на думцы, якая загадзя беспадстаўна была прынята за правільную’ (ТСБМ). Калька рус. предвзятый (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 83), якое з пред‑ і взяты < взять.

Праду́кт ’вынік працы чалавека’, праду́кты ’харчовыя прыпасы’ (ТСБМ). З рус. проду́кт (проду́кты) ’тс’, якое праз ням. Produkt з лац. prōductum ’тое, што выраблена’ (гл. Фасмер, 3, 373). У пачатку XX ст. з рус. продукция ’сукупнасць прадуктаў вытворчасці, разумовай працы’ запазычана бел. праду́кцыя (Гіст. лекс., 241). Ст.-бел. прадукт ’працэс у судзе’ (Гарб.), продуктъ ’даклад’ з польск. produkt < лац. productus (Булыка, Запазыч., 266).

Прадулба́цца ’прадзёўбвацца’ (паст., Сл. ПЗБ). З польск. prodłubać się ’тс’.

Праду́ха1, праду́шына продух(ы) ’адтуліна для выхаду паветра, дыму’ (ТСБМ, Нас., Шат., Сцяшк. Сл., Др.-Падб., Гарэц., Клім.), ’перавод дыхання; адпачынак’ (Нас.), ’прамежак паміж печчу і сцяной’ (чэрв., Сл. ПЗБ), ’палонка’ (Сл. ПЗБ), праду́хавіна ’адтуліна ў лёдзе, палонка’ (Нас.), праду́хліна ’адтуліна ў балоце’ (Касп.), ’багністае месца’ (Сл. ПЗБ), пра́душнік (у фундаменце) ’душнік’ (Мат. Гом.), про́дух, про́духа ’прадушына’ (Сл. ПЗБ, ТС), про́духа ’адтуліна’ (Сцяшк. Сл., Сл. Брэс.). Рус. про́дух ’адтуліна для выхаду паветра, дыму, комін’, проду́шина ’палонка; адтуліна ў лёдзе, каб рыба не задыхнулася’, укр. проду́хвина, проду́ховина ’прадуха; палонка’, чэш. průduch ’прадуха’, балг. продух ’прадзіманне’. Звязана з ду́х у значэнні ’паветра’; Махэк₂ (133) звязвае з *duchъ ’дух; душа нябожчыка’, быццам бы адтуліна ў коміне прызначалася для выхаду душ памерлых, але гэта, відаць, залішняе тлумачэнне. Гл. яшчэ здуха.

Праду́ха2, прадо́ха ’пралля’ (ТС). Да праду, прасці.

Прадчува́ць ’загадзя адчуваць’ (ТСБМ), продчува́ць ’здагадвацца’ (ТС). Да чуць. Сюды ж прадчуванне.

Прадчуццё ’прадчуванне’ (Др.-Падб., Гарэц.). Кантамінацыя прадчуванне і польск. przeczucie ’тс’.

Прад’ява ’прадказанне’ (мядз., Сл. ПЗБ). Гл. праява.