Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Лі́сашчы, лі́со́шчы ’ліслівасць, угодлівасць, падлізванне’ (ТС). Утворана ад ліс (гл.) і суфікса ‑ошч‑, характэрнага для ўкр. мовы (параўн. ла́сощі ’прысмакі, ласункі’, ду́рощі ’дурыкі, глупства’, зах.-палес. мудрощі́ ’выдумкі’).

Лісёнка ’невялікая палатняная сумка’ (Ян.). Няясна.

Лісік ’дзіванна скіпетрападобная, Verbascum thapsiforme Schrad.’ (маг., Кіс.). Да ліс (гл.). Названа паводле формы кветканосу, падобнага да лісінага хваста. Гл. таксама лісяк.

Лісі́ца1, лісі́цы ’калодачка з дзіркамі, праз якія прадзяваюцца шнуркі ад панажоў’ (Жд. 1), ’ліштва з дзіркай, у якую ўстаўляецца жэрдка для адзення’ (ТС), ’планка, у якую ўстаўляецца верхні канец млёна’ (лід., Сл. ПЗБ), ’шпунт, тонкая планка паміж дошкамі дзвярэй’ (петрык., ельск., Нар. сл. і Сцяшк.; рас., Шатал.), ’палены з высечкамі пасярэдзіне, у якія ўшчэмліваюцца дошкі ці дзверы, калі іх клеяць ці калі ў іх заганяюць шпонкі’ (КЭС, лаг.), ’слупы з вінтамі, якімі выпрамляюць скрыўленую сцяну’ (жытк., Нар. сл.), ’прыстасаванне для сціскання бярвенняў у сцяне’ (вілен., Шн. 2; лях., Сл. ПЗБ; слуц., Нар. словатв.; стаўб., Жд. 2; Нас., Маш., Касп.), лун. ’бервяно, якім падпіраюць пахілены будынак’ (Шатал.), ’ціскі’ (чач., добр., Мат. Гом.), ’зажым, у якім што-небудзь заціскаецца пры дапамозе кліноў’ (Інстр. 2), ’металічная планка з паглыбленнем у верхнім камені жорнаў’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ’ціскаўка, напаўрасшчэпленая дзеравіна’ (Некр.); ’жэрдка, якая злучае пярэднюю і заднюю восі воза або вузгалоўе воза’, ’папярэчына, якая звязвае жэрдкі плоту’ (Бломкв.), ’кіёк, адзін канец якога ўваткнуты ў дзірку навоя і не дае яму круціцца’ (в.-дзв., Шатал.); ’тоўстае палена, якое ўпоперак кладзецца на сані (падсанкі) для перавозкі бярвення’ (Бяльк., ТСБМ, Касп.; бялын., Янк. Мат.; в.-дзв., Шатал.), падпоры, якія ўжываюцца для паднімання драўляных збудаванняў’ (гродз., Шн. 2), ’папярочныя бэлькі, якімі прымацоўваюць вулей-калоду да дрэва’ (Маш.), ’цяжар, які прывязваецца ці прышрубоўваецца да канца пругла, каб лягчэй было выцягваць вядро з вадой са студні’ (Янк. 2); лісі́ца (або су́чка) ’дошчачка, што круціць валок кола калаўрота’ (КЭС, лаг.). Некаторыя з гэтых значэнняў маюць адпаведнікі ў іншых славянскіх мовах: укр. лисиці ’ціскі, шчамлёткі — для сціскання склееных дошак, для ўмацавання сцяны’, рус. лисица ’перакладзіна, якая злучае восі драбін’, ’бярвенні, якія ўмацоўваюць плыты’, ’сані’, польск. lisica, ст.-чэш. lisicě ’прэс’, славац. lisica ’капкан’, серб.-харв. лѝсица, славен. lisíca ’кайданы’, макед. лисица ’дзірка, у якой замацавана ярмо’, балг. лисица ’два загнутыя дручкі, якія злучаюць заднюю частку калёс з пярэдняй’. З прасл. lisica — ’ліса-самка’, пазней ’ліса наогул’, асобна ў слав. мовах ’розныя прыстасаванні, прадметы для сціскання’ — старая метафара (Слаўскі, 4, 279; Бязлай, 2, 144).

