Прыснасці́ць (пріснасьці́ць) ’прыладзіць’ (Бяльк.), прыснасці́цца ’прыладзіцца, прымасціцца’ (жлоб., Нар. словатв.). Да снасць (гл.).
Прысо́с ’дзеянне паводле значэння дзеясловаў прысса́ць і прысса́цца’, ’прыстасаванне, пры дапамозе якога можна што-небудзь прыссаць, прысмактаць’ (ТСБМ), ’нізкае, вільготнае месца з глейкаватай глебай’, прысо́сьлівый ’нізкі, вільготны і глеісты (пра глебу)’ (Бяльк.). Да ссаць (гл.).
*Прысо́шак (прысо́шок) ’сошка ў будане’ (ТС), сюды ж прісі́х ’рыбалоўнае прыстасаванне — двурогія драўляныя вілы, да якіх прымацоўваецца падхватнік, або невялікія перасоўныя звычайныя пасткі ў выглядзе падхватніка’ (Крыв.). Параўн. рус. урал. при́со́шек ’падстаўка пад стрэльбу пры стральбе’, присо́шка ’падпорка, стойка’, укр. присі́шок ’слупок з развілінай на канцы, у якую кладзецца гарызантальнае бервяно (падчас пабудовы хлява, пуні)’. Конфікснае ўтварэнне (пры‑ + ‑ак) ад со́шка (гл.) з усячэннем у апошняга слова суфікса ‑к‑.
Прыспалі́ты (прыспалі́тый) ’скупы’ (Бяльк.). Відаць, з працпалі́ты ’хітры’ (мсцісл., Падлужны, вусн. паведамл.), што ад ст.-бел. посполитый (гл. паспаліты) з польск. pospolity ’звычайны’ з заменай прыстаўкі, аднак змену ў семантыцы цяжка вытлумачыць. Далей гл. паспо́л.
Прыспаро́міць ’прызапасіць, назапасіць; рабіць загатоўкі, запасы да пары, да часу’ (Нас., Ласт.). Гл. спаро́міць.
Прыспасо́біць ’працаю нарыхтоўваць запас’; перан. ’зрабіць каму-небудзь што-небудзь дрэннае’ (Нас.), ’набыць; прыдбаць, прыстарацца’ (Бяльк.). Параўн. укр. приспособи́тися ’зрабіцца дагодлівым’, рус. приспосо́бить ’прыстасаваць, зрабіць прыдатным для чаго-небудзь’, польск. przysposobić, чэш. přizpůsobiti, славац. prisposobiť ’прыстасаваць, зрабіць прыдатным да чаго-небудзь’. Гл. спасо́біць. Гл. таксама Яшкін, Бел.-пол. ізал., 156.
Прыспе́ць ’наступіць, надысці, настаць, (пра час, справу, патрэбу); абавязкова спатрэбіцца, вельмі захацецца’; ’прыйсці, з’явіцца ў патрэбны момант, паспець, не спазніцца’; ’застаць, заспець’ (ТСБМ, Гарэц.; астрав., Сл. ПЗБ; ТС), ’паспець, не спазніцца’ (Др.-Падб.), ’паспець (напр., пра яблыкі)’ (гродз., Сл. ПЗБ), прісьпе́ць ’паспець, не спазніцца’ (Бяльк.). Рус. приспе́ть ’паспець, надысці, настаць; пасадзейнічаць’, дыял. ’паспець, рабіцца гатовым; выспяваць’, укр. приспі́ти ’паспець; выспець’; чэш. přispěti, славац. prispieť ’дапамагчы, пасадзейнічаць’, серб.-харв. прѝспети ’паспець, не спазніцца; паспець, зрабіцца гатовым’, славен. prispéti ’паспець, не спазніцца; дапамагчы, зрабіць уклад’. Да спе́ць (гл.).
Прыспі́чыць ’абавязкова спатрэбіцца; вельмі захацецца’ (ТСБМ; мядз., Сл. ПЗБ), ’прыспешыць, давесці да мяжы’ (Др.-Падб.). Рус. приспи́чить ’абавязкова спатрэбіцца, вельмі захацецца’, укр. приспі́чити ’тс’. Паводле Праабражэнскага (2, 126), ад спица, *спичитъ ’калоць’. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 366; ЕСУМ, 4, 577 (украінскае слова лічыцца запазычаннем з рускай). Гл. спіца.
Прыспо́рыць ’прымножыць, павялічыць, стаць больш’, ’зрабіць спорным, спарнейшым; паскорыць’ (ТСБМ, Ласт., ТС), прыспор ’тое, што назапашана’; ’прырост’; ’працэнт’ (Ласт.), прыспара́ць ’падаспець у адзін час’ (навагр., Сл. ПЗБ). Рус. смал. приспо́рить ’дастаць, здабыць’, укр. приспори́ти ’прымножыць’, польск. przysporzyć ’тс’. Да спор (гл.).
Прыстава́ка ’той, хто хутка стамляецца’; ’надакучлівы чалавек’ (Янк. 3.). Да прыста́ць, прыстава́ць ’стаміцца, змагчыся; прычапіцца да каго-небудзь’ < стаць. Аб суфіксацыі гл. Сцяцко, Афікс. наз., 25.