Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Прыра́мак ’каўнер’ (Юрч.), ’пагон (наплечны знак адрознення)’, прыра́мка ’наплечнае ўпрыгожванне ад каўнера да рукава’ (ашм., Стан.), прыра́мкі ’кавалкі палатна, якія падшываюцца пад плечы ў сарочках’ (смарг., Шатал.), ’палоскі, накладкі на плячах мужчынскай кашулі’ (Ян.), прыра́мык ’істужка палатна, нашытая наперадзе у рубашцы, у якой праразаюцца петлі для зашпільвання’ (Бяльк.). Гл. ра́ме, рамяно́) ’плячо’.

Прыра́нак ’накладка на прарэху ў штанах’ (навагр., Сцяшк.), прыра́нкі ’кавалкі палатна, якія падшываюцца пад плечы ў сарочках’ (брагін., Шатал.). Відаць, да прыра́мак з субстытуцыяй н < м у выніку дээтымалагізацыі.

Пры́раўкамі ’прыхваткамі’ (глыб., Сл. ПЗБ). Гл. прыры́ўкамі.

Прыро́бка ’тое, што прыроблена’ (Ласт., Байк. і Некр.), пры́ро́бка, пры́роб, прыро́бак ’прыбудоўка да хаты або хлява’ (Шушк., ТС), пры́робка ’ўзор на канцы ручніка’ (ТС), сюды ж з іншай семантыкай прыро́бак ’дадатковы, пабочны заробак’ (ТСБМ). Ад прырабі́ць (прыробі́ць) ’далучыць, дабудаваць’, а таксама ’начараваць’ (ТС), гл. рабіць.

Прыро́вак ’балоцісты бераг рова’ (паст., Сл. ПЗБ), прыра́вак ’рукаў рова’ (Бяльк.). Конфіксны пры‑ + ‑ак дэрыват ад роў (гл.).

Прыро́д ’патомства’ (ТС), сюды ж таксама пріро́д ’ураджай, ураджайнасць’ (Юрч. СНС). Рус. пск. приро́д ’род; патомства, дзеці, нашчадкі’, урал. приро́д ’прыплод’, параўн. укр. природи́ти ’ўрадзіць’, прирі́док ’прыроджаная ўласцівасць’. Нулявы дэрыват ад *прырадзі́ць < радзі́ць (гл.).

Прыро́да ’рэальнасць, існасць, не створаная чалавекам’, ’прыродныя асаблівасці’, ’натура, характар’; ’мясцовасць па-за горадам’, ’паходжанне; спадчыннасць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Бяльк., ТС, Жд., Нар. лекс., Сл. ПЗБ), ’род, кроўная радня’ (ТС), зборн. прыро́ддзе ’парода, род’ (Жыв. сл.). Укр. приро́да, рус. приро́да, польск. przyroda, в.-луж. přiroda, н.-луж. pśiroda, чэш. přiroda (ужо ст.-чэш.), славац. príroda, серб.-харв. при́рода, славен. priroda, балг. при́рода, макед. природа. Аддзеяслоўны назоўнік ад прырадзі́ць < радзіць (гл.), параўн. прыраджэ́нне ’ўласцівае ад нараджэння; натура’ (Нас.). Паводле Махэка₂ (494) першапачаткова тое, што ўрадзілася ў гэтым годзе, прырост збожжа, жывёлы (гл. прыро́д). Даволі позна фіксуецца ў славянскіх мовах: у чэшскай мове вядома з XIV ст. побач з přirozenie і přirozenost (гл. Андзел, Зб. Крапіве, 37); у польскай з XIX ст. у якасці заменніка przyrodzenie (Банькоўскі, 2, 948); у рускай мове слова ўпершыню адзначаецца ў 1704 г. Гэта дазваляе паставіць пытанне аб калькаванні лац. nature ’прырода’ < лац. nasci (дзеепрым. natus) ’нарадзіцца’, прынамсі, у першым значэнні, першапачаткова кніжнымі ўтварэннямі, параўн. ст.-бел. прироженье, пасля збліжанымі з народнымі тэрмінамі тыпу ст.-бел. природокъ ’прыплод’ і назоўнікамі ўро́да, врода ’ўрадлівасць’. Праславянскі характар слова дапушчальны (параўн. Сной₂, 578: *priroda ’ўсё, што нараджаецца, расце, множыцца’), аднак семантыка застаецца да канца нявысветленай (параўн. Німчук, Давньорус., 14).

Прыродазна́ўства ’вывучэнне прыроды як прадмет заняткаў’ (ТСБМ, Байк. і Некр.). Кюнэ (Poln., 90) лічыць запазычаннем з польск. przyrodoznawstwo ’тс’ у супрацьпастаўленні рус. естествознание ’тс’.

Прыро́дніца ’павітуха’ (Ян.). Ад прыродная бабка, г. зн. ’жанчына, якая прымае роды або прысутнічае пры родах’ у выніку семантычнай кандэнсацыі.

Прыро́дны ’мясцовы’ (Ян.). Да прыро́д, прыро́да (гл.), у значэнні ’патомны’.