Прая́ва ’незвычайнае здарэнне’, ’з’ява, з’яўленне’, ’выяўленне сваіх здольнасцей’ (ТСБМ, Нас., Шат., Др.-Падб., Гарэц., ТС), ’свавольнік’ (Нас.), ’прайдзісвет’ (Касп., ТС), ’дасціпны чалавек’ (Сл. Брэс.), проя́ва ’бяда, прачвара’, ’назойлівы’, ’прадвесце’ (Сл. ПЗБ), пръя́ва, пръя́віна ’звышмодная ў адзенні і паводзінах жанчына’ (міёр., З нар. сл.), ’глыбакаводная яма’ (жытк., стол., Яшк.). Рус. проя́ва ’цуд, дзіва, незвычайнае здарэнне’, укр. проя́ва ’здарэнне; дзіўны, незвычайны чалавек’, польск. przejaw ’прымета, сімптом; праяўленне’ (“rutenizm”, гл. Банькоўскі, 2, 844), чэш. projev ’тс’. Дэрыват з суф. ‑а ад праявіць < явіць, яўляць (гл.). У форме ж. р. і з адметнай семантыкай ’дзіва, незвычайнае здарэнне’ і да т. п. — усходнеславянскае ўтварэнне. Паводле Немчанкі (УЗ Латв. У, 92, 55), у рускіх гаворках Літвы < літ. prajovas, prajõvas ’пудзіла, прывід’ (з беларускай мовы).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)