Лісі́ца2 ’жоўтая пляма на адзенні ад спалення’ (Нас.). Да ліса́вы (гл.). Утварылася ў выніку пераносу значэння паводле падабенства колеру.

Лісіца3, лісі́цы, лісі́чкі, лісі́цкі ’грыб лісічка, Cantarellus cibarius Fr.’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Сцяшк., Шат., Яруш., Янк. 2, Дэмб. I, ТС; уздз., Нар. словатв.; лельч., Мат. Гом.), шчуч. лісічык ’тс’ (З нар. сл.), лі́ска, лі́скі ’тс’ (пруж., уздз., Нар. словатв.; гарад. Сл. ПЗБ; светлаг., Мат. Гом.). Укр., рус. лисичка, чэш., славац. liška, славен. lisíčka ’тс’. Прасл. lisičьka метафара, перанос значэння ’ліс, ліса’ паводле колеру.

Лісі́цкі, лісічкі ’чырвоныя парэчкі’ (ТС). Як і папярэдняе (лісіца3), ягады названы так паводле чырвонага колеру.

Лісі́чка2 ’адно з калёсікаў, на якія чапляюцца ніты’ (браг., Нар. сл.). Да лісіца1 (гл.).

Лі́ска1 ’іголкі сасны, кастрыца’ (шчуч., Сцяшк., Сцяшк. Сл.). Відавочна, запісана ‑і‑ замест ‑ê‑, якое з ‑ě‑. Закрытае е, а таксама іэ характэрны гродз. гаворкам. Да ле́ска (гл.).

Лі́ска2 ’плеценая подсцілка з лазы, якая кладзецца на дно саней’ (пін., Масл.). Да ле́ска (гл.).

Ліскату́ха ’званок’ (чач., Мат. Гом.). Да лёскат (гл.).

Ліслі́вы ’ласкавы, пяшчотны’ (ТСБМ; слуц., Шн. 2; слуц., брасл., Сл. ПЗБ), ’падліза, ліслівы, хітры’ (Бяльк., ТСБМ, Касп., Шат.; брасл., воран., бар., Сл. ПЗБ). Рус. пск., цвяр. лисли́вый ’хітры’. Адназоўнікавае ўтварэнне з суфіксам ‑лів‑. Да ліс (гл.). Сюды ж ліслі́віць ’крывадушна хваліць, дагаджаць каму-небудзь з карыслівай мэтай’, ліслі́вец ’той, хто ліслівіць, лашчыцца’ (ТСБМ).

Ліснік ’паслён чорны, Solanum nigrum L.’ (брэсц., маг., Кіс.; шчуч., Сл. ПЗБ), драг. лэ́снык ’піжма, Tanacetum vulgare L.’ (Нар. словатв.) звычайна атаясамліваецца з гліснік (< глістнік < гліста — у народнай медыцыне, напрыклад, піжмай выганяюць глістоў), параўн. віц. глі́снік ’паслён салодка-горкі, Solanum dulcamara L.’ (Кіс.), укр. гли́стник ’цытварны палын, Artemisia Sieberi Bess’, ’паслён салодка-горкі’, глист́як, рус. цвяр. гли́стник, валаг. глистовник ’тс’, наўг. ’піжма’, славен. glístnik ’жыцік ап’яняючы, Lolium temulentum L.’, ’куколь звычайны, Agrostemma githago L.’, ’цвінтарэй, Centaurium Hill.’ Рус. назвы розных раслін і траў: листник, листняг, листняк, відаць, адносяцца да ліст.